Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАСЕ БУДАЎНІЦТВА НА МЕНСКАЙ СТАРАЖОЎЦЫ ЗЬНІШЧАЮЦЦА ПАРЭШТКІ ПАХАВАНЫХ ТАМ ВАЙСКОЎЦАЎ РАСЕЙСКАЙ ІМПЭРЫІ


Юры Сьвірко, Менск

Летась у лістападзе 75 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў даслалі Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім прапанавалі зрабіць канкрэтныя захады дзеля захаваньня гістарычных і рэлігійных каштоўнасьцяў у Менску, а менавіта спыніць будаўніцтва на месцы былых сынагогаў на вуліцах Дзімітрава й Няміга.

Як сёньня падкрэсьліў кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч, спадар Лукашэнка так і не адказаў на гэты ліст. У той жа час, гаворыцца ў заяве групы, “старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Тозік, кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволілі сабе абсалютна недапушчальныя ў дэмакратычнай дзяржаве дзеяньні: аказвалі ціск на дэпутатаў, якія падпісалі ліст, дапусьцілі іх зьнявагу”.

Група “Рэспубліка” зазначае, што будаўніцтва на вуліцы Дзімітрава, 3 і праектаваньне гаражу-аўтастаянкі на Нямізе працягваюцца. “Рэалізацыя праекту прывядзе да канчатковага разбурэньня раёну летапіснае Нямігі, апетага ў легендарным “Слове пра паход Ігараў”.

Нагадаю, што падчас апошняга саміту ў Кіеве прэзыдэнты Расеі, Украіны й Беларусі абмяніліся выданьнямі гэтага твору на трох мовах. Але дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вырашылі інакш нагадаць Аляксандру Лукашэнку пра ягоныя стасункі з Уладзімерам Пуціным. “У апошнія два месяцы парэшткі воінаў Расейскае арміі ды салдатаў Савецкае арміі, пахаваных падчас Першай усясьветнай і Вялікай Айчыннай вайны на Менскіх ваенных могілках, вывозяцца на звалку падчас правядзеньня будаўнічых працаў паміж вуліцамі Чарвякова й Старавіленскі тракт. Такі вандалізм выглядае асабліва цынічным напярэдадні сьвяткаваньня Дня абаронцы Айчыны”, — гаворыцца ў заяве, падпісанай дэпутатам Парфяновічам.

Ягоны калега генэрал Валеры Фралоў таксама заклапочаны лёсам ваенных могілак на Старажоўцы.

(Фралоў: ) “Безумоўна, я як грамадзянін, як дэпутат, палічыў патрэбным туды зьезьдзіць. Тое, што я там пабачыў, мяне, мякка кажучы, глыбока зьдзівіла. Вельмі дакладна арганізаваныя працы з пункту погляду будаўнікоў. Але і яны былі досыць сур’ёзна зьдзіўленыя, калі на месцы, дзе яны капаюць, яны знайшлі косткі. Туды прыехала група вайскоўцаў. Проста пры нас яны назьбіралі цэляфанавы мяшок костак”.

Генэрал Фралоў дадаў, што лічыць разбурэньне могілак невыпадковым: “Паспрабавалі пачаць зь Нямігі — працягваюць у іншым месцы”.

А прадстаўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, намесьнік дырэктара дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, на прэсавай канфэрэнцыі заявіў:

(Чарняўскі: ) “На вялікі жаль, я вымушаны прызнаць, што ў працэсе вытворчасьці работ сапраўды былі закранутыя чалавечыя рэшткі”.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі журналісты, у тым ліку здымачная група тэлеканалу “Расея”, наведалі будаўнічую пляцоўку на месцы былога Старажоўскага, альбо птушынага рынку. Тут працуе шмат тэхнікі, рыюць траншэі. Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Таварыства абароны помнікаў Уладзімер Дзянісаў распавёў, што тутэйшыя ваенныя могілкі былі створаныя ў 1914 годзе, а праз год на гэтым месцы была пабудаваная праваслаўная царква. Расейская імпэрыя плянавала зрабіць тут мэмарыяльныя брацкія вайсковыя могілкі. Нават фашысты ў 1941 годзе ставіліся да гэтага месца з павагай:

(Дзянісаў: ) “Гэтыя могілкі агарадзілі, пачысьцілі іх нават, і пазначылі на мапе як Менскія брацкія вайсковыя могілкі. На ўсіх нямецкіх акупацыйных плянах з 1941 па 1944 год гэта напісана як вайсковыя могілкі”.

Праўда, гэта не перашкодзіла немцам зрабіць тут канцлягер для савецкіх ваеннапалонных. На невялікай тэрыторыі ўтрымлівалася каля 100 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай арміі. А пасьля вайны на костках некалькіх пакаленьняў вайскоўцаў савецкая ўлада арганізавала рынак, дзе прадавалі быдла. Пазьней на гэты месцы знаходзіўся Старажоўскі, альбо птушыны рынак. У 1996 годзе яго перанесьлі ў Ждановічы, а тут хацелі пабудаваць бізнэс-цэнтар. Аднак грамадзкасьць змагла гэтага не дапусьціць. Тады ж гэтая тэрыторыя была ўзятая пад ахову дзяржавы як помнік гісторыі й культуры. Але пры канцы мінулага году адпаведны дэпартамэнт Міністэрства культуры даў дазвол на правядзеньне тут будаўнічых працаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG