Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЭЦСЛУЖБЫ ЗША СОЧАЦЬ ЗА ТРЫМА ГРУЗАВЫМІ КАРАБЛЯМІ, НА БОРЦЕ ЯКІХ МОЖА ЗНАХОДЗІЦЦА ІРАЦКАЯ ЗБРОЯ МАСАВАГА ЗЬНІШЧЭНЬНЯ


Кастусь Бандарук, Прага

Караблі, якіх грузапад’ёмнасьць складае да 40 тысячаў тон, былі зафрахтаваныя экспэдытарам з Эгіпту і плывуць пад сьцягамі трох розных краінаў. Усе тры караблі пакінулі порт у канцы лістапада, неўзабаве пасьля таго, як міжнародныя інспэктары распачалі сваю працу ў Іраку. Таямнічыя караблі ўвесь час знаходзяцца ў водах Індыйскага акіяну і толькі зрэдку апускаюць якар ля берагоў арабскіх краінаў, у тым ліку Емэну, дзеля папаўненьня запасаў харчоў і паліва. Цягам трох месяцаў караблі ні разу ня выйшлі ў эфір, а капітаны не змаглі патлумачыць, што яны перавозяць і куды вязуць, што зьяўляецца сур’ёзным парушэньнем марскога права.

З другога боку, узброеныя сілы ЗША і Велікабрытаніі відавочна баяцца затрымліваць гэтыя караблі дзеля праверкі, каб ня выклікаць атакі з боку Іраку. Акрамя таго, калі гэтыя караблі сапраўды перавозяць хімічную, біялягічную або ядзерную зброю, дык іх затапленьне магло б выклікаць экалягічную катастрофу ў рэгіёне.

Вядома, што караблі выплылі не з ірацкага порту, дзе маглі натрапіць на нейкі заходні ваенна-марскі карабель, які патрулюе Пэрсыдзкую затоку, але зь нейкай іншай арабскай краіны, магчыма, зь Ярданіі або з Сырыі. Гэтая вэрсія пацьвярджаецца ранейшымі разьведвальнымі дадзенымі, згодна зь якімі значная частка ірацкай зброі масавага зьнішчэньня была вывезеная ў Сырыю.

Аднак, незважаючы на ўсе высілкі, міжнародныя інспэктары не знайшлі ў Іраку неаспрэчных доказаў наяўнасьці праграмаў у галіне зброі масавага зьнішчэньня. Неверагодна прагучэлі ды выклікалі іранічныя заўвагі ўстарэлыя разьведвальныя дадзеныя, прадстаўленыя Велікабрытаніяй. Кіраўнік місіі ААН Ганс Блікс паставіў пад сумнеў амэрыканскі пункт погляду пасьля таго, як дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл прадаставіў спадарожнікавыя здымкі, на якіх быццам быў зафіксаваны перавоз у іншыя месцы ірацкай зброі масавага зьнішчэньня. Спробы зьвязаць ірацкі рэжым з Аль-Кайдай таксама былі сустрэтыя скептычна.

Аднак Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў цьвердзіць, што Ірак ўсё ж не змог патлумачыць наступнае:

- куды ён дзеў тысячы тон хімічных рэчываў, якія засталіся пасьля вайны з Іранам,
- дзе знаходзяцца 6,5 тысячаў ракетаў з хімічнымі боегалоўкамі,
- куды дзеліся 8,5 літра бактэрыяў сыбірскай язвы,
- дзеля чаго былі ўжытыя 380 ракетных рухавікоў, якія былі прывезеныя ў Ірак кантрабандным шляхам.

Заходнія спэцслужбы, а таксама крыніцы ў самым Іраку лічаць, што падазроныя матэрыялы і дакумэнты, датычныя зброі масавага зьнішчэньня, знаходзяцца часткова ў мячэтах, дамах і кватэрах ірацкіх вучоных, а часткова ў аддаленых месцах, магчыма, у Сырыі або ў іншых арабскіх краінах. У сувязі з гэтым, нават ня маючы канкрэтных доказаў, разьведвальныя службы ЗША і Велікабрытаніі сур’ёзна занепакоеныя наяўнасьцю трох таямнічых караблёў у Індыйскім акіяне.
XS
SM
MD
LG