Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦI АРЫШТАВАНЫЯ ШАСЬЦЁРА БЫЛЫХ СУПРАЦОЎНIКАЎ МЫТНI


Алег Супрунюк, Берасьце

Арышт былых супрацоўнiкаў Берасьцейскай мытнi санкцыянаваны Дэпартамэнтам фiнансавых расьсьледаваньняў. Менавiта гэтая ўстанова вядзе зараз крымiнальную справу, зьвязаную зь неатрыманьнем мытных пошлiнаў у цягнiках, што накiроўваюцца з Польшчы ў Расею.

Раней з абвiнавачаных была ўзятая падпiска аб нявыезьдзе. Але як паведамiлi берасьцейскiя супрацоўнiкi Дэпартамэнту фiнансавых расьсьледаваньняў, апошнiмi днямi зьявiлiся новыя доказы вiнаватасьцi былых мытнiкаў, а самi яны мелi намер схавацца ад сьледзтва i пазьбегнуць суду.

Варта нагадаць, што крымiнальная справа была распачатая пасьля таго, як летась у кастрычнiку на берасьцейскiм чыгуначным вакзале на 14 гадзiнаў затрымалi цягнiк “Варшава-Масква”. Тады ў вагонах знаходзiўся тавар, за якi не былi сплачаныя мытныя пошлiны на 144,5 тысячы амэрыканскiх даляраў. Зараз мытнiкаў абвiнавачваюць яшчэ ў трох падобных выпадках, у вынiку чаго бюджэт не атрымаў мыты больш чым на 800 тысяч даляраў. Сьледчыя прагназуюць, што новыя доказы паскораць хаду сьледзтва i перадачу справы ў суд.

Цiкава, што сёньня ў берасьцейскiм судзе плянавалася пачаць разгляд пазову былых мытнiкаў, што зараз апынулiся за кратамi. Яны зьбiралiся абскардзiць рашэньне кiраўнiцтва мытнi, што звольнiла iх з працы. Распачынаць гэты працэс у цяперашнiх умовах судзьдзя палiчыла бессэнсоўным.
XS
SM
MD
LG