Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗНАЯ ДЗЯРЖАВА БАІЦЦА, ШТО ГРАМАДЗЯНЕ НЕ ЗАХОЧУЦЬ ПЛАЦІЦЬ ЁЙ ПАДАТКІ


Юры Сьвірко, Менск

На паседжаньні ў Маскве сябры супольнай камісіі, якая распрацоўвае праект канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, вырашылі ўвогуле выдаліць з праекту адзін з васьмі спрэчных артыкулаў. Гэты 28-ы артыкул абавязваў грамадзянаў Беларусі й Расеі плаціць падаткі й зборы ў бюджэт саюзнай дзяржавы. Выдаленьне патлумачылі тым, што такі абавязак мог выклікаць непажаданую палітычную рэакцыю расейскіх і беларускіх грамадзянаў, якім, вядома ж, не спадабаліся б дадатковыя падаткі.

Беларускі бок прапанаваў запісаць у артыкуле 34, што калі няма адмысловага нарматыўнага акту адносна прадметаў супольнай кампэтэнцыі, дык мусіць ужывацца заканадаўства саюзнай дзяржавы. Гэта значыць, што калі саюзны парлямэнт пасьпее нешта прыняць, а беларускі Нацыянальны сход не пасьпее альбо ня зможа, дык заканадаўства Беларусі дзейнічаць на тэрыторыі краіны ўжо ня будзе. Такая самаахвярнасьць зноў не спадабалася расейскім дэпутатам, якія заблякавалі гэты артыкул праекту.

Як кажуць у расейскай Думе, беларускі сувэрэнітэт ратуе толькі нежаданьне Масквы адмаўляцца ад сувэрэнітэту расейскага.
XS
SM
MD
LG