Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ГРАМАДЗЯНЕ Ў РАСЕІ НЯ МАЮЦЬ ТАКІХ ВЫБАРЧЫХ ПРАВОЎ, ЯК РАСЕЙЦЫ Ў БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Палажэньне, якое дазваляе грамадзянам Расеі ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, было ўнесенае ў Выбарчы кодэкс Беларусі пасьля ратыфікацыі Нацыянальным сходам і Дзярждумай дамовы аб стварэньні г.зв. саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Расейскія грамадзяне, якія маюць від на жыхарства, могуць ня толькі браць удзел у галасаваньні, але й быць абранымі ў мясцовыя саветы.

Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў, у Беларусі жыве каля 62 тысяч грамадзянаў Расеі, зь іх каля 40 тысяч паўнагадовых, якія маюць выбарчае права. Але ў Цэнтральнай выбарчай камісіі не вядуць статыстыкі, колькі расейскіх грамадзянаў зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Гаворыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) “Мы не вядзем такога ўліку. У нас наогул няма графы-паказьніка грамадзянства. Яны ўдзельнічаюць на роўных падставах зь іншымі. Мы такую інфармацыю й не запытвалі. Пераважная большасьць кандыдатаў мае беларускае грамадзянства. А калі і ёсьць сярод кандыдатаў грамадзяне Расеі, то гэта толькі ў пасялковыя саветы, створаныя на тэрыторыі былых вайсковых частак. Іх вельмі няшмат — адзінкі, можа нейкі там нуль, нуль нуль адсотка”.

Ня маюць адмысловай статыстыкі пра грамадзянства кандыдатаў і ў выбарчых камісіях ніжэйшых узроўняў. А сакратар беларускага Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік кажа, што яму вядомы толькі адзін выпадак жаданьня расейскага грамадзяніна, які жыве ў вайсковым гарадку недзе ў Віцебскай вобласьці, стаць кандыдатам у дэпутаты.

Фармальна дамова аб стварэньні г.зв. саюзнай дзяржавы прадугледжвае, што беларускія грамадзяне, якія стала жывуць у Расеі, павінны мець такое ж выбарчае права як і расейцы ў Беларусі. У рэальнасьці ж усё інакш. Лідзія Ярмошына працягвае:

(Ярмошына: ) “У іх мясцовае самакіраваньне абіраецца на падставе ўласных абласных законаў. У агульным законе аб асноўных гарантыях выбарчых правоў грамадзянаў аб выбарчым праве беларусаў не гаворыцца. Але шэраг рэгіёнаў падобную норму прыняў. Напрыклад, грамадзяне Беларусі, якія стала жывуць у Бранскай вобласьці, удзельнічаюць у выбарах. Шэраг рэгіёнаў гэта прыняў. Ня ўсе”.

У консульскім аддзеле амбасады Беларусі ў Маскве паведамілі, што на консульскім уліку ў іх стаіць 4571 грамадзянін Беларусі. У рэальнасьці ж беларускіх грамадзянаў у Расеі жыве значна больш, але далёка ня ўсе рэгіструюцца ў амбасадзе. Старшыня беларускага Цэнтарвыбаркаму аднак лічыць, што ніякага абмежаваньня ў выбарчых правах беларусаў у Расеі няма. Паводле Лідзіі Ярмошынай, самі беларускія грамадзяне ня скардзяцца на нейкія абмежаваньні ў правах.
XS
SM
MD
LG