Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ АДМАЎЛЯЕЦЦА АД “УКРАІНСКАГА ВАРЫЯНТУ” НА ВІЗАВЫХ ПЕРАМОВАХ З ПОЛЬШЧАЙ


Валер Каліноўскі, Менск

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі, гаворачы пра вынікі двух раўндаў перамоваў з Польшчай пра ўвядзеньне візавага рэжыму, зазначаюць, што вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты, але беларускі бок настойвае на прынцыпе “ўзаемнасьці” — які рэжым Польшча прапануе беларусам, такі й Беларусь палякам. Візавы рэжым паміж Беларусьсю і Польшчай пачне дзейнічаць з 1 ліпеня. Колькі будуць каштаваць візы, бакі яшчэ не дамовіліся.

Тым часам амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Марэк Зюлкоўскі днямі выступіў у Кіеве з заявай, што польскія візы для ўкраінцаў будуць выдавацца бясплатна. Украінскі бок у сваю чаргу адмаўляецца ад увядзеньня візавага рэжыму для грамадзянаў Польшчы. Гэтая прынцыповая двухбаковая дамоўленасьць ужо ўхваленая прэзыдэнтамі А.Квасьнеўскім і Л.Кучмам. Падпісаньне адпаведнае дамовы — справа тэхнікі. Гаворыць прадстаўнік МЗС Украіны Аляксандар Гаркоў:

(Гаркоў: ) “Такім чынам, я лічу, што гэтае рашэньне разумнае і карыснае, як для Ўкраіны, так і для Польшчы. Візавы рэжым застаецца, але ён максымальна спрошчаны”.

Ва Ўкраіне ня лічаць, што падобны варыянт сьведчыць пра няроўнасьць бакоў. Там імкнуліся перш за ўсё абараніць правы сваіх грамадзянаў, дасягнуўшы максымальных саступак ад польскага боку, паколькі відавочна, што ўваходзячы ў Эўразвяз, Польшча іначай зрабіць не магла. Да падобнага вырашэньня візавага пытаньня Ўкраіна імкнецца і на перамовах з Вугоршчынай.

Першы міністар замежных справаў незалежнай Беларусі Пятро Краўчанка ўпэўнены, што Беларусі патрэбна пайсьці тым жа шляхам, што і Ўкраіна, тым больш, што польскі бок прапаноўваў такі ж варыянт Расеі й Беларусі.

(Краўчанка: ) “Мне падаецца, што тут на першым месцы павінен стаяць чалавек, асоба, ягоныя асабістыя фінансавыя справы. У гэтым сэнсе я думаю, што прыклад украінцаў больш рацыянальны, разумны. І калі палякі прапанавалі нам такую схему, то я думаю, што на гэта трэба ісьці. Я думаю, што гэта проста памылка з нашага боку, калі мы не прынялі такія ўмовы”.

Пятро Краўчанка лічыць, што беларускі бок прайграе, калі не пагодзіцца на “ўкраінскі” варыянт візавых адносінаў з Польшчай. Паўнавартасны візавы рэжым паміж Беларусьсю і заходнім суседам выкліча новыя цяжкасьці для грамадзянаў.

(Краўчанка: ) “Я ў свой час я марыў пра тое, што такой мяжы проста ня будзе. Што мы будзем якраз на тым баку, што мы будзем шпарка інтэгравацца ў Эўрапейскі Зьвяз. І ў нас былі нейкія шанцы. На ўзроўні 1992 году мы лічылі верагодным быць у ЭЗ у канцы першага дзесяцігодзьдзя гэтага стагодзьдзя, я думаў, што недзе паслья 2005–2007 году мы маглі б таксама інтэгравацца ў Эўразьвяз. У нас былі стартавыя ўмовы вельмі спрыяльныя для інтэграцыі”.

Цяпер гэты шанец страчаны, не назаўсёды, але надоўга, — упэўнены Пятро Краўчанка.
XS
SM
MD
LG