Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ВЫБІРАЦЬ І БЫЦЬ АБРАНЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Спадарыня Сямдзянава дзеліцца вядомымі ёй фактамі:

(Сямдзянава: ) “Вось, прыкладам, спадар Кавальцоў. Як толькі ён даказаў, што ня мае той кватэры, яму адразу выдалі позву ў ваенкамат. 50 гадоў чалавеку, кадравы афіцэр, яго ўвогуле не павінны выклікаць на сборы. Такое, казалі ў ваенкамаце, было апошні раз яшчэ за Савецкім Саюзам. Не — прыйшла позва зь зялёнай стужкай, як падчас татальнай мабілізацыі, калі вайна пачалася”.

Галіна Сямдзянава прадстаўляе Беларускі Народны Фронт — палітычную арганізацыю, якая вырашыла ўдзельнічаць у будучых мясцовых выбарах і ўжо мае вельмі адчувальныя страты ў стане сваіх вылучэнцаў. Паводле Галіны Сямдзянавай, выбарчыя камісіі прыдумляюць самыя неверагодныя падставы, каб перашкодзіць сябрам Партыі БНФ. На цяперашнім этапе гэта рэгістрацыя кандыдатаў — часьцей за ўсё чапляюцца да дэклярацыяў аб маёмасьці.

Прыкладам, беспадстаўна сьцьвярджаецца, што кандыдат не заявіў, што мае ва ўласнасьці кватэру. Пры гэтым даецца пэўны адрас гэтай кватэры. Далей кандыдат уцягваецца ў маруднае даказваньне, што гэта недакладныя зьвесткі. Не пасьпеў ці ня тую даведку прынёс — не зарэгіструюць. Падобныя правакацыі спазналі спадары Кавалец, Лісічэнка, Касьпяровіч зь Менску, Міхальчык з Горадні. Калі гэта чыноўнікам не дапамагае, далучаюць ваенкаматы, як у выпадку са спадаром Кавальцовым, пра які распавяла Галіна Сямдзянава, альбо выкарыстоўваюць просты шантаж і пагрозы.

(Сямдзянава: ) “У Менску ёсьць такі спадар Герасімовіч, ён працуе выкладчыкам у ВНУ. Ён ужо быў зарэгістраваны, але пасьля гэтага яго выклікала начальства на працы, і там сказалі: альбо ты не вылучаесься і працуеш, альбо вылучаесься і не працуеш. І ён ўсё ж быў вымушаны зьняць сваю кандыдатуру”.

Галіна Сямдзянава сьцьвярджае, што простыя грамадзяне, да якіх зьвярталіся яе адзінадумцы па подпісы, цяпер больш прыхільна ставяцца да Партыі БНФ, чым гэта было падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году. Паводле яе назіраньняў, увогуле колькасьць людзей, якія давяраюць партыям дэмакратычнага кірунку, павялічылася. Гэта заўважылі чыноўнікі, і таму яны дзейнічаюць супраць апазіцыйных кандыдатаў з асаблівым імпэтам.

Расповед Галіны Сямдзянавай пра хітрыкі чыноўнікаў дапоўніць наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі.

(Яноўскі: ) “За вылучэньне прадпрымальніцы Тацяны Марчанкі кандыдатам у дэпутаты гарадзкога і абласнога саветаў падалі свае подпісы звыш сямісот гамельчукоў. Спачатку спадарыню Марчанку зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты абодвух саветаў. Аднак праз тыдзень гарадзкая, а за ёю і акруговая камісіі скасавалі рэгістрацыі — на падставе нібыта недакладных зьвестак у дэклярацыі пра даходы.

Падатковая інспэкцыя Савецкага раёну Гомеля падала ў камісіі даведкі пра выручку ад рэалізацыі тавараў, а дэклярацыя патрабуе ўказаць даход. Паколькі лічбы былі рознымі, то камісіі ня сталі аб’ектыўна разьбірацца, у чым справа. Яны проста анулявалі рэгістрацыю.

Тацяна Марчанка падала апэляцыю ў абласную камісію. Пры гэтым яна прынесла даведку падатковай інспэкцыі, у якой расшыфраваная лічба выручкі і пазначаны чысты даход Тацяны. Ён акурат супадае з сумаю, пададзенай прадпрымальніцай у дэклярацыі.

Аднак і абласная камісіія не аднавіла спадарыню Марчанку кандыдатам у дэпутаты. Паводле словаў намесьніка старшыні камісіі Аляксандра Ўсава, камісія атрымала трэцюю даведку з падатковай інспэкцыі з новымі зьвесткамі пра даход прадпрымальніцы. Спадар Усаў адначасова паскардзіўся, што форма дэклярацыі ня ўлічвае спэцыфіку фінансавай справаздачнасьці кандыдатаў-прадпрымальнікаў. Але віна ў гэтым не мясцовых камісіяў, а Цэнтральнай камісіі, якая зацьвердзіла выбарчыя дакумэнты.

Сама Тацяна Марчанка лічыць, што яе, як старшыню гомельскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, проста “вычысьцілі” з кандыдатаў за актыўную грамадзкую пазыцыю.

Ня можа рэалізаваць сваё права быць абраным і фэрмэр з Турава Міхаіл Шруб. Яго таксама пасьля рэгістрацыі на падставе нібыта непраўдзіва запоўненай дэклярацыі выкрэсьлілі з кандыдатаў у дэпутаты і раённага, і абласнога саветаў”.


Варта заўважыць, што ў гэтых выпадках згадваецца пра ціск на так званых незалежных кандыдатаў, якія не прадстаўляюць палітычныя, тым больш апазыцыйныя партыі. Але ўсё роўна улады, відаць,баяцца, што такія людзі стануць дэпутатамі. Чаму мясцовыя чыноўнікі гэтак бессаромна парушаюць правы людзей на вылучэньне ў дэпутаты? Галіна Сямдзянава лічыць, што яны атрымалі загад зьверху, падмацаваны пэўнымі абяцаньнямі:

(Сямдзянава: ) “Мы робім выснову, што дадзеная каманда ўсім, ва ўсялякім разе ў Менскай вобласьці: рабіце што заўгодна — мы вас абаронім”.

Намесьніца старшыні Партыі БНФ Галіна Сямдзянава перакананая, што найвышэйшае кіраўніцтва краіны думае не пра тое, каб забясьпечыць правы людзей на палітычны выбар, а клапоціцца пра захаваньне ўлады.
XS
SM
MD
LG