Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕСЬНІ НЯЗРУЧНАГА ПАЭТА: АЛЬБОМ ПЕСЕНЬ НА ВЕРШЫ А.ГЛОБУСА


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “У напісаньні кожнай песьні ўдзельнічаюць, як вядома, кампазытар, паэт (у цяперашняй практыцы найчасьцей проста аўтар словаў) і аранжыроўшчык. Калі апошні збольшага застаецца па-за ўвагай шырокай грамадзкасьці, дык аўтары музыкі і словаў вядомыя куды больш. Праўда, і тут папулярнасьць разьмяркоўваецца няроўна: прынамсі, аўтарскія канцэрты паэтаў — рэдкасьць, як, зрэшты, і выданьні зборнікаў песень, напісаных на іх вершы.

Пры гэтым выданьне альбому песень на вершы Адама Глобуса, які зьявіўся ўжо ў 2003 годзе, было даволі нечаканым. Па-першае, адразу ж падумалася: няўжо мы гэтак моцна пастарэлі, што пачалі выдаваць нешта накшталт мэмуараў? Па-другое, няўжо гэта ўсяго толькі першы такі альбом у даробку спадара Адама? Па-трэцяе: і што, гэта хіба ўсе песьні?

Менавіта такая была мая першая рэакцыя, калі я ўбачыў гэты дыск, на якім прадстаўленыя песьні на вершы Адама Глобуса ў выкананьні ансамбляў “Новае неба”, “Бонда”, “Песьняры”, “Сябры”, “Гарацкія”. Песьні былі напісаныя ў розныя гады, збольшага дастаткова даўно. Тым ня менш, сам альбом датаваны сёньняшнім часам, што, згадзіцеся, не магло ня выклікаць пытаньні да Адама Глобуса, якога я рады вітаць у нашай студыі. Дзень добры!

Адам, знаёмыя мы гэтак, здаецца, даўно, што некаторыя падзеі губляюцца ў гадах. Прынамсі, я й дагэтуль ня ведаю, што ж злучыла цябе з папулярнай музыкай?”

(Адам Глобус: ) “Ведаеш, грошы. Гэта быў той час, калі за песьні добра плацілі, і ў кожным кабаку, рэстарацыі была такая рапарцічка, якую запаўнялі, і аўтарам плацілі грошы. Першымі гэта зразумелі нашыя кампазытары, і ім быў патрэбны чалавек, які б пісаў тэксты. Я ўсё ж лічу, што ў аснове песьні ляжыць тэкст, я заўсёды любіў чытаць фальклёрныя кніжкі, дзе зборы песень, яны мяне заварожвалі, і вось такім чынам я і апынуўся ў гэтым шоў-бізнэсе”.

(Падбярэскі: ) “Мне так здаецца, што ты ніколі не пісаў спэцыяльна для песьні. Аднак вось “Ядлаўцовы лес” — гэта амаль клясычны песенны тэкст. Табе наагул даводзілася хадзіць па кампазытарах і прапаноўваць уласныя вершы?”

(Глобус: ) “Наадварот. Кампазытары прыходзілі да мяне. Прыходзіў да мяне Жэня Эльпер, я пісаў верш, такі крышку аблегчаны верш, які лёгка чытаецца, лёгка ўспрымаецца, мы яго перакампаноўвалі пад песенны жанр, рабілі прыпевы, ударныя словы, але перараблялі ўсё ж вершы”.

(Падбярэскі: ) “Гутарачы з табой, я ўвесь час задумваюся, што ж піша паэт Адам Глобус: тэксты, як кажуць зараз у папулярным асяродзьдзі, словы ці вершы? Паміж усім гэтым ёсьць для цябе розьніца?”

(Глобус: ) “Вядома! На дыску ж напісана “Песьні”. Часам верш, як мне здаецца, становіцца сапраўды ўдалым, калі ён ператвараецца ў песьню. І гэта наагул адна з адзнак верша”.

(Падбярэскі: ) “Трэба разумець, што ў гэтым альбоме — толькі невялічкая частка песень, напісаных на твае вершы”.

(Глобус: ) “Так. Проста ня ўсё ўвайшло і ня ўсё знайшлося. Быў такі цудоўны калектыў “Даміно”, яны напісалі чатыры рок-н-рольчыкі, такія вясёлыя і вельмі ўдалыя, аднак іх проста не знайшлі. Хто зьехаў, хто проста даўно музыкай не займаецца, ня ведаю, які іх лёс. Не знайшлі мы і дзіцячыя мае песьні, там “Чукуляку”. Якраз нашыя андэрграўндныя сьпевакі й выканаўцы — яны, як высьветлілася, больш зарганізаваныя за нашае афіцыйнае радыё. Якраз я на радыё не знайшоў сваіх песень, а нашыя вясёлыя і неабавязковыя людзі маюць запісы, і дзякуючы ім Юра Цыбін гэта ўсё захоўвае, выдае, прапагандуе”.

(Падбярэскі: ) “Слухай, але ж гэта ўсё было літаральна ня так даўно, а ўжо столькі страцілася!”

(Глобус: ) “Ведаеш, нядаўна… Даўно! У мяне ўжо ўнук Вовачка, так што ёсьць ужо Вовачка маленькі Адамчык, Вовачка вялікі Адамчык”.

(Падбярэскі: ) “Раней цябе даволі часта можна было сустрэць на рознага роду канцэртных імпрэзах. Цяпер ты на іх амаль ня ходзіш. Ці гэты інтарэс быў узроставы, ці бізнэс заеў, ці ідалы здрабнелі?”

(Глобус: ) “Быў адзін пераломны момант у маім жыцьці, канцэрт “Ролінгаў” у Барсэлёне. Я прыйшоў, адслухаў канцэрт, потым зразумеў, што так мы ня здолеем ніколі! І для мяне гэта быў настолькі моцны шок, што ўсе гэтыя калектывы, зь якімі я працаваў, прадставіліся як зусім іншы сьвет. Прайшло ўжо пяць гадоў — не магу апісаць той канцэрт! Ня хочацца, прабач, псаваць уражаньне ад таго канцэрту, вось я зь ім у душы і жыву”.

(Падбярэскі: ) “А калі запросяць цябе на нейкі канцэрт кшталту “Скрыжаваньні Эўропы”, каб уручыць прыз, скажам, “За дасягненьні ў галіне рок-паэзіі” — пойдзеш?”

(Глобус: ) “Можа, гэта пытаньне з падколкай? Па-за тактам? Вось я табе скажу: на “Славянский базар” я, мусіць, не паеду, таму што гэта знаходзіцца па-за межамі эстэтыкі. Тое, пра што ты гаворыш, — я проста ня ведаю, ня быў”.

(Падбярэскі: ) “Гэта такі маленькі “Славянский базар”…”

(Глобус: ) “А!.. На маленькі “Славянский базар” — тым больш! Гэта ня мой стыль, не мая аўдыторыя, не мая кар’ера, бо ўжо за мной такі шлейф цягнецца: сэкс-рэвалюцыянэр там, андэграўнд…”

(Падбярэскі: ) “Чаго толькі ні гавораць!”

(Глобус: ) “І чаго толькі ні прыпісвалі! Таму я ня думаю, што магу быць нейкай заангажаванай асобай”.

(Падбярэскі: ) “З кім з айчынных выканаўцаў цябе зьвязваюць сяброўскія сувязі, з кім адчуваеш творчую повязь?”

(Глобус: ) “Вось гэта сапраўды нетактоўнае пытаньне! Па вялікім рахунку. Калі пытаньне было такое: каго ты любіш, дык мне застаецца сказаць, што я ўсіх люблю. Таму з усімі, з кім я працаваў, мусіць, я падтрымліваў больш чым сяброўскія адносіны. Я лічу, што стварэньне песьні — гэта даволі складаны і даволі інтымны акт”.

(Падбярэскі: ) “А ты ня ўдзельнічаў у конкурсе на напісаньне гімну? Чаму?”

(Глобус: ) “Ведаеш, ня ўдзельнічаў. Ну, таму, што вось і на “Славянский базар” я ня ежджу. Вось “Ролінг Стоўнз” я люблю, разумееш? Я ж па адукацыі якраз мастак-манумэнталіст, які павінен быў займацца манумэнтальнай прапагандай: фрэскамі, вітражамі там, мазаікай, так, і пірамідамі, во-во!

Але ў нас быў такі выкладчык, Алег Хадыка, які ў першы дзень заняткаў прыйшоў да нас і сказаў: ведаеце, я прыйшоў да вас сказаць, што гэтым займацца ня трэба. І ён мяне пераканаў: сапраўднае мастацтва, сапраўдная лябараторыя мастацтва, сапраўдныя пошукі — яны ляжаць па-за межамі прапаганды, па-за межамі так званага афіцыйнага мастацтва”.

(Падбярэскі: ) “Чым для цябе было выданьне альбому — творчым актам, жаданьнем засьведчыць сябе і ў гэтай галіне, задавальненьнем амбіцыяў?”

(Глобус: ) “Па-сяброўску мне патэлефанаваў Юра Цыбін і кажа: ты ведаеш, назьбіралася столькі вось тваіх песень, давай я зьбяру праграму, падрыхтую, і калі ты ўбачыш у гэтым альбом і крышку фінансава дапаможаш, мы зробім рэч. Вось мы рэч і зрабілі. Сапраўды, атрымліваецца дваццаць гадоў у беларускай музыцы”.

(Падбярэскі: ) “Юбілейны канцэрт ня будзеш ладзіць?”

(Глобус: ) “Мне адысьці ад “Ролінгаў” вельмі цяжка”.

(Падбярэскі: ) “Як ты сам лічыш, ці далёка ты сёньня ад’ехаў ужо ад станцыі Койданава і ці магчыма туды вярнуцца?”

(Глобус: ) “Самае дзіўнае, што на днях мой сын купіў каля Койданава дом, мой унук Вовачка ўжо туды езьдзіў. Ведаеш, вярнуся зноў у гэтае Койданава. Ці зьявяцца новыя песьні? Калі вось да мяне зноў прыйдзе Піт Паўлаў, мы зноў пап’ем гарбаты альбо кавы, перабярэм мае вершы, можа, нешта ўбачыцца, можа, нешта зробіцца. Хутчэй за ўсё так. Дзякуй Богу, што ёсьць магчымасьць паэту выдацца вось яшчэ і ў такой форме. Спачатку хацелася нейкія камэнтары зрабіць для кампакта, але…”

(Падбярэскі: ) “Усё і так ясна! Адам Глобус, “Песьні”.

(Глобус: ) “Так!”

(Падбярэскі: ) “Добра! Дзякуй за гутарку і да новых сустрэчаў!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG