Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХАЛОПЕНІЧЫ


Ягор Маёрчык, Халопенічы

Мястэчка Халопенічы. Крупскі раён Менскай вобласьці. Непадалёк ад паселішча — возера Сялява і дзьве рэчкі, якія цякуць у розныя бакі. Тут праходзіць водападзел паміж Чорным і Балтыйскім марамі. Разам з гэтым, чвэрць паселішча пакутуе на адсутнасьць вады. Некалі ад калгаснай вежы да сялянскіх хатаў правялі трубы. Месьцічы кажуць, што зажылі яны тады “як у горадзе”. Затым калгас заняпаў. Адпаведна перасох і вадаправод.

Я зайшоў у хату да Валянціны Баркоўскай, каб напіцца. Гаспадыня прапанавала на выбар малако ці вяршкі, але не ваду.

(Баркоўская: ) “Сухі такі год, і ваду адключылі. А цяпер ідзе зіма: маразы і сьнега хутка навее. Як нам нанесьці з гэтага калодца вады? Паспрабуй паскардзіцца, дык кажуць — сядзь і сядзі. Госпадзі, на гэтую старую бабу хоць бы трошкі ўвагі зьвярнулі. Хоць бы трошкі! Хоць бы крыху ўвагі.

Вось вам распавяду, як было цяжка. Дзед круцёлку круціць адной рукой, якая здаровая, а я стаю, каб схапіць вядро. Я ўчаплюся дзьвюма рукамі і з ўсёй сілы цягну на бераг. А вядро туды мяне цягне. І так пакуль вады наносім, задушымся. А мыцца трэба. Куды ж дзецца? Брудным хадзіць ня будзеш!”

(Карэспандэнт: ) “А на што спадзяваньні ў людзей ёсьць?”

(Баркоўская: ) “На тое, што хутка памрэм. І ўсё гора скончыцца. Вось і ўсе спадзяваньні!”

Яшчэ адна праблема — халопеніцкі дзіцячы дом. Ягоныя старэйшыя выхаванцы вучацца разам са сваімі аднагодкамі зь сем’яў. Дарослыя месьцічы занепакоеныя тым, што дзетдомаўцы адмоўна ўплываюць на іхных нашчадкаў. Шукаю сустрэчы з кім-небудзь з настаўнікаў. Знаходжу. Фрагмэнт нашай размовы:

(Карэспандэнт: ) “Ад жыхароў Халопенічаў, якія маюць хлопчыкаў і дзяўчынак, што навучаюцца ў вашай школе, я чуў такую занепакоенасьць: дзеці зь дзіцячага дому, якія навучаюцца тут жа ў гэтай школе, яны адмоўна ўплываюць на іхных дзяцей. Яны мне казалі, што ад іх хлопчыкі і дзяўчынкі навучыліся ўжываць і нецэнзурную лексыку, і паляць, і былі выпадкі з ужываньнем алькаголю. Ці ёсьць гэткае?”

(Спадар: ) “Былі, вядома. Увогуле, на мой погляд, яны павінны займацца ў дзіцячым доме. Яны нагледзеліся й навучыліся ўсяму дрэннаму. Ну, калі я ў гэтым калектыве, ды не хачу паліць, дык мяне прымусяць”.

Запытваюся ў месьцічаў: што ў вас тут ёсьць такога, чаго няма нідзе? Некалькі чалавек запар вымаўляюць дзіўнае словазлучэньне, якое вандроўніку адразу рэжа слых — “халопеніцкія грошы”. Пасьля чую доўгія тлумачэньні: сапраўдную валюту за здадзенае малако тут не выплачваюць, і таму калгасьнікам даюць расьпіскі. З гэтымі паперкамі яны й наведваюцца ў крамы.

Самапальным грашовым знакам баба Ніна ня надта верыць. І таму ў чаканьні лепшых часоў вырашыла не дзяліцца малаком зь дзяржавай.

(Ніна: ) “Дагэтуль у нас усё ішло нармалёва. Толькі гэта сёлета такое! Пяць разоў расьпісваемся. Пішуць там, колькі ў нас грошай і прозьвішча маё. Вось трэба мне былі соль і камбікорм, я пайшла і ўзяла на 11 тысяч. А на колькі ў мяне там засталося грошай, мне далі цьвікоў. Усе харчы на рынку таньней”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж на рынку гэтыя паперкі ня дзейнічаюць?”

(Ніна: ) “Не-а!”

На цэнтральным пляцы Халопенічаў стаіць помнік народжанаму тут Адаму Багдановічу. Раней на гэтым месцы быў Ленін. Стандартная скульптура. Правадыр трымаў у выцягнутай руццэ газэту. Вось тая самая рука й прыцягвала людзей магнэсам — на ёй падцягваліся, нават залазілі й сядзелі, боўтаючы нагамі. Урэшце гэтую частку цела таварышу Ўльянаву адламалі. І з тулава Ўладзімера Ільіча пэўны час тырчала арматура. Дасьціпныя халопенцы параўноўвалі тады Леніна з Тэрмінатарам, адмоўным героем аднайменнага фільму.

Зрэшты, гэтым повязь маленькага мястэчка з кінаіндустрыяй не абмяжоўваецца. Ва ўсіх энцыкляпэдыях Халопенічы пазначаныя як радзіма Міхаіла Левіна, вядомага ўсяму сьвету пад імем Маркус Лоў. Сын шаўца некалі зьехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі і там ўвайшоў ва ўсясьветную гісторыю заснавальнікам кінакампаніі “МГМ”, якая сталася пачаткам Галівуду.

Супрацоўнікі тутэйшага Дому культуры пры кожнай магчымасьці распавядаюць пра Міхаіла Левіна ды іншых слынных землякоў. Увогуле культурніцкая дзейнасьць вядзецца ў Халопенічах, калі можна так сказаць, традыцыйнымі мэтадамі: дзецям — гурткі і КВН, дарослым — народныя сьвяты ў чырвоныя дні календара. Доўга рыхтаваліся да адзначэньня 550-х угодкаў Халопенічаў. Але чыноўнікі з Крупскага райвыканкаму гэтае сьвята скралі, ці, дакладней кажучы, скасавалі.

Дырэктар халопеніцкага Дому культуры Андрэй Пятрэнка:

(Пятрэнка: ) “Не, лепей па-расейску. Зараз тым больш пасьля хваробы: магу блытацца. Сьвята мястэчка на цэлы дзень плянавалі. Рыхтавалася ўсё даволі-такі не высокім узроўні. Але Крупкі сказалі, што цяпер не да сьвятаў і трэба зьбіраць ураджай. Сьвята людзям сарвалі — так атрымліваецца. У сябе, у Крупках, яны праводзілі сьвята гораду. І наконт фінансаў — не пытаньне было. Пасьля мы размаўлялі пра перанос. Зрабіць 551-я ўгодкі. Але наш старшыня местачковага савету й рукі апусьціў”.

Андрэй Пятрэнка ўвесь час размаўляе па-расейску. Апраўдваецца тым, што няма адпаведнага асяродка.

Краязнаўцы сьведчаць, што расейская мова гучыць у мястэчку самае малае ўжо чатыры стагодзьдзі. У свой час стараверы пасяліліся тут некалькімі вёскамі. Мясцовую гаворку яны не прызнавалі ніколі. А іхныя нашчадкі старавераў прынцыпова не размаўляюць па-беларуску.

Кажуць, што ў Халопенічах ёсьць толькі адзін чалавек, які штодня, штогадзіну, штохвіліну карыстаецца беларускай мовай. Матэматык Пятро Елісееў. Колішні дырэктар школы на пачатку 1990-х размаўляў па-расейску. Калі ў ачольванай ім навучальнай установе пачалі выкладаць па-беларуску, ён вырашыў даць прыклад. Гэта тутэйшым настаўнікам даспадобы не прыйшлося. Тым ня менш, спадар Елісееў ад свайго не адмаўляецца й сёньня.

(Елісееў: ) “Праблема з мовай тыповая. Часьцей за ўсё мы размаўляем на трасянцы. Зь нейкай прычыны людзі, як правіла, саромеюцца. І я на сабе гэта адчуваю. Трапіш бывае ў такую сытуацыю, што на цябе будуць глядзець зь цікавасьцю: што да дзівак знайшоўся?”

(Карэспандэнт: ) “Жыхары Халопенічаў сказалі, што вы ледзь не адзіная асоба тут, у мястэчку, якая ўвесь час карыстаецца беларускай мовай”.

(Елісееў: ) “Не, я на адзінасьць не прэтэндую. Жонка, сын і цешча размаўляюць па-расейску. Прызвычаіліся да мяне ўжо”.

(Карэспандэнт) “Ну, а першы час, якая рэакцыя была?”

(Елісееў: ) “Што сказалі? Жадаем посьпехаў. Паглядзім, на колькі цябе хопіць”.

Вада, дзіцячы дом, “халопеніцкія грошы” і скрадзенае сьвята становяцца нагодай, каб завітаць да старшыні пасялковага савету Яўгена Бурдэвіча. Адказваючы на пытаньні, вэртыкальнік усе цяжкасьці тлумачыць тым, што фінансаў на нармалёвае жыцьцё мястэчку хранічна не хапае.

(Бурдэвіч: ) “Калі б мы маглі зрабіць болей, вядома, вышэйшы бы быў і аўтарытэт. Да ўлады, вядома ідуць людзі. Што ў нас добрага? Пабудавалі добры шпіталь. Крыху жытло “пасунулі зь месца”: пабудавалі адзін каапэратыў на 30 кватэраў, а пасьля другі на 12 кватэраў”.

(Карэспандэнт: ) “Пачынаецца новая выбарчая кампанія. Будуць выбары ў мясцовыя саветы. Ця вядомыя ўжо людзі, якія захочуць стаць кандыдатамі?”

(Бурдэвіч: ) “Я ня думаю, што наўпрост бачна, хто хоча стаць дэпутатам. Заўсёды выбары праходзілі нармалёва. Насельніцтва, асабліва вясковае, яно больш ляяльнае і не спрабуе гуляць у паітыку. Калі трэба правесьці выбары, прыйшлі і выбралі”.

Быў у Халопенічах адзін спадар, які сімпатызаваў апазыцыйным дэмакратычным партыям. Падчас леташніх выбараў прэзыдэнта яго папрасілі распаўсюдзіць улёткі ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка. Як толькі агітацыйныя матэрыялы перакрочылі парог хаты, яны сталі здабычай абачлівай жонкі. Пасьля спадарыня яшчэ доўга распальвала імі печ.

Апазыцыі ў Халопенічах няма. Затое яна ёсьць у раённым цэнтры — Крупках. І ачольвае яе Андрэй Аляхновіч, халопенец паводле нараджэньня.

(Аляхновіч: ) “Вобразна кажучы, гэта балота ў палітычным сэнсе. Ніякіх грамадзкіх арганізацыяў, тым больш прадстаўнікоў палітычных партыяў не існуе”.

(Карэспандэнт: ) “Выбары ў мясцовыя саветы — што яны могуць прынесьці Халопенічам?”

(Аляхновіч: ) “Нічога яны не прынясуць, бо будуць праведзеныя паводле нотаў дзейнай улады: каго трэба, таго й выберуць. Да 1962 году мястэчка было цэнтрам раёну. Існуе такая показка: “вольнае месца Халопенічы”. Халопенцы і сёньня з настальгіяй узгадваюць тыя часы. Гэтую трагедыю яны не пераварылі, не перажылі. І мне падаецца, што цяперашняя палітычная і грамадзкая сытуацыя ў мястэчку вынікае адсюль”.

Дагэтуль тут можна пачуць стары выраз “вольнае месца Халопенічы”. Цяпер тутэйшыя жыхары з сумам зазначаюць, што ад гэтай свабоды засталіся толькі ўспаміны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG