Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЕНУ НАКІРОЎВАЮЦЦА ДЗЬВЕ БЕЛАРУСКІЯ ДЭЛЕГАЦЫІ


Валер Каліноўскі, Менск

Нацыянальны сход не прызнаны Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ легітымным заканадаўчым органам з моманту яго фармаваньня пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Шмат разоў афіцыйны Менск намагаўся вырашыць гэтае пытаньне на сваю карысьць, але безвынікова. Калі ня ўдасца дабіцца месца Нацыянальнага сходу ў ПА АБСЭ і гэтым разам, то ўжо і няварта больш езьдзіць на сэсіі, — упэўнены сябар афіцыйнай дэлегацыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі:

(Красуцкі: ) “Пытаньне павінна быць закрытым канчаткова, і я нават ня бачу неабходнасьці далейшых паездак, калі пытаньне ня будзе вырашанае. Яшчэ на сэсіі ў Бэрліне юрыдычна было вырашана, што адзіным прадстаўніком зьяўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Проста потым была разгорнутая дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі, якая не завершылася і была перанесеная ў Вену. Таму ніякіх працэдурных пытаньняў увогуле не павінна быць, згодна з рэглямэнтам гэта не прадугледжана. І ўсё, што адбываецца цяпер, — гэта парушэньне рэглямэнту ПА АБСЭ. І гэта ўсе цудоўна разумеюць, гэта тупік, у які зайшлі ўсе, і ня ведаюць, як зь яго выйсьці”.

Спадар Красуцкі кажа, што дэлегацыя Нацыянальнага сходу на чале зь віцэ-сьпікерам Уладзімерам Канаплёвым будзе спрабаваць ужо цяпер заняць месцы ў якасьці сяброў ПА АБСЭ, а апазыцыянэры, паводле ягоных словаў, накіроўваюцца ў Вену толькі ў якасьці гасьцей.

Аднак кіраўнік апазыцыйнай дэлегацыі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька кажа, што прававы статус і магчымасьці абедзьвюх беларускіх дэлегацыяў у асамблеі аднолькавыя. Спадар Лябедзька і ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук будуць супрацьстаяць спробам легітымізацыі Нацыянальнага сходу, у чым найбольш актыўна выяўляюць сябе прадстаўнікі Расеі.

(Лябедзька: ) “Мы правялі пэўную падрыхтоўчую працу, мы прыкладна на дзьве трэція нацыянальных дэлегацыяў высылаем інфармацыю, якая датычыць сёньняшняга стану ў Беларусі. І мы канстатуем, што за мінулы тэрмін ніякіх станоўчых зрухаў не адбылося, наадварот, па СМІ, па пачатку выбарчай кампаніі мы канстатуем якраз зьмены да горшага”.

Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што і апазыцыйная, і афіцыйная дэлегацыі будуць прысутнічаць на разглядзе беларускага пытаньня ў Сталым камітэце асамблеі. Магчымыя вынікі цяжка прадказаць:

(Лябедзька: ) “Сытуацыя няпростая. Я бы ацаніў шанцы 50 на 50. Многае будзе залежыць, як мы пасьпеем перад самім паседжаньнем і разглядам беларускага пытаньня правесьці двухбаковыя сустрэчы з шэрагам дэлегацыяў. Могуць быць рашэньні такія: першае — даць месца Нацыянальнаму сходу ці не, і другая прапанова: перанесьці разгляд гэтага пытаньня на летнюю сэсію, даўшы тайм-аўт для афіцыйнага Менску, каб ён за гэты час прадэманстраваў нейкія канкрэтныя прыклады лібэралізацыі сытуацыі ў Беларусі”.

Акрамя Лябедзькі зь беларускай апазыцыі ў Вену былі запрошаныя лідэры БНФ і БСДП “Народная грамада”. Вінцук Вячорка ня змог паехаць на сэсію ПА АБСЭ, таму што заняты на іншым міжнародным форуме. А вось лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч не паехаў у Вену зь іншай прычыны:

(Статкевіч: ) “У сувязі з тым, што ідзе выбарчая кампанія, а нашая стратэгія ў тым, што лёс Беларусі найперш вырашаецца ў Беларусі, я заявіў, што ў сувязі з гэтым я не магу прысутнічаць. Кандыдатам і камандам трэба даць дакладны сыгнал, што самае важнае — гэта выбары”.

Мікола Статкевіч кажа, што што ягоны стратэгічны падыход да пытаньня пра сяброўства Нацыянальнага сходу ў ПА АБСЭ палягае ў тым, што чым болей будзе каналаў уплыву з Захаду на Беларусь, тым лепей для дэмакратыі і незалежнасці Беларусі:

(Статкевіч: ) “Я не разумею тую частку беларускай апазыцыі, якая ўсю сваю энэргію паклала на тое, каб не дазволіць дэпутатам гэтай Палаты прадстаўнікоў некуды езьдзіць”.

Тым ня менш, спадар Статкевіч упэўнены, што з тактычных меркаваньняў наданьне Нацыянальнаму сходу сяброўства ў ПА АБСЭ да завяршэньня выбараў пазбаўляе ўлады хоць нейкай матывацыі да дэмакратызацыі, і такое рашэньне цяпер было б шкодным.
XS
SM
MD
LG