Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ РЫХТАВАЦЦА ДА ВАЙНЫ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Злучаныя Штаты працягваюць рыхтавацца да вайны. Сёньня яны зрабiлi афiцыйны запыт Швайцарыi з просьбай дазволiць пралёт амэрыканскiх ваенных самалётаў праз швайцарскую паветраную прастору. Швайцарскiя афiцыйныя асобы кажуць, што iхнае рашэньне будзе залежаць ад пазыцыi ААН. Мiнiстар абароны нэўтральнай Швайцарыi Самуэль Шмiд нядаўна пацьвердзiў палiтыку свайго ўраду, якi вырашыў у 1993 годзе дазваляць пралёт ваенных самалётаў толькi дзеля мiсiяў, якiя падтрымлiвае ААН.

Прыкладна такую ж пазыцыю датычна свайго супрацоўнiцтва агучылi i афiцыйныя асобы Турэччыны, а гэтая краiна мусiць адыгрываць ключавую ролю ў вайне супраць Іраку. Аднак тут можна казаць аб нейкiм гандлi, бо Турэччына дала зразумець, што шмат будзе залежаць ад памераў абяцанай эканамiчнай дапамогi з боку ЗША. Прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшэр ужо заявiў, што Турэччына можа атрымаць 26 мiльярдаў даляраў дапамогi ў абмен на супрацоўнiцтва ў ваеннай апэрацыi. Зь iх шэсьць мiльярдаў – гранты, i яшчэ 20 мiльярдаў – пазыкi. Аднак амэрыканскiя крынiцы кажуць, што Турэччына просiць агулам 30 мiльярдаў.

Злучаныя Штаты i Вялiкая Брытанiя могуць хуткiм часам прапанаваць новую рэзалюцыю Рады Бясьпекi датычна Іраку. Аднак прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падкрэсьлiў, што такая рэзалюцыя ёсьць пажаданай, але не абавязковай.

Большасьць дыпляматаў з Рады Бясьпекi ААН – i з краiнаў, якiя падтрымлiваюць ЗША, i з краiнаў, якiя супраць амэрыканскай пазыцыi – кажуць, што будзе цяжка знайсьцi кампрамiс у iрацкiм пытаньнi. Бальшыня сябраў Рады Бясьпекi падтрымлiвае працяг iнспэкцыяў у Іраку, магчыма, у больш жорсткай форме.

Бадай, самым яркiм прыкладам разыходжаньняў традыцыйных саюзьнікаў у пытаньні Іраку была рэзкая заява прэзыдэнта Францыi Жака Шырака. Шырак назваў “безадказнымi” паводзiны краiнаў-кандыдатаў у Эўразьвяз, якiя падтрымалi жорсткую палiтыку ЗША ў дачыненьнi да Іраку. Амэрыканская газэта “The Wall Street Journal” пiша, што заява Шырака зашкодзiла нацыянальным iнтарэсам самой Францыi, бо паменшыць францускi ўплыў у Эўразьвязе. На думку аглядальнiка газэты, гэтая заява таксама ставiць пад пагрозу еднасьць такiх мiжнародных арганiзацыяў як ААН i НАТО.

Даволi крытычна выступленьне Шырака ацэньвае i нямецкая “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. Газэта называе заяву францускага прэзыдэнта “дзiцячай, небясьпечнай i неразумнай”. На думку аглядальнiка, памылкай было ўжо тое, што на надзвычайны самiт Эўразьвязу не запрасiлi краiны-кандыдаты. А выступленьне Шырака было яшчэ большым прынiжэньнем. Але зь iншага боку, пiша газэта, краiны Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы цяпер задумаюцца, цi варта гэтак падтрымлiваць Злучаныя Штаты, калi iх ставяць перад выбарам – альбо гарантыi бясьпекi з боку ЗША, альбо пэрспэктывы дабрабыту ў Эўразьвязе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG