Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРАІНЫ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПРЫНЯЛІ АГУЛЬНУЮ РЭЗАЛЮЦЫЮ Ў СПРАВЕ РАЗЗБРАЕНЬНЯ ІРАКУ


Кастусь Бандарук, Прага

“Ірак павінен раззброіцца, і мы хочам дасягнуць гэтага мірным шляхам. Такая воля грамадзтваў Эўропы. Вайна з Іракам не зьяўляецца непазьбежнай. Сіла можа быць ужытая толькі ў крайнім выпадку. Інспэктарам ААН трэба даць болей часу, але інспэкцыі ня могуць працягвацца бясконца ў сытуацыі, калі Ірак адмаўляецца ад супрацоўніцтва зь імі”. Гэтак гучаць асноўныя пункты рэзалюцыі, прынятай учора вечарам на надзвычайным саміце Эўразьвязу ў Брусэлі. Пасьля прыняцьця рэзалюцыі, прэм’ер Велікабрытаніі Тоні Блэр заявіў:

(Блэр: ) “Я думаю, што ў гэты момант для нас у Эўропе надзвычай важна накіраваць выразны і аднагалосны сыгнал: Ірак будзе пазбаўлены зброі масавага зьнішчэньня, або мірна, або сілай”.

Да адзінства і салідарнасьці з ЗША заклікаў у Брусэлі генэральны сакратар ААН Кофі Анан. Ягоныя словы знайшлі сваю адлюстраваньне ў канчатковым дакумэнце: “...падкрэсьліваем, што будзем супрацоўнічаць з нашымі патрнэрамі, найперш з ЗША, у раззбраеньні Іраку, дзеля міру і стабільнасьці ў рэгіёне і сьветлай будучыні ўсіх яго жыхароў”. Як адзначыў міністар замежных справаў Грэцыі Джордж Папандрэў, сумесная рэзалюцыя зьяўляецца сыгналам, што трансатлянтычная слоўная вайна закончылася і што існуе аднадумства ў пытаньні, што зрабіць, калі Ірак ня выканае патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці. “Мы паказалі Вашынгтону, што працуем дзеля сумеснай мэты і што не выключаем ўжыцьця сілы”. Такім чынам, Хусэйн не павінен разьлічваць на раскол міжнароднай супольнасьці і спасылацца на мірныя дэманстрацыі па ўсім сьвеце. (Аб тым, што нельга забываць пра тыя мільёны праціўнікаў вайны, якія выйшлі на вуліцы ў мінулыя выходныя, гаварыў страшыня Эўракамісіі Рамана Проды). “Багдад не павінен мець аніякіх ілюзіяў: мірная разьвязка канфлікту магчымая толькі ў выпадку поўнага выкананьня рэзалюцыяў ААН, а гэта значыць, што Ірак павінен поўнасьцю супрацоўнічаць з інспэктарамі”. Неабходнасьць працягнуць працу інспэктараў моцна падкрэсьліваў канцлер ФРН Гергард Шрэдэр.

(Шрэдэр: ) “Вельмі важна, што мы знайшлі фармулёўку, якая дае інспэктарам патрэбны ім час. Словы кшталу “час скончыўся” для нас непрымальныя”.

Такім чынам, насуперак скептыцызму шматлікіх аглядальнікаў, эўрапейскія лідэры пераадолелі глыбокія рознагалосьсі, найперш паміж Велікабрытаніяй і Францыяй. Сумесная дэклярацыя разглядаецца як саступка Велікабрытаніі на карысьць “мірнага лягеру”, як называюць сябе праціўнікі вайны на чале з Францыяй і Нямеччынай.

Тоні Блэр пагадзіўся з Францыяй у тым, што Рада Бясьпекі ня мусіць прымаць новую, больш жорсткую рэзалюцыю, але настойваў на тым, што: “Усе бачаць, што Ірак ня цалкам супрацоўнічае з ААН. Гэта значыць, што ён парушае рэзалюцыю 1441 і павінен лічыцца з сур’ёзнымі наступствамі”.

На дыпляматычнай мове гэта азначае вайну. У кулюарах эўрапейскія лідэры паўтаралі словы каардынатара замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўера Саляны, які сказаў: “Усе згодныя – хаця мы яшчэ не дайшлі да гэтага моманту, – што вайна можа быць непазьбежная”. Неспадзявана пагадзіўся з гэтым і міністар замежных справаў ФРН Ёшка Фішэр. Нямеччына пасьлядоўна заяўляла, што ня возьме ўдзелу ў ваеннай апэрацыі, нават пад эгідай ААН, аднак словы Фішэра былі ўспрынятыя як магчымасьць саступкі з боку ФРН.

“Эўрапэйскі міні-крызыс мінуў”, – адзначыў у Брусэлі прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. З другога боку, ён выклікаў замяшаньне, заклапочанасьць і нават крызыс ў дачыненьнях з краінамі-кандыдатамі. Шырак востра скрытыкаваў гэтыя краіны за падтрымку жорсткай лініі, якую праводзяць ЗША. Нагадаем, што нядаўна Польшча, Чэхія і Вугоршчына падпісалі ліст 8 эўрапейскіх лідэраў, у якім рашуча падтрымалі пазыцыю ЗША ў справе Іраку.

(Шырак: ) “Што тычыцца краінаў-кандыдатаў – пра іншыя я не кажу, дык шчыра кажучы, яны паводзяць сябе даволі безадказна. Уступленьне ў Эўразьвяз азначае пэўны мінімум кансультацыі, мінімум дыялёгу. Калі ў першым складаным пытаньні яны выказваюць свой пункт погляду, не азіраючыся на тых, да каго хочуць далучыцца, дык гэта вельмі безадказныя паводзіны”.

Прэзыдэнт Францыі выразна заявіў, што краіны-кандыдаты паступілі неразумна, бы дзеці, што ў дадзеным выпадку яны павінны былі маўчаць. Ён адзначыў, што такая праамэрыканская пазыцыя некаторых краінаў можа нэгатыўна адбіцца на іхным далучэньні да Эўразьвязу. Шырак недвухсэнсоўна намякнуў на Баўгарыю і Румынію, якія спадзяюцца далучыцца да Эўразьвязу ў 2007 годзе. “Нельга забываць пра грамадзкую думку ў краінах-сябрах, якія павінны ратыфікаваць пашырэньне Эўразьвязу”, – адзначыў Шырак, намякаючы на тое, што заходнія грамадзтвы рашуча супраціўляюцца вайне з Іракам. На пытаньне, чаму ён ужывае падвойныя стандарты ў дачыненьні да кандыдатаў і сябраў Зьвязу, Шырак адказаў, што “калі ўжо нехта належыць да сям’і, у яго больш правоў, чым у таго, хто хоча далучыцца да сям’і”. Аднак камісар зьнешніх справаў Эўразьвязу Крыс Патэн дыстанцыяваўся ад заявы прэзыдэнта Францыі. Ён сказаў, што Эўразьвяз – гэта не Варшаўскі Пакт. “Гэта ня толькі эканамічны, але і палітычны клюб, і краіны-кандыдаты маюць права мець сваю думку і выказваць яе”. Прадстаўнік МЗС Польшчы Адам Ротфэль заявіў, што ў палітыцы словы гэтак жа важныя, як і дзеяньні, і таму трэба быць больш стрыманым, аднак Польшча ня мае намеру крыўдзіцца за гэтае выказваньне Шырака і не адкажа ў такім жа духу.
XS
SM
MD
LG