Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ ЗБОРНІКА ВЕРШАЎ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА НА ЎКРАІНСКАЙ МОВЕ


Юры Сьвірко, Менск

У рамках 10-й Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў кнігарні “Сьветач” на праспэкце Машэрава ўрачыста адкрылі аддзел украінскае кнігі — ужо другі ў Менску. Першы быў створаны год таму ў кнігарні “Акадэмкніга”. На цырымоніі прысутнічалі амбасадар Украіны Анатоль Дронь і міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны.

Плянуецца, што ўкраінскія аддзелы будуць адкрытыя ў кнігарнях Гомеля, Берасьця й Магілёва, а беларускія кнігі будуць прадстаўленыя ў Кіеве, Львове, Чарнігаве, Тэрнопалі. Таксама ў кнігарні “Сьветач” быў прадстаўлены зборнік вершаў Максіма Багдановіча на ўкраінскай мове, надрукаваны выдавецтвам “Світ”. Укладальнік гэтай кнігі Раман Лубкіўскі ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў:

(Лубкіўскі: ) “Багдановіч ва Ўкраіне вядомы даўно. Яго перакладалі ўкраінскія пісьменьнікі пачатку 20 стагодзьдзя. Быў выдадзены ў 1920-я гады томік. Потым быў так званы дысыдэнцкі Багдановіч, калі мы, студэнты Львоўскага ўнівэрсытэту, падрыхтавалі невялічкі томік, які выйшаў на пачатку 1970-х гадоў. І нарэшце — гэтае выданьне, якое ўлічыла ўсё, гісторыю нашых узаемных стасункаў зь беларусамі. Яна паказвае патрэбу Багдановіча для сучаснага жыцьця Беларусі. Калі ў сваёй публіцыстыцы Багдановіч ставіць пытаньне пра аўтэнтычнасьць беларускага характару, пра тоеснасьць беларускага духу й гаворыць пра тыя прычыны асыміляцыі, прыгнёту з боку цара, — ён адказвае гэтым на пэўныя пытаньні нашага часу”.

Выступаючы на цырымоніі, паэт Дмытро Паўлычка сказаў, што савецкая ўлада забараняла шмат кнігаў, якія цяпер рэпрэзэнтаваныя ў Менску і якія дапамогуць беларусам пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Украіны, летапісам барацьбы за сваю дзяржаву. Спадар Паўлычка зазначыў:

(Паўлычка: ) “Мы маем сёньня дзяржаву. Але мы без суседзяў — бяз вас — нічога ня значым. Мы будзем будаваць Эўропу разам з вамі, і мы б хацелі, каб вы былі з намі разам, а ня з кім іншым. І мы схіляемся перад вашымі пісьменьнікамі — я згадваю тут Васіля Быкава, якога мы чыталі й выхоўваліся на ім”.

Яшчэ летась афіцыйны Менск паабяцаў ушанаваць памяць Максіма Багдановіча ў тым горадзе, дзе ён памер, — у Ялце. Але помніка Багдановічу там дагэтуль няма. Падчас прэзэнтацыі зборніка паэта я задаў пытаньне намесьніку міністра культуры Беларусі Валеру Гедройцу: калі ж зьявіцца ў Крыме гэты манумэнт?

(Гедройц: ) “Помнік ствараецца, працуюць над ім і ўжо завяршаюць гэтую працу народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі й Сяргей Гумілеўскі. Я думаю, што ў гэтым годзе помнік будзе стаяць. Бліжэй да лета, напэўна”.

(Карэспандэнт: ) “Затрымка ўсё ж такі зь беларускага боку ці з украінскага?”

(Гедройц: ) “Праект гэта беларускі. Украінскі бок абяцаў дапамагаць і дапаможа, каб гэты помнік стаяў. Зараз проста тэхнічныя справы йдуць такія — сама падрыхтоўка (нейкі тэрмін павінен быць), тэхналёгія… Трошкі зацягнулі можа мы, але справа такая, што помнік — гэта не газэта, якая прачытаная сёньня й заўтра яе ня трэба. А гэта твор мастацтва, гэта твор, які прысьвячаецца нашаму генію літаратуры. Таму хай трошкі пазьней, але гэта будзе цудоўны твор”.

Спадар Гедройц дадаў, што помнік Максіму Багдановічу — пакуль адзіны праект ва Ўкраіне. Хаця Дмытро Паўлычка на цырымоніі заклікаў стварыць таксама манумэнт Янку Купалу ў Кіеве. Нагадаю, што ў Беларусі ўжо ёсьць помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску й бюст Кабзара ў Берасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG