Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНПРАКУРАТУРА ПРЫПЫНІЛА РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СПРАВЫ АБ ВЫКРАДАНЬНІ АПЭРАТАРА ОРТ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Рашэньне аб прыныненьні справы Зьмітра Завадзкага прыняў кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль, які ад пачатку расьсьледаваў зьнікненьне апэратара ОРТ у ліпені 2000 году. У паведамленьні за подпісам Івана Бранчаля, якое нядаўна атрымала жонка Завадзкага Сьвятлана, названая наступная прычына: “у сувязі з тым, што бязь вестак зьніклая асоба ня знойдзеная”.

Сьвятлана Завадзкая лічыць, што яе падманваюць. Яна згадвае, што летась пасьля суду над групоўкай Ігнатовіча эпізод пра яе мужа быў вылучаны ў асобную справу, якую часова прыпынілі. Пасьля скаргаў пры канцы мінулага году гэтая справа была адноўленая, але не прайшло і двух месяцаў, як яе зноў спынілі. Чаму? У Сьвятланы Завадзкай на гэты конт свая вэрсія:

(Завадзкая: ) “Пацярпелы бок мае права заяўляць хадайніцтвы, патрабаваць дапытаць тых ці іншых асобаў. Мы заявілі некалькі такіх хадайніцтваў, як толькі справу аднавілі, але нам адмовілі. Адвакат лічыць, што адмовілі цалкам нематывавана, незаконна. Але мы працягвалі патрабаваць. А калі мы і далей будзем працягваць патрабаваць, то назьбіраецца шмат парушэньняў. Ім зручней справу ўвогуле прыпыніць”.

Сьледчы Іван Бранчаль праінфармаваў Сьвятлану Завадзкую пра мажлівасьць абскардзіць ягонае рашэньне, зьвярнуўшыся да генэральнага пракурора Беларусі. Аднак жонка зьніклага журналіста нагадвае, што пракуратурай кіруе Віктар Шэйман, якога яна прапануе разглядаць сярод падазраваных асобаў у гэтай справе. Гэтае замкнёнае кола для Сьвятланы Завадзкай ёсьць дадатковым доказам датычнасьці ўладаў да зьнікненьняў.

На пачатку году таксама былі прыпыненыя крымінальныя справы паводле зьнікненьняў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі. Гарадзкая пракуратура спасылалася на тыя самыя прычыны. Што зьніклыя ня знойдзеныя, а рэсурс сьледчых дзеяньняў вычарпаны. Жонкі Ганчара і Красоўскага паскардзіліся на гэтае рашэньне ў рэспубліканскую пракуратуру, але нават адказу дагэтуль не атрымалі.

Маўчыць пракуратура і адносна патрабаваньня Зінаіды Ганчар і Ірыны Красоўскай перадаць справы на расьсьледаваньне супрацоўнікам КГБ. Зараз Сьвятлана Завадзкая разам з адвакатам Сяргеем Цурком рыхтуюць скаргу на рашэньне сьледчага Івана Бранчаля і таксама разглядаюць магчымасьць патрабаваньня аб перадачы справы ў КГБ краіны.

Нагадаем, што летась Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага былога спэцназаўца Валера Ігнатовіча і трох ягоных саўдзельнікаў. Ігнатовіч атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне, але гэтак і не паведаміў суду, дзе знаходзіцца Зьміцер Завадзкі. Многія ў Беларусі лічаць, што суд захаваў яму жыцьцё за маўчаньне пра нейкіх вельмі ўплывовых асобаў, якія датычныя да зьнікненьня журналіста.
XS
SM
MD
LG