Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў АРМЭНІІ ПРОЙДУЦЬ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Юры Дракахруст, Прага

Заўтра армянскім выбаршчыкам давядзецца сутыкнуцца з новаўвядзеньнем – ім давядзецца кідаць бюлетэні ў празрыстыя урны, якія падаравалі Армэніі міжнародныя арганізацыі. Кіраўнік групы АБСЭ ў Ерэване Рой Рыв называе гэта ўнёскам у празрыстасьць саміх выбараў. Лічыцца, што ў празрыстай урне будзе заўважальны пачак бюлетэняў, калі хтосьці паспрабуе яго падкінуць.

Аднак апазыцыя і міжнародныя назіральнікі выказваюць пэўныя перасьцярогі. Гаворыць Грайр Тамразян, дырэктар армянскай службы нашага радыё, які зараз знаходзіцца ў Ерэване:

(Тамразян: ) “У мясцовых выбарчых камісіях апазыцыя прадстаўленая неадэкватна, у асноўным яны ўкамплектаваныя людзьмі Качарана. Менавіта падлік галасоў на месцах можа быць праблемаю”.

На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 9 кандыдатаў, сярод іх дзейны прэзыдэнт краіны Робэрт Качаран. Паводле дадзеных апытаньняў грамадзкай думкі, ён зьяўляецца і бясспрэчным лідэрам перадвыбарчай гонкі – розныя апытаньні абяцаюць яму ад 25% да 46%, але ва ўсіх дасьледаваньнях ён фігуруе на першым месцы.

Назіральнікі адзначаюць, што апазыцыя істотна зьнізіла свае шанцы на посьпех, ня здолеўшы выставіць адзінага кандыдата – чыньнік, уласьцівы ня толькі Армэніі. Найбольш сур’ёзнымі канкурэнтамі кіраўніка дзяржавы лічацца лідэр партыі “Нацыянальнае яднаньне” Арташэс Гегемян і кіраўнік “Народнай партыі” Сьцяпан Дземірчан.

Паводле меркаваньня дырэктара армянскай службы нашага радыё Грайра Тамразяна, паводзіны мэдыяў падчас перадвыбарчай кампаніі нельга назваць аб’ектыўнымі:

(Тамразян: ) “Што тычыцца асьвятленьня выбараў, то мэдыі безумоўна падыгрывалі прэзыдэнту Качарану. Пра гэта казала і апазыцыя. Я хачу адзначыць, што фармальна стандарты справядлівых выбараў былі захаваныя, апазыцыя атрымала эфірны час. Але гэта не азначае роўныя магчымасьці. Качаран меў значна больш часу. Да таго ж афіцыйныя газэты і тэлеканалы ўвесь час крытыкавалі апазыцыю, заяўляючы, што ў яе няма праграмы, што яна не разумее зьнешнюю палітыку і ня здольная кіраваць краінаю”.

Пасьля Беларусі Армэнія мае ці не найцясьнейшыя палітычныя і эканамічныя сувязі з Расеяй. У чымсьці гэтыя сувязі можна назваць нават больш цеснымі, чым у Беларусі – пэўны час таму Ерэван перадаў Маскве ва ўласнасьць ў лік доўгу памерам 10 мільёнаў даляраў пяць буйных армянскіх прадпрыемстваў, акрамя таго, у даверчае кіраваньне міністэрству атамнай энэргетыкі Расеі перададзеная армянская атамная электрастанцыя.

Ня дзіўна, што адной з галоўных тэмаў перадвыбарчай кампаніі зьяўляюцца адносіны з паўночным суседам. Але па-першае, у гэтым пытаньні паміж асноўнымі канкурэнтамі няма рэзкага антаганізму ў гэтым пытаньні, а па-другое, за ўмацаваньне сувязяў з Расеяй выступаюць хутчэй лідэры апазыцыі. Напрыклад, Сьцяпан Дземірчан выступае за стратэгічнае партнэрства з Расеяй і крытыкуе палітыку балянсу паміж Масквою і Вашынгтонам, якую праводзіў прэзыдэнт Качаран.

Дарэчы, Сьцяпан Дземірчан атрымаў статус апанэнта Качарана, так бы мовіць, у спадчыну ад бацькі. Ягоны бацька Карэн Дземірчан, былы лідэр кампартыі савецкай Армэніі і кіраўнік камуністычнай партыі незалежнай Армэніі ў 1998 годзе прайграў Качарану прэзыдэнцкія выбары. Потым Карэн Дземірчан стаў сьпікерам парлямэнту і ў 1999 годзе быў забіты тэрарыстам, які ўварваўся ў парлямэнт. Сын працягвае справу бацькі. Шэраг палітолягаў лічаць Сьцяпана Дземірчана найбольш сур’ёзным канкурэнтам дзейнага прэзыдэнта. Паводле іх, ён можа сабраць галасы тых армянаў, якія з настальгіяй прыгадваюць лепшыя савецкія часы.

Пра тое, якія праблемы былі ў цэнтры перадвыбарчых баталіяў, гаворыць Грайр Тамразян:

(Тамразян: ) “Што тычыцца праграмаў, то Качаран абяцаў новыя рабочыя месцы і стабільнасьць у краіне. Апазыцыянэры будавалі свае праграмы на пратэсьце, на абяцаньнях зьліквідаваць карупцыю, клянавую сыстэму, якая, паводле іх цьверджаньняў, пануе пры Качаране.

Што тычыцца адносінаў з Расеяй, то, напрыклад, Гегамян прапануе нават уваходжаньне Армэніі ў зону расейскага рубля. Але і іншыя апазыцыянэры выступаюць за больш цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі з Расеяй. Аднак і сам прэзыдэнт Качаран выступае за збалянсаваныя адносіны Армэніі з Захадам і з Расеяй. Ён больш актыўна выступае за інтэграцыю ў эўраструктуры, за збліжэньне з НАТО. Я б сказаў, што ён найбольш ураўнаважаны ў гэтым пытаньні, у яго няма выразнага прарасейскага курсу”.

Хаця Армэнія, як і Беларусь, падтрымлівае цесныя сувязі з Расеяй, аднак эканамічная палітыка Армэніі – супрацьлеглая беларускай. Амэрыканскі дасьледны цэнтар Heritage Foundation называе армянскую эканоміку самай свабоднай з усіх краінаў СНД. Летась Армэнія стала сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Хаця эканамічны крызыс 90-х гадоў у Армэніі быў надзвычай глыбокім, сярэдні даход у краіне і зараз толькі 80 даляраў, але апошнія гады валавы ўнутраны прадукт рос на 8-13% штогод.

Некалькі месяцаў таму не выклікала сумневу перамога Качарана ў першым жа туры, зараз рэйтынг кіраўніка дзяржавы крыху зьнізіўся і назіральнікі лічаць, што амаль непазьбежны другі тур, у якім, паводле іх? пераможа ўсё ж Качаран.

Пра тое, якую пазыцыю ў армянскіх выбарах займае Масква, гаворыць Грайр Тамразян:

(Тамразян: ) “Масква фактычна дала зразумець, што яна падтрымлівае дзейнага прэзыдэнта. Падчас выбараў Качаран двойчы сустракаўся з Пуціным. Астатнія кандыдаты нават больш прарасейскія палітыкі, але гэта ім не дапамагло, каб Масква зьмяніла сваё стаўленьне. У Расеі няма праблемы, хто будзе прэзыдэнтам Армэніі, бо ўся армянская палітычная эліта – прарасейская. Але відаць, расейцы хочуць стабільнасьці, і таму іх задавальняе Робэрт Качаран”.
XS
SM
MD
LG