Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ АПАЗЫЦЫЙНУЮ РАДУ Ў СПРАВЕ ЗАМЕЖНАЙ ПАЛІТЫКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Нядаўняе наданьне статусу Нацыянальнаму сходу ў ПА АБСЭ патрабуе пэўных зьменаў у зьнешняй палітыцы апазыцыйных сілаў, — заявіў сёньня лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які прадстаўляў беларускую апазыцыю на апошнім паседжаньні асамблеі ў Вене. Нягледзячы на відавочную паразу ў ПА АБСЭ, апазыцыя будзе працягваць актыўную працу ў рамках гэтай структуры і дамагацца прыняцьця ёю асобнай палітычнай рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі.

Акрамя таго, спадар Лябедзька заклікаў эўрапейскіх парлямэнтароў вярнуцца да фармату “парлямэнцкай тройкі” з прадстаўнікоў ПА АБСЭ, ПАРЭ, Эўрапарлямэнту дзеля адсочваньня падрыхтоўкі й правядзеньня наступных выбараў у Нацыянальны сход Беларусі. Што ж датычыць дзейнага Нацыянальнага сходу, то апазыцыя мусіць патрабаваць ад яго пэўных крокаў у адказ на прызнаньне ў АБСЭ, лічыць спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Блізкім часам мы прыкладна па пяці кірунках прапаноўваем праекты канкрэтных зьменаў заканадаўства, пачынаючы ад выбарнага, якое датычыць рэглямэнтацыі дзейнасьці аб СМІ, правоў чалавека, перадаем гэта ў рабочую групу на чале з Утай Цапф і хай яны зыходзячы са сваёй канцэпцыі дыялёгу дабіваюцца, каб Нацыянальны сход мяняў заканадаўства, а гэта значыць, мянялася ў нечым сытуацыя і ў Беларусі”.

Аднак на выніковасьць дэмакратычных зьменаў праз Нацыянальны сход Анатоль Лябедзька асабліва не разьлічвае. І тут сымптаматычна, што афіцыйныя СМІ і ўлада фактычна замоўчваюць апошнія падзеі вакол Нацыянальнага сходу ў Вене.

(Лябедзька: ) “Калі ўспрымаць гэта як легітымізацыю Нацыянальнага сходу, то тут зноў жа ўзьнікае пытаньне, што цяпер мяч перакінуты на поле ўладаў, і яны павінныя рабіць нейкі крок. Гэта для іх дылема: што рабіць? Гэта значыць, трэба правесьці выбары, каб яны адпавядалі прынцыпам АБСЭ, чаго ўжо няма. Трэба прымаць нейкія палітычныя рашэньні й вызваляць Маркевіча, Івашкевіча. Думаю, што пакуль уладамі тут ня вывераная сама тактыка, што канкрэтна рабіць і проста зроблены такі тайм-аўт, пауза”.

Ягоны калега Яраслаў Раманчук мяркуе, што цяпер беларускія ўлады могуць запатрабаваць распусьціць адмысловую групу ПА АБСЭ па Беларусі на чале з Утай Цапф. Можна чакаць і новых спробаў легітымізацыі Нацыянальнага сходу і ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, аднак там больш жорсткія дэмакратычныя прынцыпы, упэўнены А.Лябедзька.

Зыходзячы з досьведу падзеяў у Вене, калі апазыцыйныя сілы Беларусі па-рознаму паставіліся да праблемы прызнаньня Нацыянальнага сходу ў ПА АБСЭ, А.Лябедзька заклікаў стварыць агульнаапазыйцыную Раду ў справе зьнешняй палітыкі, якая бы аб’яднала прадстаўнікоў палітычных партыяў і рухаў, асобных аналітыкаў з мэтай выпрацаваць “новую, удакладненую тактыку ўзамадзеяньня зь міжнароднай супольнасьцю”.

Гэтая ініцыятыва мае права на існаваньне, аднак каардынаваць міжнародную дзейнасьць апазыцыі можна было б і ў рамках існых структураў, — лічыць лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Сапраўды, частцы беларускіх партыяў трэба карэктаваць сваю палітыку, і ў тым ліку міжнародную дзейнасьць. У нашай партыі неабходнасьці ў такой карэкцыі няма, таму што мы зыходзілі з рэаліяў. Што тычыцца нейкай агульнай структуры для апазыцыі, то тут крыху мне дзіўна, таму што спачатку ўсё разбуралася, выгналі сацыял-дэмакратаў з Каардынацыйнай рады. Развалілі яе, потым развалілі Кансультацыйную раду”.
XS
SM
MD
LG