Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БРУСЭЛІ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ПЫТАНЬНІ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЭЎРАЗЬВЯЗУ З НОВЫМІ СУСЕДЗЯМІ


Ул. інф.

Мяркуецца, што новая канцэпцыя будзе прапанаваная на разгляд эўрапейскім палітыкам у сярэдзіне сакавіка. Аднак дыскусія адносна характару будучых дачыненьняў Эўропы з новымі суседзямі распачалася ўжо зараз. У абмеркаваньнях бяруць удзел як эўрапейскія парлямэнтары, так і амбасадары краінаў-суседзяў — Беларусі, Украіны, Малдовы. Элізабэт Шродтэр, якая зьяўляецца аўтарам рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі, перакананая, што ў выніку да кожнай з краінаў-суседак будзе ўжыты адмысловы падыход.

(Шродтэр: ) “У часе дыскусіяў, калі кожны з бакоў выказвае свае ўяўленьні адносна характару стасункаў, мы чуем ня толькі пытаньні, але й адказы. Парлямэнтары Эўропы выслухоўваюць меркаваньні прадстаўнікоў краінаў суседзяў, краіны суседзі — нашыя. Канечне, нам надзвычай важна зразумець, што кожны з бакоў чакае ад новага суседзтва.

Што тычыць тых прапановаў Эўрапарлямэнту адносна супрацоўніцтва зь Беларусьсю, якія мы прапанавалі на разгляд эўрапейскаму ўраду, то ў гэтым пакеце ёсьць нямала рэзкай крытыкі на адрас сытуацыі ў краіне, рэпрэсіўнага рэжыму ўладаў, аднак зь іншага боку, там утрымліваюцца прапановы адносна таго, як падтрымаць дэмакратычныя інстытуты ў краіне. Мы лічым, што эўраструктуры, не чакаючы нейкай згоды ад афіцыйнага Менску, мусяць самі абіраць спосабы аказаньня канструктыўнай і эфэктыўнай дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў гэтай краіне.

Мы ня думаем, што ў гэтых пытаньнях у нас будуць нейкія разыходжаньні з Эўракамісіяй. Эўракамісія падпарадкоўваецца нашым патрабаваньням, паколькі зьяўляецца выканаўчай уладай, нашым урадам”.

Як паведамілі Свабодзе непасрэдна ў Эўракамісіі, дачыненьні Брусэлю зь Беларусьсю будуць мець крыху іншы характар, чым з Украінай, дзе агульны стан дэмакратыі лічыцца больш спрыяльным. Паводле супрацоўніка прэсавай службы прадстаўніцтва Грэцыі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, яе кіраўніцтва выступае за распрацоўку доўгатэрміновых стасункаў зь Менскам, Кіевам, Кішынэвам. У любым выпадку Атэны хочуць дапамагчы гэтым краінам правесьці адпаведныя палітычныя й эканамічныя рэформы.
XS
SM
MD
LG