Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: “ЭЎРОПА ПРАДАЛА БЕЛАРУСЬ РАСЕІ”


Сяргей Навумчык, Прага

(Пазьняк: ) “Прызнаньне АБСЭ нелігітымнай “палаты” лукашэнкаўскага рэжыму – гэта ёсьць, калі казаць вобразна, іржавы нож у плечы незалежнай Беларусі. Калі коратка – Эўропа прадала Беларусь Маскве. Для мяне гэта ня ёсьць нечаканасьцю. Палітыка АБСЭ – гэта палітыка падвоеных стандартаў. Я асабіста, і Народны Фронт, які я ўзначальваю, змагаемся з гэтай палітыкай ужо пяць гадоў. Мы пра гэта пісалі, казалі, выступалі, заяўлялі паўсюдна і ўвесь час.

З 1998 году галоўнай мэтай Ганса Георга Віка, кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі, было падрыхтаваць умовы для анэксіі Беларусі Расеяй. Былі пастаўленыя наступныя дзьве задачы: першае – разбурыць Беларускі Народны Фронт і стварыць “ненацыянальную апазыцыю”, дзе будуць змагацца за дэмакратыю без сувэрэнітэту. І другое: выдаліць з палітыкі Сямёна Шарэцкага, бо гэта – адзіная кіруючая легітымная фігура ў беларускай уладзе. Фронт зьнішчыць не ўдалося, але сумесна з расейскай агентурай яго раскалолі. Усе мае адчайныя крокі ўратаваць Сямёна Шарэцкага ў палітыцы нічога, на жаль, не далі з той прычыны, што спадар Шарэцкі да канца сам не разумеў, што зь ім робяць. І пагадзіўся на выхад з палітыкі. Пасьля выдаленьня Шарэцкага Вік абвясьціў, што дзейнасьць Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня скончылася.

Цяпер, у кантэксьце стварэньня новай палітычнай восі Парыж-Бэрлін-Масква, адбылася легалізацыя гэтай падвоенай палітыкі АБСЭ. Для Беларусі гэта будзе азначаць легалізацыю анэксіі.

Нагадаю, што з 1992 году ідзе змаганьне за Беларусь з расейскім імпэрыялізмам. Вось сутнасьць канфлікту і ўсяго, што ў Беларусі адбываецца. Зьнешнія сілы змагаюцца за падпарадкаваньне і захоп Беларусі, а беларусам прапануюць змагацца за дэмакратыю. Клапаціцца пра валасы, а не пра галаву. Вось сутнасьць таксама падвойнай палітыкі АБСЭ ў Беларусі.

Што цяпер рабіць? Па-першае, мы не пагодзімся з такой палітыкай АБСЭ. Па-другое, мы павінны апэляваць да свайго грамадзтва... Па-трэцяе, мы павінны апэляваць да ЗША і Велікабрытаніі – гарантаў беларускага сувэрэнітэту – каб яны рэальна падтрымалі нашу свабоду і незалежнасьць.

І чацьвертае: мы, беларусы, мусім усьвядоміць, хто яшчэ не ўсьвядоміў, што ўсім трэба злучыцца вакол беларускай нацыянальнай ідэі і абараніць незалежнасьць дзяржавы. Нельга ўвесь час жыць ілюзіямі, што Расея ці Эўропа Беларусі дапамогуць. Не дапамогуць ні Расея, ні Эўропа. Сіла ў нас саміх. І мы можам рэалізаваць яе, калі толькі захочам. І гэта трэба рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG