Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ НЕ ПРАДЭМАНСТРАВАЎ ВЯЛІКАЕ АКТЫЎНАСЬЦІ ВЫБАРЦАЎ


Севярын Квяткоўскі, Жодзіна

На жодзінскім выбарчым участку №18 за першы дзень галасаваньня свой выбар зрабілі ўсяго тры чалавекі. Участак месьціцца ў адным з кабінэтаў раённае паліклінікі. У кабінэце – дзьве жанчыны ў белых халатах, міліцыянт і незалежны назіральнік-пэнсіянэр спадар Іван. Спадар Іван ацаніў сытуацыю станоўча:

(Спадар Іван: ) "Нармальна, таму што мала людзей – тры чалавекі ўсяго прыйшлі".

Спадар Іван удзельнічае ў назіраньні ад імя аднаго з кандыдатаў – Аляксея Лапіцкага, які ад партыі БНФ канкуруе з дырэктарам мясцовага ЖКГ. Аляксей Лапіцкі цьвердзіць, што на іншых участках Жодзіна карціна была не ідылічная:

(Лапіцкі: ) "Назіраўся некаторы ціск. Напрыклад, міліцыянты, якія павінны назіраць за правапарадкам, яны актыўна кантактавалі з даверанымі асобамі. Пачыналі высьвятляць адносіны: хто мае рацыю, хто ня мае".

Таксама Алесь Лапіцкі незадаволены дзеяньнямі жодзінскага выбаркаму:

(Лапіцкі: ) "Ёсьць парушэньні. Гарадзкой камісіяй жодзінскай запрашэньні аформленыя не належным чынам. пазначаныя ўчасткі, але нумары акругаў не пазначаныя. Людзі на сёньняшні дзень заблытаныя, яны ня ведаюць якія ў іх кандыдаты. Яны зьвяртаюцца да газэтаў, а ў газэтах надрукаваныя менавіта акругі".

Жодзінскі выбарчы ўчастак нумар 18 знаходзіцца побач з гастраномам, дзе ўвесь час таўчая. Але я так і не знайшоў чалавека, які б хацеў прагаласаваць датэрмінова:

(Пэнсіянэрка: ) "Што, пачаліся ўжо выбары? Іншы раз ходзім датэрмінова, а іншы раз – так."

(Спадар: ) "Не, яшчэ не хадзіў, практычна цэлы дзень заняты. Трэба ж адпачыць, паабедаць і г.д."

(Спадарыня: ) "А навошта, Госпадзі! Раней часу? Не! Другога йсьці не ахвота, ня тое, што раней часу".

Каб перашкодзіць магчымым фальсіфікацыям ў часе датэрміновага галасаваньня, кандыдат Алесь Лапіцкі раіць сачыць за парадкам сіламі ініцыятыўных групаў кандыдатаў.
XS
SM
MD
LG