Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРОЎ БЕЛАРУСКІХ ПРАФСАЮЗАЎ ЗАКЛІКАЮЦЬ НЯ ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У “ПАЛІТЫЧНЫХ ГУЛЬНЯХ” ЛЕАНІДА КОЗІКА


Уладзімер Глод, Менск

Падставай для зьяўленьня такога дакумэнта сталі заявы старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка пра тое, што ён гатовы вылучаць Аляксандра Лукашэнку на трэці й нават пяты тэрмін прэзыдэнцтва.

Актывісты дэмакратычных прафсаюзаў папярэджваюць сваіх калегаў — маўляў, гэта надзвычай рызыкоўны крок, які “ў выніку прывядзе да канчатковай страты аўтарытэту прафсаюзаў сярод працоўных Беларусі”. Ператварэньне прафсаюзаў у штабы па збору подпісаў для правядзеньня рэфэрэндуму “зробіць іх у вачох працоўных галоўнымі вінаватымі захаваньня сярэднявечча ў Беларусі”, — адзначаецца ў звароце.

Прэзыдэнт Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук гаворыць, што кіраўніцтва Кангрэсу вельмі занепакоенае тым, што адбываецца цяпер у Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая налічвае амаль чатыры мільёны чалавек.

(Ярашук: ) “Мы зыходзім з таго, што апошнім часам там адбываецца многа нэгатыўных зьяваў і таму можна казаць, што Фэдэрацыя ўсё больш і больш набывае рысы дзяржаўнай структуры. І калі мець на ўвазе, што Фэдэрацыю ўсё менш і менш цікавяць канкрэтныя праблемы становішча справаў з правамі працоўных, становішча саміх працоўных, зьніжэньне ўзроўня жыцьця, рэзкае падвышэньне камунальных паслугаў, калі Фэдэрацыя як бы вады ў рот набрала…І на фоне гэтага робяцца палітычныя заявы. Гэта сьведчыць пра мэтанакіраванасьць усяго, што адбываецца”.
XS
SM
MD
LG