Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА, ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ, ПРАІГНАРУЕ ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ


Юры Сьвірко, Менск

У нумары газэты “Комсомольская правда в Белоруссии” за сераду распавядаецца, як яе журналісты спрабавалі ўдакладніць падрабязнасьці супольнага адпачынку Аляксандра Лукашэнкі й Уладзімера Пуціна. Бо Лукашэнкава прэсавая служба паведаміла, што прапанова адпачыць у Сочы прыйшла ад прэзыдэнта Расеі. “Камсамолка” цытуе словы дзяжурнага крамлёўскай прэсавай службы: “А Пуцін у Маскве, у яго сёньня заплянавана шмат мерапрыемстваў, дый ня ведаем мы нічога пра тое, што Ўладзімер Уладзімеравіч зьбіраецца ў Сочы”.

Сёньня мы паспрабавалі ўдакладніць у прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі, хто ж аплачвае ягонае знаходжаньне ў шыкоўным гатэлі ў Сочы, дзе прэзыдэнцкая віла каштуе 890 даляраў за суткі. Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч таксама ўзяла адпачынак, а кіраўнік прэзыдэнцкай прэсвай службы Дзьмітры Жук на пытаньне пра тое, хто фінансуе знаходжаньне Аляксандра Лукашэнкі на дарагім курорце, даў такі адказ:

(Жук: ) “Не магу вам адказаць на гэтае пытаньне. Я ня ведаю й не ўпаўнаважаны гэта рабіць”.

Спадар Жук распавёў пра Лукашэнкаў адпачынак толькі наступнае:

(Жук: ) “Тая інфармацыя, якую мы агучылі афіцыйна праз “Панараму” — блізка да 10 дзён будзе працягвацца яго адпачынак”.

З гэтага вынікае, што Аляксандар Лукашэнка ня будзе галасаваць на выбарах у Менскі гарадзкі савет. Датэрмінова прагаласаваць ён ня мог, бо адляцеў у Сочы ў панядзелак, а датэрміновае галасаваньне пачалося ў аўторак. Участкаў для галасаваньня за межамі Беларусі падчас мясцовых выбараў не ствараецца. Гэта пацьвердзіў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік. На пытаньне пра тое, як будзе галасаваць на мясцовых выбарах Аляксандар Лукашэнка, спадар Лазавік адказаў:

(Лазавік: ) “Ня ведаю, як ён будзе ў гэтай сытуацыі дзейнічаць. Але за межамі, яшчэ раз паўтараю, у нас выбарчых участкаў няма”.

(Карэспандэнт: ) “А як Вы думаеце — тое, што кіраўнік дзяржавы ігнаруе мясцовыя…”

(Лазавік: ) “Адкуль вы ведаеце, што ён ігнаруе? Можа быць, ён другога чысла самалётам прыляціць і прагаласуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG