Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СТАНЕ ВУЛІЦА БЯДЫ ВУЛІЦАЙ МУЛЯВІНА?


Ганна Соусь, Менск

Мінуў амаль месяц, як памёр мастацкі кіраўнік “Песьняроў” Уладзімер Мулявін. Ля ягонай магілы на Ўсходніх могілках і цяпер поўна жывых кветак. Ванда Баюк з Гомеля адмыслова прыехала ў Менск, каб наведаць магілу сьпевака.

(Баюк: ) “Я хацела б, канечне, каб хаця б вуліцу назвалі ягоным імем. Можа, музычную школу…”

Спадарыня Тацяна прыехала ў Менск зь Ніжняга Ноўгараду:

(Тацяна: ) “Я адмыслова з Расеі прыехала, прыйшла разьвітацца. Пакуль быў жывы, трэба было ўсё яму даваць. Ён марыў аб тэатры, а зараз яму мэмарыял хочуць адкрываць. Ён яму патрэбны? Трэба было тэатар яму будаваць, у якім ён мог выступаць так, як хацеў...”

Зусім блізка ад таго месца, дзе пахаваны Ўладзімер Мулявін — магіла двойчы героя Савецкага Саюзу, вайсковага лётчыка Леаніда Бяды. Ён загінуў, як і Ўладзімер Мулявін, у выніку аўтамабільнай катастрофы ў 1976 годзе разам з тагачасным старшынём прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Фёдарам Сурганавым. Так сталася, што Ўладзімер Мулявін жыў на вуліцы Бяды ў доме №13.

Жыхары дамоў на вуліцы Бяды яшчэ чатыры гады таму зьбіралі подпісы, каб вуліцу перайменавалі, бо, паводле іхных меркаваньняў, назва вуліцы пэўным чынам уплывае на іхнае жыцьцё. Тады ў гэтай просьбе было адмоўлена. А цяпер, пасьля сьмерці мастацкага кіраўніка “Песьняроў”, ізноў узьнікла прапанова перайменаваць вуліцу Бяды на вуліцу Мулявіна. Гавораць жыхары дома №13 па вуліцы Бяды.

(Спадарыня: ) “Мы даўно ўжо хацелі, каб нашую вуліцу перайменавалі. Усё ж Бяды — гэта бяды”.

(Спадар: ) “Бяда таксама быў знакаміты чалавек. Герой Савецкага Саюзу”.

(Спадарыня: ) “Ёсьць у людзей такое стаўленьне… трагічнае. Слова “бяда” такое нядобрае, і лёс складваецца ня вельмі добра”.

(Спадарыня: ) “Я за тое, каб перайменавалі на Ўладзімера Мулявіна. Тым больш, ён жыў у нашым доме”.

У Менгарвыканкаме карэспандэнта Радыё Свабода запэўнілі, што вуліца імя Ўладзімера Мулявіна ў Менску абавязкова будзе, але яшчэ дакладна ня вызначана — ці будзе гэта новая вуліца, альбо адбудзецца перайменаваньне.

Як паведаміла сакратарка камісіі ў справе перайменаваньня вуліцаў Марыя Станкевіч, пакуль ёсьць толькі вусныя звароты жыхароў вуліцы Бяды, але ад іх няма пісьмовай прапановы. Канчатковае рашэньне ў гэтай справе прыме адмысловая камісія.

Нагадаю, што пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна Міністэрства культуры распрацавала праект пастановы аб увекавечаньні ягонай памяці, які знаходзіцца цяпер на разглядзе ў Савеце міністраў. Згодна зь ім, апроч вуліцы Мулявіна, у Менску зьявіцца музэй “песьняра”. У двары Белдзяржфілярмоніі плянуюць усталяваць скульптуру сьпевака, да таго ж будзе зробленая памятная дошка і надмагільны помнік Мулявіну. Апроч таго, улады плянуюць выдаць анталёгію ўсіх песень “Песьняроў”.

Яшчэ два гады таму “Песьняры” павінны былі атрымаць ад дзяржавы сучасную студыю на вуліцы Сурганава, але з прычыны адсутнасьці фінансаваньня тэрміны здачы аб’екту ўвесь час адцягваліся. Цяпер на базе студыі будзе створаны Нацыянальны музычны цэнтар “Песьняры” імя Ўладзімера Мулявіна, і ў яго рамонт улады плянуюць укласьці каля 90 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG