Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕТАСЬ БЕЛАРУСІ ВЫДАЛІ НЕКАЛЬКІ СОЦЕНЬ ЗЛАЧЫНЦАЎ — У АСНОЎНЫМ РАСЕЯ І КРАІНЫ СНД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У пракуратуры Беларусі заяўляюць, што там не забыліся пра справы Тамары Віньнікавай, Аляксандра Пупейкі, Валера Кругавога ды іншых вядомых беларусаў, якія схаваліся за мяжой ад перасьледу на радзіме паводле крымінальнага абвінавачаньня.

(Таранаў: ) “Мы ніколі ня кідалі спробаў экстрадыцыі гэтых Пупейкаў, Віньнікавых ды іншых. Пакуль гэта не ўдавалася, але мы тут не вінаватыя. Будзем працягваць намаганьні. Прэзыдэнт загад паставіў, ён будзе выконвацца”, — запэўніў прэсавы сакратар пракуратуры краіны Аляксей Таранаў.

Паводле яго, варта чакаць “актывізацыі па дыпляматычных каналах і ў межах двухбаковых дамоваў з краінамі пра ўзаемную прававую дапамогу”. Прэсавы сакратар пракуратуры падкрэсьліў: “Зразумела, гэта ня будуць сілавыя захопы людзей на чужой тэрыторыі, але мы будзем у сваіх патрабаваньнях больш настойлівыя”.

Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў, летась з-за мяжы ў Беларусь былі дастаўленыя некалькі соцень злачынцаў. Пераважна іх вярнулі з Расеі, з праваахоўчымі органамі якой у беларускіх міліцыянтаў цесныя стасункі.

Тэхналёгію затрыманьня і выдачы беларускага злачынцы ў Расеі патлумачыў мне прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў Зьміцер Партон:

(Партон: ) “Туды адмыслова можа паехаць наш супрацоўнік, але дзеля каардынацыі, сам захопліваць нікога ён ня будзе. Паводле ягонага даручэньня будуць дзейнічаць расейскія супрацоўнікі міліцыі. Але калі даказана, што гэта злачынец, то ня будзе ніякіх праблемаў з экстрадыцыяй і бяз нашага ўдзелу. Прыкладам, у нас такія кантакты з маскоўскім крымінальным вышукам, што дастаткова аднаго тэлефанаваньня, каб яны выканалі нашае даручэньне”.

Зьміцер Партон прызнаў, што з прычыны розьніцы ў законах больш складанай ёсьць выдача злачынцаў зь іншых краінаў СНД, з Прыбалтыкі й асабліва з краінаў Эўропы. Што да выкананьня новага загаду Аляксандра Лукашэнкі пра тэрміновую экстрадыцыю злачынцаў, якія хаваюцца ў іншых краінах, то Зьміцер Партон пакуль ня бачыць магчымасьцяў актывізаваць гэты працэс.

А што думаюць пра праблему экстрадыцыі юрысты на іншым баку абвінавачаньня? Гары Паганяйла, былы адвакат Тамары Віньнікавай, якая ўцякла ў Вялікабрытанію, лічыць, што ягоная падабаронная можа не турбавацца — экстрадыцыя ў Беларусь ёй не пагражае. І ня толькі таму, што яна атрымала палітычны прытулак, а паміж Беларусьсю і Вялікабрытаніяй няма адпаведнай дамовы аб экстрадыцыі.

(Паганяйла: ) “Галоўная праблема ў тым, што наш суд у сьвеце не прызнаны як незалежны ад выканаўчай улады. Адмысловая камісія ААН гэта вывучала і прыняла адпаведнае рашэньне. Адпаведна ў дэмакратычных краінах лічаць, што немагчыма выдаваць суду тых, каго перасьледуць улады, бо супраць іх могуць ужыць крымінальны перасьлед незаконна. Вось з тае прычыны Польшча адмовілася выдаваць Пупейку”.

Паводле Гары Паганяйлы, беларускія ўлады ведаюць пра рэкамэндацыі эўрапейскай супольнасьці правесьці дэмакратызацыю судовай сыстэмы, зрабіць судовую ўладу незалежнай, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, але ніводнае з гэтых пажаданьняў ня выкананае.

Што да экстрадыцыі злачынцаў праз захоп іх на іншай тэрыторыі, то паводле Гары Паганяйла на тэрыторыі Расеі беларускія сілавікі гэтым займаюцца даўно, і адпаведна тое самае робяць расейскія спэцслужбы на тэрыторыі Беларусі. Гары Паганяйла сьцьвярджае, што ведае прыклады, калі людзей хапалі ў Расеі, а потым прысуджалі ў Беларусі да сьмяротнай кары. Але адвакат выключае, што беларускія спэцслужбы наважацца на падобную акцыю недзе на тэрыторыі Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG