Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЫ Ў СЕНЬНЕНСКІМ РАЁНЕ АДБУДУЦЦА ПА “СЯМЕЙНЫМ ПАДРАДЗЕ”


Уладзімер Глод, Менск

Адзіны супернік Васіля Васілёнка — 42-гадовы афіцэр запасу Алег Шумкоў, ён зьдзіўлены тым, што камісію, якая сочыць за правядзеньнем выбараў, у тым ліку вядзе падлік галасоў, узначальвае жонка ягонага канкурэнта — галоўны бухгальтар калгасу імя Цімяразява. Адметна і тое, што намесьніца старшыні акруговай камісіі Надзея Дубавец зьяўляецца непасрэднай падначаленай галоўнага бухгальтара, а сябры камісіі Вольга Платонава і Валянціна Ждановіч таксама працуюць у калгаснай бухгальтэрыі.

Такое незвычайнае нават для Беларусі фармаваньне акруговай камісіі сакратар раённай выбарчай камісіі Сьвятлана Вярцінская тлумачыць так:

(Вярцінская: ) “Справа ў тым, што фармаваньне камісіі, згодна з Выбарчым кодэксам, у нас ішло да таго, як пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. А потым ужо была зарэгістраваная ініцыятыўная група, якая зьбірала подпісы за Васілёнка. Яна сабрала подпісы, іх праверылі. Яго зарэгістравалі. І таму ён абіраецца ў гэтай акрузе. Я ня бачу тут нечага надзвычайнага”.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік ацэньвае сытуацыю так:

(Лазавік: ) “Зь юрыдычнага гледзішча ніякага парушэньня няма. Усе грамадзяне маюць роўныя правы, у тым ліку і жонка. Адзінае, што згодна зь лёгікай, па-чалавечы там і інакш можна было сфармаваць”.

Юрыст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу на прынцып фармаваньня выбарчых камісіяў:

(Стэфановіч: ) “Тое, што яны фармуюцца з прадстаўнікоў аднаго і таго ж працоўнага калектыву — паўсюдна. Гэта ж ня пара выпадкаў. Паўсюль так. Гэта проста сыстэма правядзеньня выбараў у краіне створаная такая — з 2000 году ўжо”.
XS
SM
MD
LG