Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРАНІСЛАЎ ГЕРЭМЭК: “ГАЛОЎНАЕ, КАБ БЕЛАРУСЫ ПРЫНЯЛІ СЬВЕТ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ВАРТАСЬЦЯЎ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Адной з галоўных тэмаў, абмеркаваных сёньня, была дапамога Эўрапейскага Зьвязу сваім усходнім суседзям. Удзельнікі канфэрэнцыі гаварылі пра тое, каму трэба найперш дапамагаць – урадам ці грамадзянскай супольнасьці гэтых краінаў. З такім пытаньнем я зьвярнуўся да выступоўца ў гэтай справе ад Беларусі, эканаміста Паўла Данэйкі.

(Данэйка: ) “Дапамагаць трэба краіне. Але калі ўрад краіны ня хоча рабіць рэформы, дык тады гэтаму ўраду дапамагчы немагчыма. А грамадзянская супольнасьць хоча жыць, як належыць, таму выснова простая – у Беларусі дапамагаць трэба менавіта грамадзянскай супольнасьці. Эўразьвяз павінен распрацаваць праграмы дапамогі Беларусі, якія былі б незалежныя ад ўраду і ажыцьцяўляліся праз наўпроставае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю”.

Другая цікавая тэма – гэта праблемы пераходу ўсходніх суседзяў Эўразьвязу да дэмакратычнага дзяржаўнага ладу. Адным з галоўных прамоўцаў у гэтай справе быў былы міністар замежных справаў Гішпаніі Фэрнанда Лопэз. Я запытаўся ў спадара Лопэза, як можна выкарыстаць гішпанскі досьвед пазбаўленьня ад таталітарызму ў Беларусі.

(Лопэз: ) “Наш шлях да дэмакратыі – гэта шлях доўгай барацьбы, зьвязаны зь перасьледам мільёнаў людзей з боку дыктатуры. Аднак крок за крокам рух супраціву ўсё ж перамог рэжым. Удзельнікі руху выкарыстоўвалі тэзу, што без дэмакратычнага ладу Гішпанія ня зможа далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу. Гэта значна павялічыла шэрагі апазыцыі. Акрамя гэтага, вельмі дапамагло супрацоўніцтва нашых палітычных партыяў з калегамі з–за мяжы. Эўрапейскія сацыял-дэмакраты дапамагалі нашым сацыял-дэмакратам, лібэралы – лібэралам і гэтак далей. Эўропа дапамагла нам пабудаваць выбарчую сыстэму, якой у нас увогуле не было. Мне цяжка цяпер сказаць, ці могуць беларускія палітыкі скарыстацца з нашага досьведу, але ў адным я ўпэўнены – усе дэмакратычныя сілы, якія супраць дыктатуры, мусяць аб’яднацца, не зважаючы на штодзённую розьніцу ў поглядах. Толькі так можна перамагчы, і гэта галоўны ўрок”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Лопэз, а ці засталіся сёньня ў Гішпаніі людзі, якія з настальгіяй ўспамінаюць часы дыктатуры ці прагнуць яе вяртаньня?”

(Лопэз: ) “Не, не, такіх людзей вельмі мала. Новае пакаленьне, якое вырасла ва ўмовах дэмакратыі, глядзіць наперад”.

Падсумаваць вынікі канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне, якую палітыку мусіць праводзіць Эўразьвяз у дачыненьнях зь Беларусьсю, я папрасіў сусьветна вядомага палітыка, былога міністра замежных справаў Польшчы прафэсара Браніслава Герэмэка.

(Герэмэк: ) “На маю думку, вельмі важна, што ў Варшаве йшла гаворка пра тое, якія мусяць быць дачыненьні Эўразьвязу з краінамі, якія ў найбліжэйшым будучым да яго не далучацца, у тым ліку і зь Беларусьсю. Асабіста я вельмі цешуся, што тут да Беларусі паставіліся гэтаксама сур’ёзна, як і да Ўкраіны, што Польша мае ідэнтычныя спадзяваньні адносна Менску, нягледзячы на тое, што Кіеў ёсьць нашым стратэгічным партнэрам. Беларусь – гэта наш сусед. Мы маем моцныя гістарычныя сувязі, а цяпер, па вялікім рахунку, і супольныя інтарэсы.

Я спадзяюся, што плян, які запрапанавала сваім партнэрам Польшча і які дае Беларусі канкрэтны шанец на далучэньне ў будучыні да Эўразьвязу, стане падставай палітыкі Брусэлю ў дачыненьнях зь Менскам. Няхай сабе цяперашнія ўлады Беларусі і не заяўляюць пра сваё жаданьне супрацоўнічаць у які заўгодна спосаб з Аб’яднанай Эўропай, але мяркую, што беларусы гэтага хочуць. Таму праблема ёсьць, і яе трэба вырашаць”.

(Карэспандэнт: ) “А што самі беларусы, якія хочуць, каб іхная краіна была бліжэй да Аб’яднанай Эўропы, павінны для гэтага зрабіць?”

(Герэмэк: ) “На маю думку, галоўнае, каб беларусы прынялі сьвет дэмакратычных вартасьцяў – шанавалі дэмакратычныя прынцыпы, правы чалавека, стваралі прававую дзяржаву. Гэтага найбольш чакаюць суседзі Беларусі”.
XS
SM
MD
LG