Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЕГIЯ ВIЦЕБСКАГА АБЛСУДУ АДМОВIЛАСЯ ЗАДАВОЛIЦЬ СКАРГУ ВАЛЕРЫЯ ШЧУКIНА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньняшняе паседжаньне калегіі Віцебскага абласнога суду сталася чарговым этапам змаганьня кандыдата ў дэпутаты Полацкага гарсавету Валерыя Шчукіна cупраць гарадзкіх уладаў Полацку, якія санкцыянавалі стварэньне ўчастковых выбарчых камісіяў спрэс з падначаленых ягоным супернікам асобаў. Віцебская судовая калегія не задаволіла ягоную скаргу на тое, што шэраг камісіяў у Полацку відавочна створаны дзеля падтрымкі пэўных кандыдатаў — кіраўнікоў, якія прадстаўляюць інтарэсы ўладаў. Такія камісіі спадар Шчукін называў “пэрсанальнымі”:

(Шчукін: ) “У Полацку на 31 дэпутацкае месца 29 прэтэндэнтаў — гэта дырэктары, галоўныя інжынэры, камандзіры з вайсковай часткі й г.д. І ў іх свае камісіі. Свае пэрсанальныя камісіі, зь якімі яны йдуць на гэтыя выбары”.

Валеры Шчукін выказаў пратэст супраць сфармаваных падобным чынам камісіяў, і сваю першую скаргу з гэтае нагоды ён яшчэ месяц таму скіраваў у Полацкі гарвыканкам ды ў Віцебскі аблвыканкам. Але тамтэйшыя супрацоўнікі ня згледзелі ў выкладзеных спадаром Шчукіным фактах парушэньняў выбарчага заканадаўства. Тады Валеры Шчукін зьвярнуўся ў Полацкі гарадзкі суд, каб адмяніць рашэньне гарвыканкаму аб утварэньні ўчастковых камісіяў. Аднак суд не прыняў да разгляду ягоную заяву, таксама палічыўшы яе беспадстаўнай.

Пасьля таго, як заяву адхіліла і калегія Віцебскага абласнога суду ў складзе судзьдзяў Радзько, Фальковіч ды Матушайкес, вядомы апазыцыянэр ды праваабаронца наважыўся на наступныя крокі: зьвярнуцца найперш да абласнога суду, а пры неабходнасьці працягваць сваё змаганьне і ў вышэйшых інстанцыях, аж да Камiтэту правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
XS
SM
MD
LG