Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СУВЯЗІ З ПАГРОЗАЙ БІЯТЭРАРЫЗМУ ПРАЦЭДУРА ПАСТАВАК ХАРЧОЎ У ЗША СТАНЕ БОЛЬШ СКЛАДАНАЙ


Ганна Соусь, Менск

Міністэрства харчаваньня й лекавых прэпаратаў ЗША мае намер прыняць дзьве пастановы аб новых мерах абароны ад паставак у Амэрыку харчаваньня, наўмысна ці выпадкова заражанага, у тым ліку й радыеактыўнымі рэчывамі. Падставай стаў Акт аб абароне грамадзкага здароўя і прадухіленьні біятэрарызму, які падпісаў летась 12 чэрвеня прэзыдэнт Джордж Буш.

Згодна з праектам пастановаў, з 12 сьнежня 2003 году адпаведную рэгістрацыю павінны прайсьці ўсе амэрыканскія й замежныя прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасьцю, апрацоўкай, упакоўкай ці захоўваньнем харчаваньня. Да таго ж прадпрыемствы павінныя будуць дасылаць папярэднія заяўкі на пастаўку харчаваньня.

Як закране ўскладненьне працэдуры паставак у ЗША беларускія прадпрыемствы, якія гандлююць з Амэрыкай?

У Беларусі такіх кампаніяў вельмі мала. Гаворыць супрацоўніца ўпраўленьня зьнешняга гандлю Міністэрства статыстыкі:

(Супрацоўніца: ) “Ну, што мы можам пастаўляць у Амэрыку? Баюся, што ад нашага мяса яны будуць шарахацца. Вось я гляджу статыстычныя зьвесткі. Першая група — “жывая жывёла”, там паставак усяго на паўтары тысячы даляраў. Адну ці дзьве курыцы паставілі… Мяса, рыбу, малочную прадукцыю мы не пастаўляем. На 571 тысячу даляраў гатовай прадукцыі харчовай прамысловасьці. Зь іх мясных вырабаў — на 16 тысяч. Гэта вельмі мала. Кансэрваванай рыбы на 44 тысячы. Шакаляду й шакалядных вырабаў амаль на 400 тысяч. Крыху печыва, на 35 тысяч. На 65 тысяч даляраў алькагольныя напоі. Усё, больш нічога”.

Такім чынам, лідэрамі ў пастаўках харчаваньня зь Беларусі ў ЗША зьяўляюцца кандытарскія фабрыкі — “Камунарка” і “Спартак”. Прыкладам, летась “Камунарка” паставіла ў ЗША каля 70 тонаў сваёй прадукцыі. Як запэўніла Радыё Свабода дырэктарка па продажах “Камунаркі” Ніна Забаронак, наўрад ці ў іх узьнікнуць праблемы з прычыны больш складанай працэдуры паставак харчаваньня ў Амэрыку.

(Забаронак: ) “Я думаю, што гэта ўсё трэба будзе рабіць нашаму партнэру — ён павінен даваць заяўкі на рэгістрацыю. Наш партнэр — амэрыканская фірма “Дэцлі”. І яна проста будзе выконваць больш працэдураў. Калі мы накіроўваем прадукцыю ў Амэрыку, то маем усе сэртыфікаты — экалягічны, формы “А”, рэгістрацыю нашай прадукцыі на радыенукліды. Можа, гэтыя нормы стануць больш жорсткія, але гэта іншае пытаньне. Мы працуем ужо другі год, пастаўляем шакалядныя цукеркі ў Нью-Ёрк. Для нас гэта вельмі прыбытковая справа. Па-першае, рэклямуем сваю марку, а па-другое, атрымліваем жывую валюту”.

Праекты пастановаў Міністэрства харчаваньня і лекавых прэпаратаў ЗША адкрытыя для публічнага абмеркаваньня. І беларускія прадпрыемствы, якія пастаўляюць харчаваньне ў Амэрыку, могуць накіроўваць свае заўвагі й камэнтары непасрэдна ў гэтую ўстанову да 4 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG