Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКІМ МЭТРО ПАДВЫШАЮЦЬ ЗАХАДЫ БЯСЬПЕКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнік адміністрацыі менскага мэтрапалітэну, які адказвае за бясьпеку, кажа, што высновы з трагічных падзеяў у карэйскім мэтрапалітэне абавязкова будуць зробленыя і ў беларускай сталіцы. Аднак аб поўнай бясьпецы пасажыраў казаць нельга. Гаворыць прадстаўнік кіраўніцтва менскага мэтро:

(Прадстаўнік кіраўніцтва: ) “Мэтрапалітэн – такі від транспарту, дзе забясьпечыць поўную абароненасьць пасажыраў практычна немагчыма. Але з пункту гледжаньня бясьпекі ў параўнаньні зь іншымі відамі транспарту і зь іншымі мэтрапалітэнамі менскі мэтрапалітэн абаронены ня горш. Аднак сказаць, што гарантыя 100%, канечне, я не магу”.

Менскае мэтро дзейнічае з 1984 году, і ягоныя цягнікі яшчэ ня вычарпалі свой рэсурс, ня маюць яны пакуль і патрэбы ў капітальным рамонце. Цяпер на іх усталёўваюцца дадатковыя сыстэмы бясьпекі. Аднак канструктыўна вагоны расейскай вытворчасьці застаюцца патэнцыйна небясьпечнымі.

(Прадстаўнік кіраўніцтва: ) “Вы ведаеце, яны могуць гарэць… Мы ж у прынцыпе прадукт старой савецкай сыстэмы мэтрапалітэнаў, і з гісторыі мы ведаем такія выпадкі, калі гарэлі вагоны мэтро. Найбольш вядомы выпадак быў у Баку ў сярэдзіне 1990-х. Але большасьць людзей там загінула не ад пажару, а ад напружаньня на кантактах, дыму… Мыцішчанскі вагон паводле таго досьведу згарае за 7–14 хвілінаў. Хаця вытворцы і канструктары вагонаў спрабуюць гэтую праблему вырашыць, каб было менш гаручых матэрыялаў на рухомым саставе”.

Прадстаўнік адміністрацыі менскага мэтро прызнае, што вельмі істотнай праблемай застаецца перагружанасьць падземнага транспарту пасажырамі, гэта нясе і патэнцыйную пагрозу бясьпецы. Каб зьменшыць цісканіну ў мэтро, памяншаецца інтэрвал руху цягнікоў, купляюцца дадатковыя вагоны.

Адміністрацыя менскага мэтрапалітэну сьцьвярджае, што ў цэлым сыстэмы бясьпекі мэтро дастаткова надзейныя, за 19 гадоў эксплюатацыі не было сур’ёзных аварыяў, хаця няштатныя сытуацыі бываюць, выяўляюцца няспраўнасьці ў абсталяваньні. Асобная праблема – жаданьне некаторых грамадзянаў закончыць сваё жыцьцё пад коламі мэтро. У 2000-м годзе было 4 такія выпадкі. Пасля двухгадовага перапынку тыдзень таму яшчэ адзін грамадзянін скочыў на рэйкі, і яго пераехаў адзін вагон. Але небараку пашчасьціла – ён патрапіў у канаву паміж рэйкамі і абыйшоўся нават без драпінаў.

На менскім мэтрапалітэне дзейнічае асобны аддзел унутраных справаў, але часам не хапае міліцыянтаў, каб на станцыях дзяжурылі па двое, бо калі даводзіцца некага затрымаць, то станцыя на пэўны час застаецца безь дзяжурных.
XS
SM
MD
LG