Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎТАІНСПЭКЦЫЯ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЛІБЭРАЛЬНЫ ПАДЫХОД ДА КІРОЎЦАЎ НЕ АПРАЎДАЎ СЯБЕ


Ігар Карней, Менск

У Дзяржаўтаінспэкцыі паведамляюць, што экспэрымэнт, у выніку якога інспэктары ДАІ павінны былі зьмяніць стэрэатыпны імідж “пудзілаў для кіроўцаў” на статус “сяброў і дарадцаў” скончыўся адмоўнымі вынікамі. Адчуўшы беспакаранасьць, удзельнікі руху пачалі паводзіць сябе нахабна — лічаць у аддзеле адміністратыўнай практыкі Дзяржаўтаінспэкцыі.

(Супрацоўніца ДАІ: ) “З нашым народам бізуном трэба, а ня пернікам. Лібэралізам прывёў да рэзкага падвышэньня парушэньняў, дарожна-транспартных здарэньняў; дробныя парушэньні перарасьлі ў буйныя. Не хачу абагульняць, бо, спадзяюся, журналісты — законапаслухмяныя грамадзяне”.

Ужо днямі кіраўніцтва Дзяржаўтаінспэкцыі плянуе ініцыяваць шэраг прапановаў да ўраду. У прыватнасьці, чакаецца хадайніцтва пра падвышэньне памераў штрафаў за наўмысныя парушэньні правілаў. Прадстаўнікі ДАІ не задаволеныя, што фінансавыя санкцыі да парушальнікаў у Беларусі значна меншыя, чым у суседніх краінах. Прыкладам, калі перавышэньне хуткасьці да 20 км/г у Літве цягне ў эквіваленце 15 даляраў, то ў Беларусі толькі пяць.

Разглядаецца магчымасьць спагнаньняў штрафаў праз суды, як гэта робіцца ва Ўкраіне: такім чынам інспэктар ДАІ ня можа ўзяць хабар. Куды часьцей мяркуецца практыкаваць пазбаўленьне права на кіраваньне аўтамабілем: двух парушэньняў паводле аднаго артыкулу можа хапіць, каб пазбавіцца пасьведчаньня тэрмінам да трох месяцаў.

Адзін з інспэктараў ДПС, якога я запытаў наконт мэтазгоднасьці больш жорсткіх санкцыяў да ўдзельнікаў руху, выказаў і свае пажаданьні:

(Інспэктар ДАІ: ) “Самі ведаеце — паток на дарогах павялічыўся. Таму абмежаваньні патрэбныя. Можа, нават паводле ўзросту; неабходнае больш грунтоўнае праходжаньне мэдкамісіі. І што тычыцца курсантаў: іспыты ледзьве здаў, і пра ўсё адразу забыўся. Яны ж таксама езьдзіць зусім ня ўмеюць. Правільнае рашэньне прыняў Менгарвыканкам: старыя машыны эвакуююць з двароў. Доўга ня езьдзіш — наперад, на стаянку”.

Як стала вядома з крыніцаў у ДАІ, неўзабаве можа адбыцца адмысловы інструктаж супрацоўнікаў ДПС. У часе агляду аўтамабіля першачарговую ўвагу будуць зьвяртаць на адзнаку праходжаньня тэхагляду. Ад сёлета машыны старэйшыя за 10 гадоў мусяць будуць праходзіць тэхагляд штогоду. У статыстыцы аварыяў старыя і няспраўныя аўтамабілі складаюць 75%. Другім пунктам абавязковай увагі інспэктара ДАІ будзе наяўнасьць страхоўкі. У выпадку адсутнасьці і таго, і другога сума штрафу складзе пяць базавых велічынь — 60 тысяч рублёў.

У Беларусі амаль два мільёны транспартных сродкаў, за рулём якіх столькі ж кіроўцаў. Яшчэ мінімум пяць мільёнаў чалавек штодня робяцца ўдзельнікамі дарожнага руху як пасажыры ці пешаходы.

А парушаць правілы дарожнага руху ў Беларусі афіцыйна дазваляецца толькі Аляксандру Лукашэнку. Нават ягонае атачэньне, калі едзе на працу, мусіць стаяць у агульнай чарзе ці ў заторы на сьветлафоры ў чаканьні, пакуль пад завываньне сырэнаў і ў суправаджэньні эскорту Аляксандар Лукашэнка праедзе да сваёй рэзыдэнцыі.
XS
SM
MD
LG