Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ “ЖЫВЫ ШЧЫТ” У ІРАКУ МОЖА ЗЬЯВІЦЦА НА ПАЧАТКУ САКАВІКА


Ігар Карней, Менск

Адразу ж пасьля прызначэньня на пасаду амбасадара Іраку ў Менску, Салман Зэйдан запрасіў беларускіх журналістаў коштам ірацкага боку наведаць ягоную краіну, каб на свае вочы ўбачыць яе “міралюбнасьць”. Празь некалькі дзён была названая і дата вылету зь Менску чартэрнага авіярэйсу.

Журналісты недзяржаўных мэдыяў успрымаюць гэтую ініцыятыву з іроніяй, і ніхто ў Багдад ляцець не зьбіраецца. А супрацоўнікі дзяржаўных СМІ неахвотна распавядаюць пра маючую адбыцца службовую паездку ў небясьпечны рэгіён. Так, у рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия” падобную ініцыятыву ўспрымаюць з разуменьнем таго, што, хочаш-ня хочаш, але камусьці ехаць давядзецца. Кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў лічыць, што падобныя авантуры ня толькі ня робяць гонару ўладзе, але перадусім небясьпечныя для жыцьця людзей.

(Пастухоў: ) “Беларуская асацыяцыя журналістаў не прымала рашэньня на гэты конт, але ўсе прыйшлі да высновы, што гэта вельмі небясьпечна для жыцьця журналістаў, якія накіруюцца ў Багдад. Фактычна мы маем справу з гульнямі ўладаў з журналістамі, якія іх жа падтрымліваюць. А наогул, гэта сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады зацікаўленыя ў падтрымцы сумнавядомага рэжыму, што само па сабе ня робіць ёй гонару. А незалежным журналістам няма ніякага сэнсу браць удзел у падобных камандзіроўках”.

У ірацкай амбасадзе паведамілі, што сьпісы журналістаў на вылет у Багдад будуць прымацца да канца тыдня. І зусім верагодна, што з прычыны ня вельмі высокай актыўнасьці першапачатковы тэрмін адлёту будзе перанесены з 7 сакавіка на больш позьні тэрмін. У амбасадзе таксама не выключаюць, што будзе пашыраны кантынгент удзельнікаў, у першую чаргу, за кошт прадстаўнікоў моладзевых праўладных структураў.

Сакратар ідэалёгіі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Аляксандар Маціеўскі сказаў, што ірацкае дыппрадстаўніцтва пакуль не прапаноўвала ім наведаць Багдад. Але выехаць у Ірак яны заўсёды гатовыя.

Ірацкі амбасадар, робячы прапанову журналістам, абяцаў, што ўсе выдаткі за падарожжа возьме на сябе Багдад. Але зьявілася інфармацыя, што аплаціць арэнду самалёту павінны беларускія банкі, у прыватнасьці, “Інфабанк”. Ёсьць зьвесткі, што менавіта ў “Інфабанку” знаходзяцца рахункі таварыства беларуска-ірацкага сяброўства. Але пацьвердзіць гэтую інфармацыю ў банку не сьпяшаюцца.

(Супрацоўніца “Інфабанку”: ) “Ёсьць палёты, якія арганізуе таварыства беларуска-ірацкага сяброўства. Гэта гуманітарныя рэйсы. Але паездак добраахвотнікаў, фінансаваных “Інфабанкам”, няма. Паедзе прэса, будзе асьвятляцца пачатак вайсковых дзеяньняў, але мы тут ні пры чым. Я толькі што размаўляла з дырэктарам, і ён сказаў, што трэба зьвяртацца да ірацкага амбасадара, калі нехта хоча паехаць. “Інфабанк” такія палёты не фінансуе”.

З улікам таго, што, паводле інфармацыі ў заходнім друку, вайсковая апэрацыя ў Іраку можа распачацца ў першай палове сакавіка, беларускія журналісты рызыкуюць прыехаць пад бомбы і апынуцца сярод пацыфістаў, якія сваімі целамі зьбіраюцца абараняць Садама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG