Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЗЭРВІСТЫ Ў БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКУ МОГУЦЬ ЗЬЯВІЦЦА ЎЖО ЎВЕСНУ


Ігар Карней, Менск

У беларускім войску служыць болей як 80 тысяч чалавек. Такую колькасьць бюджэтная структура з абмежаваным фінансаваньнем утрымлівае зь цяжкасьцю. Таму ўжо цяпер мяркуецца скараціць колькасьць вайскоўцаў да паўсотні тысяч, а астатніх перавесьці на кантрактную аснову. Прымусовы прызыў на тэрміновую службу мяркуецца скараціць да мінімуму. І выйсьце знайсьці спрабуюць праз рэзэрвовую службу.

Міністэрства абароны заяўляе, што вайсковая падрыхтоўка, як кажуць, без адрыву ад вытворчасьці, можа распачацца найбліжэйшым часам. Гаворыць прадстаўнік міністэрства Леанід Захаранка:

(Захаранка: ) “Мне здаецца, што гэта здарыцца ўжо ўвесну. Праўда, рэальных лічбаў — колькі нам спатрэбіцца рэзэрвістаў — фіксаваць не выпадае. Шмат залежыць ад прызыву, бо ідзе скарачэньне войска. Таксама ідзе паступовая замена тэрміновай службы кантрактнікамі. Таму лічба, як кажуць, моцна плавае. Што тычыцца самой мадэлі? Пэўна, памятаеце так званых “партызанаў”: выклікалі на зборы дзён на дзесяць, раз на 3–4 гады. У выпадку з рэзэрвістамі зборы плянуюцца без адрыву ад вытворчасьці. Будуць вызначаныя дні, калі тэорыю пачытаць, альбо практыкай пазаймацца. Задача — навучыць хлопцаў, якім не знайшлося месца ў войску, спэцыяльнасьцям. І падтрымліваць іх у форме пастаянна”.

Толькі месяц таму міністар абароны напярэдадні абмеркаваньня прапановы пра скарачэньне тэрмінаў службы і магчымасьці яе альтэрнатыўнага праходжаньня, асабіста на сэсіі Палаты прадстаўнікоў пераконваў дэпутатаў не сьпяшацца з высновамі: прынамсі, да 2006 году пакінуць усё бязь зьменаў. Што магло стацца падставай да кардынальных рашэньняў?

Адмыслоўцы лічаць, што насамрэч прычына ня столькі ў жаданьні перавесьці войска на прафэсійную глебу, колькі хоць часткова паспрабаваць вырашыць грашовы дэфіцыт. Пасьля распаду савецкай арміі і ліквідацыі Беларускай ваеннай акругі адлічэньні на ваенныя мэты ажыцьцяўляюцца паводле рэшткавага прынцыпу. Вось меркаваньне падпалкоўніка ў адстаўцы Ўладзімера Нісьцюка, які дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня неаднаразова ініцыяваў законапраект аб альтэрнатыўнай службе:

(Нісьцюк: ) “Ніхто, і спадар Мальцаў таксама, не даюць лічбаў: колькі павінна войску дзяржава? Яно не атрымлівае фінансаваньня, прадугледжанага бюджэтам. У такой сытуацыі патрэбна ашчаджаць грошы. Сувораўская вучэльня з шасьцігадовага навучаньня пераходзіць на пяцігодку: невялікая, але эканомія. Матэрыялы двайнога прызначэньня як раней, гэтак і зараз рэалізуюцца за мяжу. Шукаюцца грошы паўсюль.

І толькі ніяк ня можа дзяржава зарабіць і скласьці бюджэт, які б гарантавана выконваўся. Замест, напрыклад, футбольнага манэжу даць вайскоўцам, якія ходзяць напаўраспранутыя, на форму. У дзяржавы грошай няма, каб трымаць войска на сваім балянсе. Таму так лёгка зараз згаджаюцца на альтэрнатыўныя варыянты, хоць гэта рэальна было зрабіць яшчэ ў 1995–96 гадох”.

Стаўка на рэзэрвістаў практыкуецца ў многіх краінах. Прыкладам, напярэдадні магчымай вайсковай апэрацыі супраць Іраку камандаваньне амэрыканскага войска мабілізавала болей як 100 тысяч рэзэрвістаў, якія маюць дадатковыя да цывільных вайсковыя спэцыяльнасьці ўсіх профіляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG