Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС НЯ МАЕ НАМЕРУ ЭВАКУАВАЦЬ З ІРАКУ СВАІХ ГРАМАДЗЯНАЎ


Ігар Карней, Менск

Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што размовы пра эвакуацыю заўчасныя, а пагроза амэрыканскіх бамбаваньняў перабольшаная. На думку ж незалежных палітолягаў, гэтым самым беларускае кіраўніцтва чарговы раз дэманструе сьвету салідарнасьць з рэжымам Садама Хусэйна.

Учора амбасадар Іраку ў Менску заклікаў беларускія ўлады бачыць у асобе Іраку сябра №1, дадаўшы, што ягонай задачай ёсьць ужо найбліжэйшым часам зрабіць Беларусь лідэрам у гандлёвым партнэрстве.

Больш за паўтары сотні беларусаў працуюць на ірацкіх будоўлях, рэгулярнымі сталі афіцыйныя візыты на ўрадавым узроўні. Тады, калі міжнародная супольнасьць абмяркоўвае надрукаваныя ў заходняй прэсе пляны ваеннай апэрацыі ЗША, у часе якіх найперш будуць бамбавацца стратэгічныя аб’екты, уключна зь лётнішчамі, Дзяржкамавія Беларусі заяўляе, што ўжо ўвесну распачне рэгулярныя паветраныя зносіны паміж Менскам і Багдадам.

У кулюарах палітычных ведамстваў абмяркоўваецца тэрміновае прызначэньне Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Іраку замест цяперашняга Часовага паверанага.

Прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі Андрэй Савіных пацьвердзіў, што найбліжэйшым часам Менск ня будзе пераглядаць сваю пазыцыю ў зьвязку з вострай сытуацыяй вакол Іраку.

(Савіных: ) “Беларускія грамадзяне ў Іраку сапраўды ёсьць, але жанчын, дзяцей сярод іх няма. Наша пазыцыя адназначная: мы ўпэўненыя, што магчымасьці палітычнага ўрэгуляваньня ня вычарпаныя”.

А вось палітолягі трымаюцца іншага меркаваньня. Аналітык Інстытуту паліталягічных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў лічыць, што беларускія ўлады наўмысна заплюшчваюць вочы на небясьпеку, якая паўстае перад грамадзянамі.

(Фёдараў: ) “Вядома, што гэта дэманстрацыя поўнай падтрымкі рэжыму Садама. Пакідаць людзей у такой небясьпечнай сытуацыі — гэта выклік: маўляў, мы на баку ірацкага кіраўніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Гэтак беларускія ўлады адгукаюцца на прапанову Іраку сябраваць і захоўваць прынамсі ранейшыя стасункі?”

(Фёдараў: ) “Так, так. Гэта напярэдадні казаў і ірацкі амбасадар: Садам прапанаваў Беларусі стаць ледзьве не найбліжэйшым сябрам ва ўсім сьвеце. Журналістаў дарма запрасілі на тыдзень у Ірак. Гэта таксама будзе дэманстрацыя пазыцыі, калі ведаць, што дзяржаўныя журналісты ў нас не свабодныя ў выбары кірунку камандзіровак”.

Кіраўнік аддзелу Блізкага Ўсходу МЗС Андрэй Дашучын кажа, што беларусы ў любы момант могуць пакінуць Ірак.

(Дашучын: ) “Зараз гаворка пра тое, што, калі апэрацыя і пачнецца, то не раней, чым празь месяц. Таму гаварыць на тэмы эвакуацыі можа і заўчасна. А што тычыцца людзей, то ў нас два чалавекі ў дыппрадстаўніцтве, два дзясяткі рамонтнікаў ад “Белмэталэнэрга”, якія абслугоўваюць тэхніку МТЗ, 160 чалавек, якія паводле кантрактаў з расейскім канцэрнам “Тэхнапрамэкспарт” будуюць энэргетычныя станцыі.

Сем’яў зь імі няма, бо ўмовы ня вельмі зручныя. Таму такіх праблемаў ня маем. Мы разьлічваем на тое, што амэрыканцы — цывілізаваная нацыя; заўсёды дадуць магчымасьць сесьці ў машыну ды зьехаць. Таму ніякай панікі, ніякіх праблемаў”.

Тэлефонныя нумары беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Багдадзе цягам усяго дня былі занятыя. Таму высьветліць, ці зьвярталіся ў амбасаду беларускія грамадзяне, якія, магчыма, жадалі б вярнуцца ў Беларусь, сёньня не ўдалося.
XS
SM
MD
LG