Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАПРАШУ ЎРАД, КАБ АДНАВІЎ ГЛУШЭНЬНЕ СВАБОДЫ”


Валянцін Жданко, Менск

Колькасьць лістоў на Свабоду апошнім часам значна павялічылася. Адначасова многія слухачы наракаюць на тое, што, здараецца, мы не знаходзім магчымасьці з прычыны недахопу часу працытаваць іхныя допісы. Вашыя заўвагі й прапановы, шаноўныя слухачы, улічаныя: пачынаючы ад сёньня, агляд пошты будзе гучаць на хвалях Беларускай Свабоды двойчы на тыдзень.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста Зыгмунта Зялінскага зь Дзятлава, адзін з ранейшых допісаў якога я цытаваў некалькі месяцаў таму. Слухач не пагадзіўся з маімі аргумэнтамі. Ён піша:

“Выказваю недавер вашай Свабодзе. Вы мне адказалі, што пэнсіянэры ў Польшчы нібыта жывуць у дзесяць разоў лепш, чым у Беларусі. Хлусьня! Я нядаўна наведваў сваіх польскіх сваякоў. Мне іх шкада... Такога польскага беспрацоўнага жыцьця я ня зычу нават сваім ворагам. Канцоў з канцамі яны ня зводзяць. Так, некаторыя жывуць добра, але гэта толькі камэрсанты, зладзеі, спэкулянты і да іх падобныя, якія выкупілі землі ды іншае... А мае сваякі як жылі парабкамі, так імі і засталіся”.

Абурае Зыгмунта Зялінскага зь Дзятлава і тое, што на хвалях Свабоды часта даецца слова журналістам, якіх за крытыку Аляксандра Лукашэнкі пазбавілі волі. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Даць бы гэтым журналістам гадоў па дваццаць пяць ды саслаць у Магадан. А то што гэта за пакараньне, калі на выходныя яны езьдзяць дамоў ды даюць інтэрвію Радыё Свабода. Быў бы жывы Сталін, яны б касьцьмі грымелі за кратамі. Пры строгасьці Сталіна, Андропава, Брэжнева за такое злачынства гніць ім у турме ці ў Курапатах”.

Далейшыя пэрспэктывы Беларусі Зыгмунт Зялінскі бачыць наступнымі:

“Збліжэньне нашых праваслаўных народаў непазьбежнае і хуткае. Цікава, пра што вы тады будзеце трубіць на ўвесь сьвет? Усталюем цьвёрдую мяжу: розныя апазыцыянэры ня змогуць больш лётаць за кардон. Будзем прасіць ва ўраду зноў аднавіць глушэньне вашых радыёстанцыяў. Вялікай памылкай было тое, што вывезьлі ракеты, якія былі ўсталяваныя супраць заходніх ворагаў, за гэта дараваньня Лукашэнку няма. Ракетныя ўстаноўкі трэба будзе вярнуць...”

Заканчвае свой ліст Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава нараканьнямі на тое, што Беларускую Свабоду кепска чуваць — яму даводзіцца змарнаваць хвілін 15–20, каб дамагчыся больш-менш прымальнай чутнасьці.

Адразу паўстае пытаньне, спадар Зялінскі: калі вы столькі намаганьняў прыкладаеце цяпер, каб настроіцца на нашую хвалю, то што будзе потым, калі ў адпаведнасьці з вашымі пажаданьнямі адновяць працу “глушылак”? І адкуль вы тады ўвогуле будзеце здабываць інфармацыю? Але гэта так, між іншым.

Што да сутнасьці вашых абвінавачаньняў і цьверджаньняў. На маім стале ў стосе пошты ўжо некалькі тыдняў ляжыць ліст ад вашага равесьніка, які таксама нарадзіўся і вырас у Заходняй Беларусі, прытым, недалёка ад вашых мясьцінаў. Думаю, у жыцьці ў вас былі падобныя назіраньні. Магчыма, Уладзімер Гардзейка, які жыве цяпер у Смалявічах, дапаможа прыгадаць тое, пра што вы не захацелі пісаць. У гэтым жа лісьце, на маю думку, утрымліваецца адказ вам — і пра сталінскі парадак, і пра жыцьцё без калгасаў, і пра “цьвёрдую руку” ў палітыцы.

Уладзімер Гардзейка падзяліўся ў сваім лісьце такімі ўспамінамі і ўражаньнямі:

“Сядзім учатырох, успамінаем былое. Трое — мы, беларусы з мазольнымі рукамі, і адзін рускі, былы камуніст, які калісьці кіраваў намі. Кожнаму з нас ужо даўно за семдзесят. Здавалася б, дзяліць няма чаго, але спрэчка распачалася не на жарт. Пачалося ўсё з таго, што я распавёў сваю гісторыю.

...Апошняе ў Заходняй Беларусі перадваеннае лета 1939 году. Недалёка ад нашай вёскі — хутары польскіх асаднікаў. Мы, дзеці польскія і беларускія, ня ведалі розьніцы ў нацыянальнасьці: бавіліся разам у хованкі, пасьвілі кароў, вучыліся ў адной (але польскай) школе. (Як, зрэшты, і зараз нашы дзеці вучацца не ў беларускай школе, а ў расейскай.) Мы, беларусы, жылі больш заможна за палякаў. Яны толькі абжывалі зямлю, карчавалі пнёўе.

Ніякі начальнік ніколі не ступаў нагой у твой падворак. Ніхто не даваў камандаў — што табе рабіць, куды і што прадаваць. Ніхто не лічыў тваіх кароў, курэй, яблыні ў садзе. Жылі вольна, свабодна, цешыліся кожнаму дню. Заплаціў грашовы падатак — і ўсё.

...Мае субяседнікі слухалі ўважліва, а я працягваў: Але вось з Усходу прыйшлі бальшавікі, ды сталі дзяліць нас — хто паляк, хто беларус. У лютую саракаградусную марозную ноч 1941 году зь цёплых напаленых хатаў палякаў сталі выкідваць на мароз, дзе іх чакалі сані, ды вывозіць за 30 кілямэтраў, у Слонім. Не пакідалі ў хаце нікога — ні старога, ні малога, ні хворага. Вывезьлі ўсіх, хутары апусьцелі. Гэта былі савецкія рускія, званыя “інтэрнацыяналістамі”. Якое сэрца мелі яны, ды і ці было яно ў іх.

Апошнюю ноч адна польская сям’я — маці й двое дзетак майго ўзросту — начавалі ў хаце майго бацькі (у сваёй баяліся спаць). Мы, дзеці, спалі разам. Гэта былі мае сябры — Галіна і Юрэк Гурскія. Я і сёньня бачу іх перад сабой, такіх маладых, вясёлых, шчасьлівых. За што іх вывезьлі? Куды падзелі? У Катынь пад Смаленск ці ў сьнягі Поўначы? Колькі часу мінула, а весткі ніхто не падаў. Бацьку іхнага не павезьлі — расстралялі тут (ён быў лесьніком).

...Не даслухаўшы да канца мной перажытага, былы камуніст падняўся зь месца, кінуў мне: “Какая жестокость! Какая ненависть!” — ды ступіў за дзьверы. Ніхто яго ні ў чым не папракаў, не вінаваціў. У чым мая жорсткасьць? Не сьцярпеў ён праўды. Мулкая яна для іх, нібы тыя Курапаты. А казалі — яны цяпер ня тыя, перафарбаваліся. Можа, і так, але клыкі ў іх засталіся тыя ж”.

Аўтар ліста Ўладзімер Гардзейка са Смалявічаў называе канкрэтны адрас, дзе адбываліся апісаныя ім падзеі — урочышча Красныстаў, недалёка да вёскі Урач Слонімскага раёну. Цяпер там роўнае калгаснае поле — на мапе Красныстава няма.

Слонімскі раён — гэта ўсяго сотня кілямэтраў ад вашага Дзятлава, спадар Зялінскі. У мяне няма сумневу, што ля вашага мястэчка адбывалася тое ж самае. І вы напэўна ж ведаеце пра гэта.

Мне здаецца, у той размове чатырох сямідзесяцігадовых старых, апісаных Уладзімерам Гардзейкам, на месцы вэтэрана-камуніста маглі быць вы.

Уладзімер Гардзейка са Смалявічаў заканчвае свой допіс такой высновай:

“Заходніх беларусаў прызывалі ў польскае войска. Калі Гітлер і Сталін у 1939 годзе падзялілі паміж сабой Польшчу, адны вайскоўцы трапілі ў палон да немцаў, а другія — да рускіх. Зь нямецкага палону многія вярнуліся (быў адзін такі і з нашай вёскі). З савецкага палону мужоў нашы ўдовы не дачакаліся. І ніхто ім ніякай дапамогі на дзяцей не выдаваў. Ці ня гэта адна з прычынаў таго, што мы, беларусы, вучыліся ў чужой школе, служылі чужой дзяржаве, змагаліся й гінулі за чужыя інтарэсы? Вось чаму трэба мець сваю незалежнасьць ды служыць сваёй краіне”.

Выснова, зь якой цяжка не пагадзіцца.

На папярэдні ліст Зыгмунта Зялінскага, з дыскусіі зь якім я пачаў сёньняшнюю размову, зьвярнуў увагу Алесь Колас з Мазыру. Пачуўшы ў нашым эфіры абвінавачаньні спадара Зялінскага, а таксама развагі некаторых іншых прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, слухач напісаў:

“Гэта добра, што людзі могуць выказаць свае думкі. І яны за гэта павінны быць удзячныя Свабодзе. Няхай бы паспрабавалі напісаць ліст з крытыкай цяперашняй улады на дзяржаўнае радыё: адразу зразумелі б, хто ёсьць хто.

А крытыкаваць цяперашні рэжым ёсьць за што. Я, напрыклад, пры Шушкевічу за сваю пэнсію хлеба мог купіць удвая больш, чым цяпер. Мой узровень жыцьця паступова, але няўхільна зьніжаецца. Пэнсія не пасьпявае за цэнамі ды тарыфамі. Нам кажуць, што ў дзяржавы няма грошай. Але чаму хапае грошай у дзяржаўных чыноўнікаў, у праваахоўчых органаў? Чаму грошай няма на ахову здароўя, але знаходзяцца на лядовыя ці травяныя палацы, на дажынкі ды базары?

А якія грошы патрэбныя для адраджэньня беларускай культуры і мовы, якая ў апошні час, калі прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка, прыходзіць у поўны заняпад?

І куды падзелася паважаная апазыцыя? Ці ня час ёй выйсьці з падпольля, пайсьці да Аляксандра Рыгоравіча і бяз гвалту даказаць яму, што так зьдзекавацца зь Беларушчыны ня трэба. І ён гэта, напэўна, зразумее. Бо калі ўсё будзе, як цяпер, і Аляксандар Рыгоравіч насуперак Канстытуцыі, “па просьбе працоўных” будзе прэзыдэнтам яшчэ доўгі час, ды яшчэ замест саюзу ўзьнікне адзіная дзяржава — то тады беларуская нацыя можа наогул зьнікнуць”.

Ня думаю, спадар Колас, што вашую ідэю ў сёньняшніх умовах магчыма ажыцьцявіць. Справа ня ў тым, што апазыцыя, як вы пішаце, ня хоча выйсьці з падпольля, каб пераканаць Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ня трэба зьдзекавацца зь Беларушчыны. Аляксандар Лукашэнка добра інфармаваны пра тое, у якім стане беларуская мова і культура, на якой мове пішуць паперы ягоныя чыноўнікі й якую мову паступова выціскаюць з усіх сфэраў грамадзкага ўжытку. Тое, што адбываецца зь беларускасьцю сёньня — ягоны даўні і сьвядомы выбар.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG