Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАСПАЧАЎСЯ МІЖНАРОДНЫ ФЭСТЫВАЛЬ ДАКУМЭНТАЛЬНАГА КІНО “АДЗІНЫ СЬВЕТ-2003”


Галіна Абакунчык, Менск

Гэта другі фэстываль дакумэнтальнага кіно. Першы такі фэстываль адбыўся ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Гэтым разам імпрэза прысьвечаная змаганьню за дэмакратычныя каштоўнасьці й свабоды ў розных краінах сьвету. Правядзеньне фэстывалю сталася магчымым, дзякуючы чэскаму фонду “Чалавек у нядолі”, а таксама беларускаму грамадзкаму аб’яднаньню “Сфэра”. Пра мэту фэстывалю гаворыць выканаўчы дырэктар “Сфэры” Аляксей Казлоў:

(Казлоў: ) “Няма фэстывалю, які б паказваў змаганьні людзей за дэмакратычныя каштоўнасьці. І ўлады робяць усё магчымае, каб такія фэстывалі не праходзілі, каб адцягваць увагу людзей ад рэчаіснасьці. Таму ў нас на мэце — запаўненьне гэтай нішы й асьвятленьне праблем змаганьня за дэмакратыю ў сьвеце”.

Паводле яго, мінулым разам арганізатарам забаранілі праводзіць імпрэзу ў Музэі беларускага кіно, таму цяпер фэстываль адбудзецца ў сядзібе БНФ. Усяго на конкурсны прагляд выстаўленыя 11 стужак з розных краінаў сьвету, у тым ліку з Чэхіі, Югаславіі, ЗША, Даніі ды іншых. Беларусь будзе рэпрэзэнтаваць дакумэнтальная стужка “Дарога на Курапаты”, зьнятая паводле сцэнару Аляксандра Лукашука рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім.

Спадар Жданоўскі вітае гэткі выбар арганізатараў, бо перакананы, што тэма нявінна закатаваных ніколі не губляла ў Беларусі актуальнасьці. Гаворыць Міхаіл Жданоўскі:

(Жданоўскі: ) ”Дарога на Курапаты” — гэта дарога на галготу. Афіцыйна яго паказваць ня хочуць, дзякуй Богу, што так паказваюць –– гэта па-першае. Па-другое — гэта заўсёды актуальна. Калі мы здымалі эксгумацыю, перад аб’ектывам кінакамэры гісторыя паказвала сваё аблічча. І ня шкодзіць нагадваць, што можа зь людзьмі адбывацца пры пэўным патураньні. Я ведаю, што гэта менавіта так, што гэта можа паўтарыцца”.

“Дарога на Курапаты” завершыць конкурсны прагляд фэстывалю “Адзіны сьвет-2003”, які будзе доўжыцца з 19 лютага да 1 сакавіка.
XS
SM
MD
LG