Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙСКІЯ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗЛАМАЛІ ДЗЬВЕРЫ Ў МУЗЭІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рабочыя мясцовага ЖЭСу пры дапамозе міліцыянтаў разрэзалі аўтагенам жалезныя дзьверы офісу Арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Сябрам рады, якія спрабавалі пратэставаць, чыноўнікі адказалі, што нібыта ёсьць нейкае вуснае рашэньне вызваліць памяшканьне, а ўсе падрабязнасьці — у пракуратуры.

Мэта гэтай акцыі стала зразумелай, калі ў офіс увайшла кіраўніца нядаўна створанай паралельнай арганізацыі ахвяраў рэпрэсіяў Ніна Алісеенка і пачала прымаць справы.

Бабруйскія чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ніякага адмысловага рашэньня ў справе гвалтоўнага адкрыцьця офісу не прымалі — проста дапамаглі заняць месца новай старшыні арганізацыі ахвяраў палітрэпрэсіяў. Гаворыць cупрацоўніца аддзелу інфармацыі Бабруйскага гарвыканкаму Ірына Кот:

(Кот: ) “У нас ёсьць ліст, дзе паведамляецца, што Бакач Ганна Мартынаўна, ўжо не зьяўляецца старшынёй гэтай арганізацыі. Даўно прызначаны іншы чалавек, а ключы ад памяшканьня і пячатку яна не перадае. Таму й адбылася такая акцыя. Гарвыканкам гэтым не займаецца, проста мы ў курсе ўсяго гэтага. Ведаю, што гэтае пытаньне вырашалася ў пракуратуры”.

А намесьнік пракурора Ленінскага раёну Бабруйску Марат Вераб’ёў увогуле заявіў, што нічога ня будзе тлумачыць журналістам.

Старшыня арганізацыі ахвяраў палітрэпрэсіяў Ганна Бакач сьцьвярджае, што новая кіраўніца Ніна Алісеенка ня мае да іхнай арганізацыі ніякага дачыненьня. Проста яна ляяльная да ўладаў, таму гарвыканкам і спрабуе пасадзіць яе ў крэсла старшыні. На думку Ганны Бакач, галоўная мэта ўладаў — ліквідаваць адзіны ў Беларусі музэй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які месьціцца ў памяшканьні іхнай арганізацыі:

(Бакач: ) “Улады хочуць зьліквідаваць гэты музэй. На маю думку, гэта адзіная прычына. Гэты музэ й адзіны ў Беларусі, і ўлады лічаць, што ён не патрэбны. Што тэма рэпрэсіяў ужо даўно адышла ў нябыт”.

А Ніна Алісеенка ў сваю чаргу сьцьвярджае, што была абраная на старшыню бабруйскага аддзяленьня арганізацыі ахвяраў палітрэпрэсіяў законна, а яе суперніца Бакач была выключаная са складу арганізацыі яшчэ ў 2001 годзе.

Гаворыць Ніна Алісеенка:

(Алісеенка: ) “Дзьверы адчынілі з дазволу пракурора. Пракурор даў санкцыю. Сход Бакач быў нелегітымны, яна ня мела права праводзіць гэты сход. Яе выключылі ў 2001 годзе. З пасады старшыні арганізацыі й бабруйскага аддзяленьня”.

Спадарыня Алісеенка таксама сьцьвярджае, што не зьбіраецца ліквідоўваць музэй ахвяраў палітрэпрэсіяў.

Спадарыня Бакач жа гаворыць, што абраньне Ніны Алісеенкі было незаконным. Сытуацыя даволі заблытаная. Мінюст пакуль не пацьвердзіў паўнамоцтваў ні Бакач, ні Алісеенкі. Тым часам Ганна Бакач і яе калегі зьбіраюцца накіраваць пратэсты ўладам і ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама падаць заяву ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG