Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ БЕЛАРУСКІЯ АПАЗЫЦЫЯНЭРЫ АСУДЖАЮЦЬ РАШЭНЬНЕ ПА АБСЭ АБ ПРЫЗНАНЬНІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Былы старшыня Вярхоўнага савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч абвінавачвае эўрапейскія структуры ў непасьлядоўнасьці, але частку віны за прынятае ў Вене рашэньне ўскладае й на апазыцыю:

(Шушкевіч: ) “Маё стаўленьне да гэтага вядомае. Я стаўлюся да гэтага адмоўна. Эўропа дзейнічае непасьлядоўна. Выбары не былі прызнаныя легітымным, яны былі сфальсыфікаванымі. І таму дзіўна, што Эўропа дзейнічае так непасьлядоўна. Мне здаецца, галоўная сіла тут такая, усе гэтыя захады беларускага рэжыму актыўна падтрымлівала й падтрымлівае Расея. Расея — звышдзяржава зь ядзернай зброяй, і да яе, як бы там ні было, прыслухоўваюцца. Тут ёсьць і іншая бяда. У нас пэўныя асобы ўзялі на сябе права выступаць ад імя апазыцыі — адныя й тыя ж людзі, якія больш працуюць у замежжы, чым у Беларусі. І мне здаецца, што там ужо яны набілі аскоміну”.

На думку спадара Шушкевіча, цяпер беларусам у справе барацьбы за дэмакратыю ў сваёй краіне трэба разьлічваць толькі на ўласныя сілы.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” і былы намесьнк міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што эўрапейскія парлямэнтары пад уплывам прагматычных нямецкіх палітычных сілаў дапусьцілі сур’ёзную памылку:

(Саньнікаў: ) “Гэта трагічная памылка. Я лічу, тое што зрабілі ў Вене, супярэчыць усім тым заявам, якія мы чулі з боку АБСЭ і з боку эўрапейскіх і міжнародных арганізацыяў. І нават тая працоўная група, якая была ў Менску, адзначыла, што нічога не адбылося ў Беларусі. Ніякіх зьменаў што да выкананьня чатырох умоваў. Прызнаваць зараз палату — гэта значыць прызнаваць практыку беларускага рэжыму. Гэта крызысная сытуацыя для АБСЭ і для Эўропы. Існуюць прагматычныя падыходы ды сытуацыі ў Беларусі. Шмат хто зь нямецкіх палітыкаў прапанаваў гэта зрабіць, так яно й адбылося”.

А вось лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч, наадварот, лічыць, што прызнаньне АБСЭ паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу ўмацуе беларускую дзяржаўнасьць ды дазволіць уладам праводзіць больш самастойную палітыку адносна Расеі:

(Статкевіч: ) “Яны раней ці пазьней павінныя былі прыняць гэтае рашэньне. Таму што прававых падставаў для непрыняцьця гэтага рашэньня не было. АБСЭ ня ставіць патрабаваньняў па дэмакратычнасьці абраньня тых ці іншых парлямэнтаў, што прадстаўленыя ў Парлямэнцкай Асамблеі. Напрыклад, азэрбайджанскі парлямэнт наўрад ці быў абраны больш дэмакратычна. Таму гэтае рашэньне насьпявала, яно павінна было быць прынята. І я са стратэгічнага пункту гледжаньня ня бачу тут нічога жудаснага. У гэтым ёсьць пэўны пазытыў для беларускай дэмакратыі й незалежнасьці.

Чым больш каналаў, кантактаў для ўплыву з боку Захаду на афіцыйныя беларускія інстытуцыі, тым лепш для беларускай дэмакратыі. Непаўнавартасьць прадстаўніцтваў Беларусі у гэтых інстытуцыях стварае вобраз непаўнавартаснай дзяржаўнасьці. І гэта замінае сёньняшнім беларускім уладам праводзіць больш самастойную палітыку ў адносінах да Масквы”.

Праўда, лідэр “Народнай грамады” бачыць у гэтым прызнаньні й нэгатыўныя моманты. У прыватнасьці, пасьля такой замежнапалітычнай перамогі ўлады, на ягоную думку, ня будуць праводзіць у Беларусі дэмакратычных выбараў. А па-другое, будуць выкарыстоўваць гэтую перамогу ў прапагандысцкіх мэтах.

Прадстаўнікі ўладаў жа вельмі задаволеныя рашэньнем ПА АБСЭ. Гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў:

(Катляроў: ) “Мяне зьдзіўляе, што гэта не было зроблена год ці два таму. Бо выбары прайшлі дэмакратычна, Выбарчы кодэкс больш дэмакратычны за той, паводле якога праводзіліся выбары ў Вярхоўны савет 13 скліканьня. Таму я лічу гэта вельмі правільным нармальным рашэньнем”.

А прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных назваў рашэньне Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ значным прагрэсам у дачыненьнях гэтай арганізацыі й Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG