Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД БЕЛАРУСІ АТРЫМАЎ ПРЫЗНАНЬНЕ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Аляксандар Лукашук, Вена

(Канаплёў: ) “Шэсьць гадоў таму тут, у Вене, быў прыпынены ўдзел нашага парлямэнту ў працы АБСЭ. Сёньня, дзякуй Богу, справядлівасьць перамагла, і вы чулі выступы ня толькі расейцаў і іншых прадстаўнікоў краінаў СНД, якія традыцыйна падтрымліваюць нас, але і канадцаў, і прарлямэнтароў Нямеччыны. Так, я думаю, што той давер, які быў нам аказаны, сёньня знайшло адлюстраваньне ў выступах усіх удзельнікаў нарады ў гэтым пытаньні. Думаю, парлямэнт Беларусі заслугоўвае, як і ўся нашая краіна, таго, каб мы паўнапраўна працавалі ў гэтай паважнай арганізацыі, і думаю, што мы сваёй працай будзем толькі падтрымліваць аўтарытэт АБСЭ”.

(Лукашук: ) “У пісьмовай справаздачы Уты Цапф, якую вы назвалі аб’ектыўнай, і многія іншыя назвалі аб’ектыўнай, утрымліваецца даволі шмат крытыкі, у тым ліку пра тое, што парлямэнт ня мае значнага ўплыву на жыцьцё. Як вы думаеце цяпер, якія крокі вы як віцэ-сьпікер можаце зрабіць для таго каб, беларускі парлямэнт меў большую самастойнасьць і ўплыў у Беларусі?”

(Канаплёў: ) “Па-першае, спадар Сьміт памыліўся. Калі я выступаў, я казаў менавіта пра сёньняшні выступ спн. Цапф, а не пра справаздачу. Што да справаздачы, то ў мяне да яе ёсьць пара спрэчных пытаньняў”.

Тэкст пісьмовай справаздачы рабочай групы АБСЭ аб сытуацыі ў Беларусі хутчэй даваў падставы сумнявацца ў прызнаньні афіцыйнай дэлегацыі. Ня выкананая ніводная з чатырох умоваў АБСЭ, пагоршылася сытуацыя з прэсай, з прафсаюзамі, з выбарамі, няма прагрэсу ў справах зьніклых палітыкаў. Адзіны плюс – вяртаньне місіі АБСЭ з абмежаваным мандатам. Аднак сама кіраўніца гэтай групы Ута Цапф даволі настойліва выступіла за прызнаньне афіцыйнай дэлегацыі і амаль нічога не згадала ў сваім выступе пра нэгатыўны зьмест пісьмовай справаздачы. Тыя, хто не чытаў яе – а такіх большасьць, і гэты дакумэнт надрукаваны па-ангельску, – маглі падумаць, што ў Беларусі амаль усё ў парадку. За прызнаньне Нацыянальнага сходу выступілі ў спрэчках дэлегаты Расеі, Казахстану, Малдовы, Украіны, Канады, а таксама прадстаўніца нямецкай дэлегацыі і Тэры Дэвіс з Рады Эўропы. Рэзалюцыю супраць прапаноўваў кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі Крыстафэр Сьміт.

(Сьміт: ) “Сёньня ў нас ёсьць магчымасьць нешта вельмі важнае пастанавіць. У іншым выпадку, мы маглі б накіраваць вельмі дрэнны сыгнал Лукашэнкаўскаму рэжыму. Ведаеце, я бачыў заяву Лукашэнкі ў справе місіі АБСЭ ў Менску. Там адзначаецца, што яны атрымалі палітычную перамогу, што мы зьмяніліся, пагадзіліся ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Але ж тут уся сутнасьць правоў чалавека. Сябры не дазваляюць сябрам парушаць правы чалавека. Калі існуе краіна, якая іх парушае, мы павінны рэагаваць. І мне падаецца, што гэтая новая місія будзе вельмі ізаляванай і будзе мець вельмі невялікі ўплыў”.

За прапанову Крыстафэра Сьміта адкласьці разгляд гэтага пытаньня да летняй сэсіі ў Ротэрдаме прагаласавала 18 краінаў. Паводле рэглямэнту, для такога рашэньня патрабавалася дзьве траціны. За прыняцьце Беларусі прагаласавала не нашмат больш – 20. Аднак Беларусь была прынятая паводле так званага працэдурнага падыходу, калі правілы рэглямэнту разглядаюцца асобна ад палітычнага зьместу. Менавіта гэты аспэкт быў прадметам гарачай дыскусіі на самым пачатку. Расейская дэлегатка нават абвінаваціла старшыню Асамблеі Бруса Джорджа ў падмане, пасьля чаго адбыўся нэрвовы абмен рэплікамі. Палеміка насіла працэдурны характар, які і вызначыў вынікі галасаваньня.

Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Брус Джордж сказаў:

(Джордж: ) “Рашэньне аднавіць сяброўства Беларусі грунтавалася на правілах... Спадзяюся, што ніхто не спрабуе патлумачыць гэтае рашэньне нечым іншым, як толькі тым, што гэта вынік абмеркаваньня працэдурных правілаў”.

Анатоль Лябедзька і Яраслаў Раманчук у спрэчках не выступалі. Першая рэакцыя Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) “Сёньня Парлямэнцкая Асамблея глядзела на існуючую праблему з пункту гледжаньня працэдуры. А яна наступная: няма юрыдычных падставаў не прадстаўляць статус Нацыянальнаму сходу, таму што ёсьць тры ўмовы, якія павінна выканаць краіна – ратыфікаваць Парыскую хартыю, Гельсынкскія пагадненьні і каб урад быў прадстаўлены ў АБСЭ. Гэтыя тры ўмовы наяўныя, і сёньня акцэнт быў зроблены менавіты на гэтыя складнікі.

Я думаю, для нас і так ёсьць добрым вынікам, што 6 гадоў мы не дапускалі легітымізацыі Нацыянальнага сходу. Мы не разглядаем гэта як трагедыю, ужо зроблена пэўная карэктыроўка тактыкі нашай дзейнасьці, сёньня мы правялі шэраг сустрэчаў, у тым ліку з дэлегацыяй Кангрэсу ЗША, прэзыдэнтам парлямэнту Аўстрыі, з асобнымі прадстаўнікамі нямецкай дэлегацыі, са спн. Утай Цапфай. Хачу адзначыць толькі, што падзел у галасаваньні прайшоў якраз паводле стаўленьня міжнароднай супольнасьці да ірацкай праблемы: 18 нацыянальных дэлегацыяў падтрымалі прапанову ЗША перанесьці гэтае пытаньне на летнюю сэсію, 20 былі супраць і 5 устрымаліся. “Маладая”, ці “новая” Эўропа падтрымала прапанову амэрыканцаў, шэраг краінаў СНД і так званая “старая” Эўропа выказаліся за тое, каб легітымізаваць Нацыянальны сход. Акцэнт рабіўся на тое, што ня трэба ацэньваць гэты крок як падтрымку таго, што сёньня адбываецца ў Беларусі”.

Пасьля паседжаньня Сталага камітэту адбылася сустрэча Анатоля Лябедзькі і Яраслава Раманчука з амэрыканскай дэлегацыяй. Сябар дэлегацыі Стэнлі Гоер заявіў:

(Гоер: ) “Большасьць Асамблеі прыйшла да высновы, што існуюць іншыя парлямэнты, якія не былі абраныя дэмакратычным шляхам, аднак яны зьяўляюцца сябрамі Асамблеі. Такім чынам, ніхто ў вашай краіне, або ўвогуле ў Эўропе, не павінен думаць, што беларускі парлямэнт быў нейкім чынам ухвалены. Проста тут было вырашанае вельмі вузкае працэдурнае пытаньне”.

Якраз падчас гутаркі з амэрыканскай дэлегацыяй Анатоль Лябедзька атрымаў некалькі тэлефонных званкоў зь Менску пра пагрозу зьняцьця сяброў ягонай партыі зь мясцовых выбараў. Крыстафэр Сьміт, які выглядаў моцна расчараваным прынятым рашэньнем, паведаміў, што 13 лютага ён зноў унёс на разгляд Кангрэсу законапраект “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2003”. Сп. Сьміт спадзяецца, што законапраект, які прадугледжвае істотную дапамогу беларускай дэмакратыі, стане законам ужо сёлетняй вясной. На разьвітаньне Стэнлі Гоер паказаў апошні дадатак да газэты “Washington Post”, дзе зьмешчаная дзясятка найгоршых дыктатараў сьвету. Замыкае сьпіс Аляксандар Лукашэнка. Гоер паабяцаў паказаць гэты здымак усім дэпутатам падчас паседжаньня Парлямэнцкай Асамблеі.
XS
SM
MD
LG