Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ РАСПАЧАЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ПАЛІТЫКА ПАШЫРАНАГА ЭЎРАЗЬВЯЗУ Ў АДНОСІНАХ З УСХОДНІМІ СУСЕДЗЯМІ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Беларусь – гэта вельмі спэцыфічны выпадак, калі казаць пра дачыненьні з Эўразьвязам, але пазьбягаць дыскусіі ў гэтай справе, асабліва тут, у Польшчы, немагчыма”, – гэтыя словы лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, які побач зь вядомымі ў сьвеце палітыкамі і экспэртамі быў дакладчыкам на варшаўскай канфэрэнцыі, вельмі дакладна адлюстроўваюць памер і сутнасьць той увагі, што ў часе першага дня форуму была нададзеная Беларусі.

Паводле шэрагу адмыслоўцаў, сярод краінаў – усходніх суседзяў пашыранага Эўразьвязу найбольшыя клопаты Брусэль будзе мець зь Беларусьсю. Украіна і Малдова ўжо заявілі, што іхнай стратэгічнай мэтай ёсьць далучэньне да Аб’яднанай Эўропы, Расею, у сваю чаргу, цікавяць перадусім эканамічныя дачыненьні з Эўразьвязам. Невядомыя толькі намеры афіцыйнага Менску, які, як сказаў спадар Вячорка, адмаўляецца ня толькі ад шанаваньня агульнапрынятых дэмакратычных каштоўнасьцяў, а нават ад эўрапейскага ўзору дзяржаўнага ладу.

Паводле міністра замежных справаў Польшчы Ўладзімера Цімашэвіча, Беларусі, аднак трэба даць шанец.

(Цімашэвіч: ) “Магчымасьць, а не гарантаванае абяцаньне, далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу мусіць залежыць ад узроўню рэформаў і выкананьня строгіх агульнаэўрапейскіх крытэраў. Такая магчымасьць мусіць быць адкрытая і для Беларусі, каб заахвоціць гэтую краіну да дэмакратычных рэформаў”.

У часе абмеркаваньня праблемаў будучай ўсходняй палітыкі Эўразьвязу адчувалася, аднак, што значна больш увагі ў гэтай справе надаецца Ўкраіне і Расеі, а Беларусь нярэдка застаецца ў баку. Ці ёсьць гэта ігнараваньнем нашай краіны? Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы ня самы вялікі народ у сьвеце, і гэта нашае шчасьце, што мы ня маем імпэрскіх амбіцыяў. З другога боку, гэта і наша бяда – нас заўважаюць у апошнюю чаргу. Але тут усё залежыць ад нас. Наколькі мы будзем актыўныя ў краіне і сьвеце, наколькі будзем праводзіць разумную палітыку і шукаць саюзьнікаў, настолькі мы ўрэшце рэшт і пераможам”.

Значная ўвага ў часе канфэрэнцыі была нададзеная ролі грамадзкіх арганізацыяў у дзяржавах – усходніх суседзях Польшчы, якія ў менш афіцыйны спосаб могуць растлумачыць людзям перавагі супрацоўніцтва іхнай краіны з Аб’яднанай Эўропай, а пазьней і магчымага далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу.

У сувязі з гэтым з зацікаўленасьцю была ўспрынятая інфармацыя пра тое, што паводле апошніх дасьледаваньняў, насуперак палітыцы афіцыйнага Менску, бальшыня беларусаў хоча далучэньня сваёй краіны да Эўразьвязу.

Акрамя Вінцука Вячоркі, Беларусь на канфэрэнцыі прадстаўляюць Андрэй Саньнікаў і Павал Данэйка. Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі прафэсар Станіслаў Шушкевіч, які таксама мусіў браць удзел у форуме, ня змог выехаць зь Беларусі, бо быў затрыманы на мяжы. Беларускія памежнікі патлумачылі свае дзеяньні тым, што пашпарт спадара Шушкевіча не аформлены належным чынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG