Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МОГІЛКАХ УСЁ БОЛЬШ ПАХАВАНЬНЯЎ НЕВЯДОМЫХ


Любоў Лунёва, Менск

Вера Мархаток тры гады таму зьвярнулася ў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску з заявай пра зьнікненьне сваёй 18-гадовай дачкі Юліі. У райаддзеле доўга спрачаліся перад тым, як прыняць заяву. Міліцыянт Кузьменка ўгаворваў яе пачакаць, пакуль дзяўчына сама вернецца дахаты. Маці настойвала на сваім. Празь нейкі час яе выклікалі ў морг, на апазнаньне трупа дзяўчыны, якую зьбіла машына на праспэкце Скарыны. У моргу Вера з палёгкай адказала, што гэта не яе дачка.

Празь нейкі час лейтэнант Кузьменка выклікаў Веру Мархаток, каб тая забрала сваю заяву. Пачуўшы адмову, ён, паводле спадарыні Мархаток, стаў абражаць яе і паведаміў, што яна сама вінаватая, бо хутчэй за ўсё дрэнна выхоўвала дачку.

Міліцыянты знайшлі выйсьце з гэтай сытуацыі. Яны выклікалі сястру зьніклай Юліі й прымусілі яе забраць заяву. Пасьля гэтага справу спынілі. Маці самастойна тры гады працягвала пошукі дачкі. Днямі ў ЖЭСе ёй прапанавалі прынесьці даведку зь міліцыі аб тым, што Юлія зьнікла бязь вестак, каб менш грошай плаціць за кватэру. І толькі калі яна зьвярнулася па гэтую даведку, у міліцыі ёй паведамілі, што знайшлі Юлію мёртвай. У той дзень Юлія не вярнулася дахаты, бо трапіла пад цягнік. Вера Мархаток кажа, што тады, тры гады таму, калі яна была на апазнаньні цела незнаёмай дзяўчыны, побач за сьцяной ляжала цела яе Юлі.

(Мархаток: ) “Калі мне паказалі труп дзяўчынкі, чаму мне не паказалі другую дзяўчынку? Я ўпэўненая, што гэта была мая Юля. Я чакала яе і працягвала шукаць усе тры гады і восем месяцаў. Спадзявалася, што яна за мяжой... Я ўпэўненая, што тую дзяўчынку, якую мне паказвалі, таксама шукаюць бацькі. Чаму так!? Калі я прыехала на могілкі, мяне ўразіла, колькі там неапазнаных людзей пахавана. Толькі напісана: “Невядомы”, “Невядомая”... Амаль па ўсіх могілках невядомыя людзі. Чаму так атрымліваецца!?”

У міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску нам паведамілі, што супрацоўнік, які раней займаўся справай Юліі Мархаток, звольніўся. А той, хто цяпер займае гэтую пасаду, знаходзіцца на выбарчым участку, бо не хапае міліцыянтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG