Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ Ў БЕЛАРУСІ НЕПІСЬМЕННЫХ?


Галіна Абакунчык, Менск

У менскім дзіцячым доме №3 зьявіўся незвычайны выхаванец: хлопчыку 11 гадоў, але ён ніколі не хадзіў у дзіцячы садок ці школу й нават ня вельмі добра ўмее размаўляць. Паводле неафіцыйных зьвестак, малога выхоўваў дзядуля, бо маці хлопчыка вяла амаральны лад жыцьця і сынам не займалася. Як такое магло адбыцца ў сталічным Менску, цяпер высьветліць даволі складана, бо чыноўнікі хаваюць праўду пра здарэньне. Гаворыць намесьніца кіраўнічкі дзіцячага дому Таіса Кузьняцова:

(Кузьняцова: ) “Я атрымала такое папярэджаньне: нікому інфармацыі пра гэтага хлопчыка не даваць, каб не ствараць ажыятажу вакол дзіцяці”.

Колькі такіх ці падобных выпадкаў існуе ў Беларусі, у Міністэрстве адукацыі ня ведаюць, бо, паводле чыноўнікаў, адказнасьць за падобныя праблемы трымаюць мясцовыя органы ўлады. Аднак непісьменных людзей у Беларусі няма, — заяўляе кіраўнік управы Міністэрства Георгі Бутрым.

(Бутрым: ) “Ніякай інфармацыі на гэты конт ва ўладаў няма. Гэта ўсё на кантролі мясцовых уладаў, яны ж і нясуць адказнасьць. Аднак неадукаваных у нас не павінна быць”.

Тым часам, шырока вядомы выпадак, калі школьніца з Горак Маша Каралькова амаль паўгоду не наведвала школу на знак пратэсту супраць расейскамоўнага навучаньня. Ня так даўно баптысцкая сям’я зь Менску забараняла сваім дзецям хадзіць у школу з прычыны непаразуменьняў на глебе веравызнаньня. А ў Маларыцкім раёне Берасьцейшчыны сям’я фэрмэраў не пускала сваіх дзяцей у школу з прычыны перасьледу фэрмэраў мясцовымі ўладамі. Усяго ж у Беларусі з розных прычынаў школу не наведваюць больш за 2,5 тысячы дзяцей, — кажа інспэктар у справах непаўнагадовых Міністэрства ўнутраных справаў Васіль Мялешка.

(Мялешка: ) “Ня мае значэньня — уладкаваная сям’я ці не. Неўладкаваная — гэта зразумела: п’янства. А ў прыстойнай сям’і бацькі занятыя зарабляньнем грошай, і на дзяцей не хапае ўвагі, таму іх падбірае вуліца”.

Паводле яго, такія дзеці ня ходзяць у школу ўсяго па некалькі тыдняў. Аднак паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Беларусі ва ўзросьце ад 15 да 49 гадоў 9 тысяч чалавек — непісьменныя. Усяго непісьменных жыхароў краіны выяўлена 34 тысячы чалавек, а гэта 0,4% ад усяго насельніцтва краіны.
XS
SM
MD
LG