Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЦІСНУЦЬ НА НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ АВІЯДЫСПЭЧЭРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі транспартнай пракуратуры Беларусі прыйшлі 17 лютага ў офіс прафсаюзу авіядыспэчэраў і запатрабавалі, каб прэзыдэнт прафсаюзу Юры Мігуцкі даў ім дакумэнтацыю ды арганізаваў сустрэчу зь сябрамі сваёй арганізацыі. Супрацоўнікі пракуратуры патлумачылі свой візыт тым, што з канца студзеня іх ведамства ў адпаведнасьці з распараджэньнем Міністэрства юстыцыі праводзіць праверку прафсаюзу.

Намесьніку міністра юстыцыі спадару Петрашу падаецца, што авіядыспэчэры парушылі дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога прафсаюз можа мець статус агульнабеларускага толькі ў тым выпадку, калі ў яго шэрагах налічваецца ня менш за 500 сяброў. І гэта пры тым, што іншыя супрацоўнікі Мінюсту сьцьвярджаюць, што прафсаюз авіядыспэчэраў быў перарэгістраваны законна.

Праблемы ў незалежнага прафсаюзу авіядыспэчэраў пачаліся з прыходам на пасаду старшыні Камітэту авіяцыі Фёдара Іванова. Гэты чыноўнік адмовіўся супрацоўнічаць з актывістамі прафсаюзу. А калі пасаду старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў заняў Леанід Козік, авіядыспэчэрам паставілі ўльтыматум. Гаворыць Юры Мігуцкі:

(Мігуцкі: ) “Пасьля прыходу на пасаду старшыні Фэдэрацыі Козіка, старшыня Дзяржкамітэту авіяцыі на адным з паседжаньняў паставіў нам ультыматум — альбо мы ўваходзім у Фэдэрацыю прафсаюзаў, альбо ў адваротным выпадку павінныя прыняць рашэньне аб сваёй ліквідацыі”.

Чыноўнікі казалі авіядыспэчэрам, што ў выпадку невыкананьня гэтага патрабаваньня многія зь іх могуць пазбавіцца працы. Некаторыя сябры прафсаюзу паддаліся ціску, але пасьля напісалі заявы, у якіх прасілі лічыць іхнае рашэньне аб выхадзе з арганізацыі несапраўдным. Тады ўлады пачалі юрыдычную праверку прафсаюзу.

Юры Мігуцкі лічыць, што ўладам не падабаецца незалежная пазыцыя прафсаюзу, таму яны хочуць яго зьнішчыць.

А вось меркаваньне старшыні Беларукага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука:

(Ярашук: ) “Прычына адзіная — увесь незалежны прафсаюзны рух як костка ў горле і для ўлады, і для ФПБ. Цяпер галоўнае — прынцыповасьць пазыцыі саміх авіядыспэчэраў. Мы гатовыя на любыя крокі, на любыя дзеяньні. І мы будзем адстойваць іхныя правы, але й яны самі павінны быць гатовымі ісьці да канца. Ніякіх ілюзіяў ня трэба мець”.

Авіядыспэчэры і Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў ужо зьвярнуліся па падтрымку да Міжнароднай арганізацыі працы, ды да іншых прафсаюзных аб’яднаньняў замежжа.

Лідэры прафсаюзу авіядыспэчэраў таксама не выключаюць, што каб абараніць свае правы, ім прыйдзецца распачаць страйк. Аднак у Дзяржкамітэце авіяцыі страйку авіядыспэчэраў не баяцца. Справа ў тым, што паводле беларускага заканадаўства авіядыспэчэры права на страйк ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG