Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗІНАІДА ГАНЧАР І ІРЫНА КРАСОЎСКАЯ ПАТРАБУЮЦЬ АДНАВІЦЬ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СПРАВЫ АБ ЗЬНІКНЕНЬНІ ІХ МУЖОЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская патрабуюць аднавіць расьсьледаваньне, але ўжо ня сіламі пракуратуры. Яны канчаткова расчараваліся ў здольнасьцях і магчымасьцях сьледчых з пракуратруры, у тым ліку сьледчага Ўладзімера Чумачэнкі, які кіраваў сьледзтвам апошнія два гады. Ірына Красоўская згадвае, што Ўладізімер Чумачэнка за гэты час не задаволіў ніводнага з хадайніцтваў, якія яна падавала разам зь Зінаідай Ганчар як пацярпелая.

(Красоўская: ) “Сьледчы Чумачэнка — чалавек даволі несвабодны ў сваіх дзеяньнях, і таму на ўсе хадайніцтвы, якія мы яму падавалі, быў дадзены адмоўны адказ. Я лічу, гэта зроблена не таму, што яны ня могуць нешта зрабіць, а таму што баяцца. Бо калі б задаволілі нашыя хадайніцтвы і пачалі сапраўднае расьсьледаваньне, то ўжо было бы нейкае рашэньне, якое б паказала, што на самой справе адбылося”.

У сваёй скарзе Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар згадваюць, што патрабавалі ад сьледзтва дапытаць усіх асобаў, датычных да справы і да яе расьсьледаваньня. Найперш гэта дзейны генэральны пракурор Віктар Шэйман, ягоны папярэднік Алег Бажэлка ды былы старшыня КГБ Уладзімер Мацкевіч. На думку жонак зьніклых, гэтыя асобы ведаюць, але ўтойваюць праўду пра зьнікненьні, а сьледзтва імі нават не пацікавілася.

Таксама ў скарзе зьвяртаецца ўвага на тое, што сьледзтва ня высьветліла, чаму хлусяць некаторыя высокія міліцыянты альбо чаму іхныя паказаньні супярэчаць адно аднаму. Гаворка пра былога намесьніка міністра ўнутраных справаў Чванкіна, міліцыянтаў Лапаціка, Дзіка, Мурашку ды іншых.

Недахопы сьледзтва Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская тлумачаць тым, што ўзначальвае пракуратуру чалавек, які, паводле іх меркаваньня, мусіць разглядацца як адзін з падазраваных. Гэта Віктар Шэйман. І таму, на думку жонак зьніклых апазыцыянэраў, расьсьледаваньне варта перадаць з пракуратуры ў КГБ.

На яшчэ адзін істотны аргумэнт на карысьць гэтага ўказвае намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла, які аказвае юрыдычную дапамогу Зінаідзе Ганчар і Ірыне Красоўскай.

(Паганяйла: ) “Складваецца цяжкая карціна. Учыненае злачынства супраць чалавека, маецца на ўвазе Ганчар, які раней займаў высокую пасаду. Яго ліквідавалі ў сувязі зь ягонай палітычнай дзейнасьцю, а гэта ўжо не звычайнае злачынства, а тэрарызм, якім паводле закону займаецца КГБ”.

Гары Паганяйла лічыць, што справу пра зьнікненьне Ганчара і Красоўскага трэба перакваліфікаваць з артыкулу пра звычайнае забойства на артыкул 128 Крымінальнага кодэксу — “злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва”. Пакараньне паводле гэтага артыкулу таксама больш сур’ёзнае — да пажыцьцёвага зьняволеньня альбо сьмяротнай кары.
XS
SM
MD
LG