Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НЕ ЭВАКУЮЕ БЕЛАРУСАЎ З ІРАКУ, СПАДЗЕЮЧЫСЯ НА ПАЛІТЫЧНАЕ ЎРЭГУЛЯВАНЬНЕ КАНФЛІКТУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Эвакуацыя беларускіх грамадзянаў з Іраку яшчэ не пачалася, але і без загаду зь Міністэрства замежных справаў прадстаўніцтвы беларускіх прадпрыемстваў паступова зьмяншаюць сваю прысутнасьць у Іраку. Пра гэта мне паведаміў выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара МЗС Андрэй Савіных. Паводле яго, з 20 беларускіх грамадзянаў, якія яшчэ два тыдні таму знаходзіліся ў Іраку як дыпляматы і паводле кантрактаў зь беларускімі фірмамі, на сёньня засталіся 9 чалавек. Гэта два супрацоўнікі амбасады і сем тэхнічных адмыслоўцаў. Што да прычынаў, чаму МЗС не дае каманду на эвакуацыю, Андрэй Савіных патлумачыў наступнае:

(Савіных: ) “Там дагэтуль знаходзяцца інспэктары ААН, дыпляматы і цывільнае насельніцтва замежных краінаў. Таму мы ня думаем, што ў такіх умовах магчыма пачаць раптоўныя баявыя дзеяньні, і разьлічваем на пэўны час дзеля эвакуацыі. Калі будзе ў ёй патрэба. Але мы настойваем на палітычна-дыпляматычным урэгуляваньні канфлікту, магчымасьці для яго ня вычарпаныя, і таму пакуль пра эвакуацыю казаць зарана”.

Яшчэ да 40 беларусаў могуць працаваць на розных аб’ектах паводле кантрактаў з расейскімі фірмамі. Ці не апынуцца гэтыя людзі зусім без дапамогі й ці варта ім разьлічваць на тое, што пра іх паклапоцяцца іракцы?

Аляксандар Лагун на пачатку 1980-х гадоў працаваў у Іраку перакладчыкам на будаўніцтве заводу баепрыпасаў у горадзе Іскандэрыя. Якраз пачалася вайна Іраку з Іранам, і з гарадку савецкіх адмыслоўцаў паводле загаду з Масквы былі эвакуаваныя ўсе жанчыны і дзеці. Мужчыны засталіся працаваць і самі вымушаныя былі клапаціцца пра сваю бясьпеку. Бомбасховішчаў на працоўных месцах не было, як не было іх і на тэрыторыі гарадку. У якасьці бомбасховішча ўмоўна вызначылі невялічкі гатэльчык, але цяпер Аляксандар мяркуе, што гэта было зроблена не зь вялікага розуму.

(Лагун: ) “Калі была трывога, дык усе вымушаныя былі туды бегчы і хавацца ў склепе. Ён ніяк ня быў умацаваны і абсталяваны — ні вады, ні вэнтыляцыі. Мы там сядзелі па 45 хвілінаў і потым казалі, што калі б туды трапіла бомба, то ніхто б не ўратаваўся, гэта была б брацкая магіла”.

Аляксандар ня ведае, ці працуюць цяпер адмыслоўцы з былога Савецкага Саюзу на тым заводзе пад Іскандэрыяй. Паводле яго, гэты вельмі важны для бясьпекі Іраку аб’ект іракцы пасьля першай вайны з Амэрыкай мусілі абавязкова аднавіць, таму магчыма каго з адмыслоўцаў і выкарыстоўвалі, а значыць, яны там могуць заставацца.

Але больш верагодна, што беларусы працуюць на будаўніцтве электрастанцыі ў Альнасырыі, якая ўзводзіцца з дапамогай расейскіх фірмаў. Паводле беларускага МЗС, некалькі дзясяткаў беларусаў заключылі кантракты з гэтымі фірмамі.

Што да сямі адмыслоўцаў непасрэдна зь Беларусі й двух дыпляматаў, то яны знаходзяцца ў Багдадзе. Беларуская журналістка Сьвятлана Калінкіна летась пабывала ў Багдадзе, дзе сустракалася з дыпляматамі ды супрацоўнікамі прадстаўніцтва МАЗу. Сьвятлана Калінкіна згадвае, што беларусы жывуць у хрысьціянскім раёне Багдаду, які лічыцца дастаткова бясьпечным. А вось што да майстэрняў, дзе працуюць прадстаўнікі фірмы “Белмэталэнэрга”, гэта на ўскрайку Багдаду, дык на яе думку там становішча іншае. Увогуле, Сьвятлана Калінкіна ня лічыць, што іракцы будуць асабліва клапаціцца пра бясьпеку замежных грамадзянаў.

(Калінкіна: ) “Ідэалягічная прапаганда там такая, што яны й самі гатовыя загінуць, і тых, хто там ёсьць, пахаваць. Досьвед пра бамбаваньні дэманструе, што ўсе комплексы мэмарыяльныя пабудаваныя там, дзе загінулі як іракцы, гэтак і замежнікі. Туды возяць нешматлікіх турыстаў, яны самі туды прыяжджаюць. Гэта такія міні-хатыні”.

Сьвятлана Калінкіна ня ведае дакладныя лічбы замежнікаў, якія загінулі ў Іраку падчас вайны ў Пэрсідзкай затоцы ў 1991 годзе, гэтая лічба ў Іраку не афішуецца. Але, паводле яе, гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў чалавек.
XS
SM
MD
LG