Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: АХОВА ПРАЦЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Распавядае Ванда Панамарэнка:

(Панамарэнка: ) “Ён і сам быў адмовіўся ад складаньня акту, не хацеў непрыемнасьцяў на працы. Лячыўся сам, а ўжо потым, калі стала вядома, што працаваць ён ня можа і прадпрыемства грошаў яму не плаціла, падаў у суд. Аднак не знайшлося людзей, якія бы пацьвердзілі ягоныя словы. Не выключаю, што пабаяліся людзі ісьці сьведкамі ў суд”.

Выпадак, пра які распавяла загадчыца грамадзкага прыёмнага пакоя Беларускага Гельсынскага камітэту Ванда Панамарэнка, не такі ўжо і рэдкі. Як злачыннасьць — ёсьць зарэгістраваная, а ёсьць і прыхаваная, альбо латэнтная — гэтак сама ня ўсе факты траўматызму на вытворчасьці трапляюць у статыстыку.

Паводле адмыслоўцаў, на больш чым 8 тысяч зарэгістраваных фактаў летась прыпадала да паловы ад гэтай колькасьці прыхаваных выпадкаў атрыманьня розных траўмаў. Не разгалошваюцца яны з розных прычынаў, але апошнім часам, паводле Ванды Панамарэнкі, усё часьцей людзі вымушаныя маўчаць, каб не пазбавіцца працы. Звычайна адміністрацыя, якой пагражаюць пэўныя пакараньні за невыкананьне правілаў бясьпекі, абяцае траўмаванаму працаўніку нейкую неафіцыйную кампэнсацыю, але нярэдка потым гэтыя абяцаньні не выконваюцца.

Вось у такое тупіковае, з гледзішча права, становішча і патрапіў чалавек, пра якога распавяла наша экспэрт Ванда Панамарэнка. Каб гэтага пазьбегнуць, яна раіць крытычна ставіцца да самых шчырых абяцаньняў:

(Панамарэнка: ) “Лепш рабіце ўсё паводле закону. Настойвайце на складаньні пратаколу аб здарэньні, знайдзіце сьведкаў, дамоўцеся пра іх падтрымку ў выпадку канфлікту з адміністрацыяй”.

Досьвед паказвае, што такія канфлікты могуць узьнікнуць і пасьля таго, як чалавек звольніўся. Таму захоўвайце дакумэнты пра здарэньні на былой працы — яны могуць быць вельмі карыснымі, падказвае праваабаронца. Наш карэспандэнт Алесь Горбач з Баранавічаў мае на гэты конт вельмі красамоўны прыклад:

(Горбач: ) “Уладзімер Валынец дваццаць сем гадоў таму працаваў у будаўнічай брыгадзе Лідзкага мантажнага ўпраўленьня “Белсантэхмантаж”. У 1976 годзе зь ім здарыўся няшчасны выпадак: дзюбэль з пнэўматычнага пісталета прабіў навылёт сьцяну ды параніў будаўніку галаву. Апрытомнеў ён толькі ў наваградзкім шпіталі. Лекары супакоілі, што нічога страшнага не адбылося, швы з параненых месцаў хутка зьнялі.

Больш чым праз дваццаць гадоў Уладзімера Валынца сталі турбаваць моцныя галаўныя болі. Дадзеную 3-ю групу інваліднасьці мэдычная рэабілітацыйная камісія хутка зьняла з тае прычыны, што адсутнічае нейкае агульнае захворваньне. Толькі рэнтгенаграма чэрапа прасьвятліла сытуацыю: у галаве ў спадара Валынца было выяўленае іншароднае цела мэталічнай шчыльнасьці памерам 6,5 на 0,5 паўсантымэтра, а папросту — той самы дзюбэль.

Зварот у Лідзкае мантажнае ўпраўленьне “Белсантэхмантаж” з просьбай пацьвердзіць факт няшчаснага выпадку на вытворчасьці выніку ня даў — там гэты факт цалкам адмаўляюць. Спадару Валынцу нічога іншага не засталося, як зьвярнуцца ў суд. Гаворыць адвакат Уладзімера Валынца Натальля Альшэўская:

(Альшэўская: ) “Нам неабходна ўстанавіць факт няшчаснага выпадку на вытворчасьці, факт, што адбыўся са спадаром Валынцом. Гэта патрэбна для таго, каб яму далі групу інваліднасьці, ступень страты працаздольнасьці. Інваліднасьць у дадзеным выпадку павінна лічыцца сьледзтвам працоўнага калецтва. А гэта і льготы, і права на пэнсію, і яе памеры”.

Прадстаўнікі Лідзкага мантажнага ўпраўленьня падчас судовых паседжаньняў сьцьвярджаюць, што падобнага выпадку ў гісторыі іхнай арганізацыі не было, і як доказ падаюць табэлі ўліку працоўнага часу, паводле якіх Уладзімер Валынец ніколі й не трапляў у шпіталь, а спраўна штодня працаваў. І гэта нягледзячы на тое, што знайшліся жывыя сьведкі тых падзеяў.

Стан здароўя спадара Валынца цяпер даволі дрэнны. Траўма амаль трыццацігадовай даўніны нясе яму немалыя фізычныя ды маральныя пакуты. Пацярпелы мяркуе, што Лідзкае мантажнае ўпраўленьне таму і адмаўляе факт няшчаснага выпадку на вытворчасьці, бо баіцца, што гэтыя пакуты давядзецца кампэнсаваць у грашовай форме”.


Старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў зьвязвае праблему павелічэньня траўматызму з агульным станам у эканоміцы краіны, асабліва з праблемай адсутнасьці інвэстыцыяў, аднаўленьня тэхналёгіяў на дзяржаўных прадпрыемствах. Паводле спадара Быкава, адсталыя мэтады гаспадараньня і ёсьць галоўнай прычынай вялікага траўматызму на беларускіх прадпрыемствах.

(Быкаў: ) “У нас на 80% зношанае абсталяваньне, і гэтая лічба з кожным годам павялічваецца. Таму павялічваецца і траўматызм. Бо эканомяць на ўсім — на вопратцы, на акулярах, на элемэнтарнай тэхніцы бясьпекі. Інакш не бывае, прадпрыемствы зусім зьбяднелі”, — адзначае Генадзь Быкаў.

Ён распавёў, што Свабодны прафсаюз цяпер праводзіць праграму адмысловай адукацыі сваіх сяброў на найбольш траўманебясьпечных заводах. Праваабаронца Ванда Панамарэнка дадае да гэтага сваю параду — паводле яе, пытаньні аховы працы прафсаюзам трэба больш упарта адстойваць яшчэ пры заключэньні калектыўных дамоваў з адміністрацыяй.


* * *
Пры канцы традыцыйна — пра справы зьніклых апазыцыянэраў. На тым тыдні Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская запатрабавалі аднавіць расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні іх мужоў і даручыць сьледзтва супрацоўнікам КГБ. Жонкі зьніклых лічаць, што нічога ня зьменіцца, пакуль пракуратурай і міліцыяй кіруюць асобы, якія, магчыма, датычныя да зьнікненьняў.
XS
SM
MD
LG