Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК РАСЕЙСКАГА ЦЭНТАРВЫБАРКАМУ СКРЫТЫКАВАЎ ПРАЕКТ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ ГЭТАК ЗВАНАЙ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ


Юры Сьвірко, Менск

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі Аляксандар Вешнякоў заявіў, што ў праекце канстытуцыйнага акту хаваецца мажлівасьць канфліктнай сытуацыі паміж саюзным парлямэнтам і заканадаўчымі органамі Беларусі й Расеі. На паседжаньні супольнай камісіі ў Маскве спадар Вешнякоў нагадаў, што такія канфлікты ўжо адбываліся пры канцы 1980-х і ў пачатку 1990-х гадоў паміж Вярхоўнымі Саветамі Расеі ды СССР.

На думку старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму, праект саюзнага канстытуцыйнага акту мае істотныя недахопы. У 32-м артыкуле праекту гаворыцца, што да прадметаў выключнай кампэтэнцыі саюзнай дзяржавы адносіцца распрацоўка адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, датычна якой ужываюцца законы наўпроставага дзеяньня, што прымаюцца саюзным парлямэнтам. Менавіта гэта, паводле спадара Вешнякова, й можа стварыць канфлікт з нацыянальнымі парлямэнтамі.

Старшыня ЦВК Расеі дадаў, што саюзныя законы наўпроставага дзеяньня мусяць быць чыннымі толькі пасьля ратыфікацыі іх расейскім Фэдэральным сходам і беларускім Нацыянальным сходам.

Былы кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, які пры канцы 1980-х быў сьведкам войнаў саюзнага й рэспубліканскага заканадаўстваў, пра цяперашнія заканадаўчыя сыстэмы Расеі й Беларусі заявіў:

(Шушкевіч: ) “Спалучыць гэта даволі-такі цяжка, таму што ў нас абсалютна розныя канстытуцыі. І спалучыць гэта нейкім надканстытуцыйным актам — гэта значыць утварыць тое, што ўтварыў Лукашэнка з нашай Канстытуцыяй 1994 году. Гэта значыць пазбавіць яе там — дэмакратычных прынцыпаў, а тут — відавочна, нацыянальных. Я думаю, што Вешнякоў ня зь неба зваліўся. Ён аналізаваў гэта сур’ёзна. І ён жа ня сябар наш, ён вораг наш. Ён клапоціцца, каб не было складанасьцяў у вялікай расейскай імпэрыі”.

А сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў у Маскве, што гэтае параўнаньне з савецкім часам, зробленае Аляксандрам Вешняковым, “неправамоцнае”. Як распавядаюць сьведкі, прадстаўнікі расейскай часткі супольнай камісіі былі крыху зьдзіўленыя, што спадар Папоў выступіў лабістам інтарэсаў не свайго парлямэнту, а спадара Лукашэнкі.

Вадзім Папоў заявіў: “Законы наўпроставага дзеяньня саюзнай дзяржавы падпісваюць прэзыдэнты Расеі й Беларусі, і калі кожны зь іх ставіць свой подпіс, дык, значыць, гэты закон узгоднены з нацыянальным парлямэнтам кожнай з краін”. Расейскія дэпутаты ў кулюарах зазначылі, што ў Маскве пакуль такой тоеснасьці паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам, як у Беларусі, няма, і наўрад ці Расея да гэтага дойдзе.

Думскі сьпікер Генадзь Селязьнёў паведаміў, што ў праекце канстытуцыйнага акту зрабілі праўку, згодна зь якой у выпадку, калі саюзны закон ухвалены абедзьвюма палатамі саюзнага парлямэнту, дык любы з прэзыдэнтаў можа накласьці вэта й гэты закон пойдзе ў сьметнік.

“Працэдуры пераадоленьня вэта не існуе”, — сказаў Генадзь Селязьнёў. Ён дадаў, што пакуль камісія схіляецца не да пасады адзінага саюзнага прэзыдэнта, а да захаваньня Найвышэйшай дзяржаўнай рады.
XS
SM
MD
LG