Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІК АМБАСАДАРА ГАЙКЕНА ПРАДСТАЎЛЯЕ АРМЭНІЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Апошняя пасада Ваграма Абаджана перад ягоным прыездам у Менск — палітычны дарадца бюро АБСЭ ў Ташкенце. Да таго ён два гады працаваў у місіі АБСЭ ў Македоніі й тры гады — у цэнтральным апараце АБСЭ ў Вене, у Цэнтры прадухіленьньня канфліктаў. Праца ў Менску адрозьніваецца ад працы ў Ташкенце, — кажа спадар Абаджан, — іншая краіна, іншы мандат офісу, але ёсьць і агульныя прынцыпы дзейнасьці АБСЭ і яе палявых місіяў:

(Абаджан: ) “Усюды складана, але ёсьць вялікая мера адказнасьці працы ў Беларусі, вы ведаеце перадгісторыю адносінаў Беларусі й АБСЭ. Цяпер як бы пачынаецца новы этап у нашых адносінах, і ў гэтым пляне канечне складаней. Але і тым лепш, што гэта цікавей. Ёсьць поле для дзейнасьці, каб рэалізаваць тое, чаго можа дамагчыся АБСЭ і беларускі бок”.

У службовыя абавязкі спадара Абаджана ўваходзіць каардынацыя дзейнасьці офісу АБСЭ ў розных кірунках: дэмакратызацыі, эканамічным і экалягічных пытаньнях, аналіз сытуацыі ў краіне і дзейнасьці самога офісу паводле яго мандату. Да аднаго з асноўных кірункаў дзейнасьці спадар Абаджан аднёс пытаньне правоў чалавека ў Беларусі. Адмысловыя праекты новага офісу АБСЭ, якія будуць рэалізоўвацца, пакуль што застаюцца ў стадыі падрыхтоўкі, — кажа Ваграм Абаджан.

Спадар Абаджан ужо правёў першыя сустрэчы ў МЗС Беларусі, Цэнтарвыбаркаме, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці:

(Абаджан: ) “Мае першыя ўражаньні ад сустрэчаў зь беларускімі афіцыйнымі кіраўнікамі й адказнымі работнікамі склаліся вельмі станоўчыя. Я бачу адкрытасьць і гатовасьць супрацоўнічаць. Гэта ўзаемная гатовасьць”.

Спадар Абаджан ведае пра тое, што ў Беларусі цяпер заканчваецца выбарчая кампанія, але ён, як і амбасадар Гайкен, не пасьпявае зрабіць маніторынг гэтай кампаніі. Паводле ягоных словаў, у Менск прыбылі два прадстаўнікі Бюро дэмакратызацыі й правоў чалавека АБСЭ, каб падрыхтаваць справаздачу выбарчай кампаніі.

Тры супрацоўнікі самой місіі АБСЭ, кажа спадар Абаджан, таксама хутка прыедуць.
XS
SM
MD
LG