Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ІРАКУ Ў МЕНСКУ ЦЬВЕРДЗІЦЬ, ШТО КОЛЬКАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІЯ ХОЧУЦЬ ТРАПІЦЬ У БАГДАД, ІМКЛІВА РАСЬЦЕ


Ігар Карней, Менск

Прозьвішчы добраахвотнікаў у ірацкай амбасадзе пакуль не называюць, аргумэнтуючы гэта меркаваньнямі бясьпекі беларускіх грамадзянаў. Не афішуюць ірацкія дыпляматы і колькасьць беларускіх журналістаў, якія на ўласныя вочы зьбіраюцца пабачыць перадваенны Багдад. Але дадаюць, што колькасьць пасажыраў дастатковая, каб запоўніць першы самалёт.

(Супрацоўнік амбасады: ) “Будуць невялікія самалёты, каб транспартаваць найперш тых, хто шануе мір і змагаецца за яго. Рэйс, мяркую, усё ж адбудзецца 7 сакавіка. Наконт тэхнічных дэталаляў і пытаньняў фінансаваньня дакладна не скажу, паколькі ўсё ў стадыі ўдакладненьня. Але галоўнае, што ўжо ёсьць дазвол на паветраны пералёт ад ААН”.

Зыходзячы з тых жа меркаваньняў бясьпекі, толькі ў апошні момант будзе абвешчана: калі й адкуль адляціць самалёт на Багдад. У кампаніі “Белавія” не выключаюць верагоднасьць таго, што самалёт будзе арандаваны менавіта ў іх, але пакуль да іх ніхто не зьвяртаўся.

Гэтымі днямі вырашаецца, хто з высокіх дзяржаўных чыноўнікаў можа паляцець у Ірак першым рэйсам, каб прадэманстраваць падтрымку рэжыму Хусэйна з боку беларускіх уладаў. У групе супрацоўніцтва з парлямэнтам Іраку не хаваюць, што выправіцца ў Багдад можа кіраўнік сумеснай камісіі Аляксей Ваганаў, бо ён часта там гасьцюе. Гаворыць сакратар-рэфэрэнт Ала Ахрамовіч:

(Ахрамовіч: ) “Літаральна днямі з амбасады Іраку цікавіліся, хацелі сустрэцца з Паповым і Вайтовічам. Якая дасягнутая дамоўленасьць, на якую дату, хто з дэпутатаў зьбіраецца — не адкажу. Звычайна група фармуецца на ўзроўні палаты. У нас старшыня камісіі Аляксей Ваганаў; ён бывае ў ірацкай амбасадзе, езьдзіць у Ірак індывідуальна. Мы зь ім у плянах на гэты год прадугледжвалі паездку дэпутатаў у Ірак. Пакуль яна не адбылася. Але гэта вырашае савет палаты — а ня тое, што хто захацеў, той і паехаў”.

Зрэшты, прылюдна ніхто зь беларускіх палітыкаў пакуль ня выказаў намеру выступіць у якасьці “жывога шчыта”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч, які неаднойчы наведваў Багдад, гаворыць, што ягоная партыя перагледзела сваю пазыцыю.

(Гайдукевіч: ) “Пытаньне такое наогул не ўздымалася. У нас перадусім выбары, таму зусім іншыя задачы і праблемы. Наша пазыцыя вядомая і зразумелая. Мы выказваем меркаваньне ўсёй Эўропы: мірнае ўрэгуляваньне, а надалей працэс будзе вырашацца, з гледзішча канкрэтнай сытуацыі. У нас свая краіна, і мяне найперш клапоціць бясьпека нашых грамадзянаў, якія павінны пакінуць тэрыторыю Іраку — усе, без выключэньня. Трэба думаць пра бясьпеку нашай дзяржавы, пра сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. А праблемы Іраку — гэта праблемы іхныя”.

Тым часам, працягваюцца сустрэчы высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў з амбасадарам Іраку Салманам Зэйданам. 26 лютага зь ім сустрэўся старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG