Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІКІ “ХІМВАЛАКНА” І “БЕЛШЫНЫ” ХОЧУЦЬ НАБЫВАЦЬ АКЦЫІ ЗА ЧЭКІ “МАЁМАСЬЦЬ”, А НЕ ЗА ГРОШЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

На Бабруйскім камбінаце “Белшына” распачаўся льготны продаж акцыяў за грошы работнікам прадпрыемства. Кошт адной складае 2640 рублёў. Гэта на 20% ніжэй за намінальны кошт.

Акцыі “Белшыны” за грошы набываюцца ня надта актыўна. На сёньняшні дзень набыта крыху больш за 17 тысяч акцыяў, усяго ж іх больш за 8 мільёнаў. Людзі набываюць звычайна па дзьве, пяць, максымум 10 акцыяў.

Людзі чакаюць набыцьця акцыяў за чэкі “Маёмасьць”, аднак ім тлумачаць, што з прычыны недахопу інвэстыцыяў ураду патрэбныя жывыя грошы.

Работнікі “Белшыны” незадаволеныя, аднак, як самі гавораць, народ да ўсяго прызвычаіўся і больш клапоціцца пра тое, каб ня звольнілі й не пакінулі без заробку.

На магілёўскім “Хімвалакне” людзі разумеюць акцыянаваньне як вымушаную, неабходную меру. Гэта пацьвердзіла і апытаньне на прахадной.

(Спадар: ) “Так, як нам гавораць, дык акцыянаваньне — справа добрая. “Лаўсану” патрэбныя грошы, трэба пашырацца, усё абсталяваньне старое, трэба прыцягваць нейкія сродкі”.

(Спадарыня: ) “Каб нам, канечне, былі ад гэтага акцыянэрнага таварыства нейкія грошы. Таму што заробак у нас малы, дык хоць на гэта трэба спадзявацца”.

(Спадар: ) “Да акцыянаваньня стаўлюся станоўча, а да гульняў ураду вакол акцыянаваньня — адмоўна. У тым ліку, што работнікам хімічнага комплексу адмоўлена ў набыцьці акцыяў свайго прадпрыемства за чэкі “Маёмасьць”.

У працоўным калектыве “Хімвалакно” зараз ціхае хваляваньне. Людзі хочуць набыць акцыі за чэкі “Маёмасьць”, а не за грошы. Тым больш што, паводле меркаваньняў людзей, яшчэ незразумелая каштоўнасьць акцыяў. Некаторыя параўноўвалі іх з тымі ж чэкамі “Маёмасьць”, ад якіх цяпер мала карысьці.

На хімічных прадпрыемствах, якія сталі акцыянэрнымі таварыствамі, таксама хвалююцца, ці прыме дзяржава рашэньне аб продажы буйных пакетаў акцыяў інвэстарам. Бо ад гэтага залежыць далейшае разьвіцьцё прадпрыемстваў, а значыць, і заробкі людзей.

Спадзяваньні выклікаў нядаўні візыт на “Белшыну” прадстаўнікоў амэрыканскай кампаніі “Гудзіер”, якія рабілі свае прапановы яшчэ пяць гадоў таму, аднак іх не падтрымала найвышэйшае кіраўніцтва краіны. Цяпер, паводле некаторых зьвестак, “Гудзіер” хоча 75% акцыяў “Белшыны”. Інфармацыі пра пэўнага патэнцыйнага інвэстара “Хімвалакна” пакуль няма.
XS
SM
MD
LG