Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"РЭСПУБЛІКА-ПАРТЫЗАНКА"


Сяргей Дубавец, Вільня

Перадача пра Васіля Казлова? – зьдзівіўся калега, калі я сказаў яму пра абраную для "Вострай Брамы" тэму. – Каму гэта сёньня цікава? Яшчэ адзін пэрсанаж з доўгага шэрагу "членаў палітбюро". Дарма што сёньня яму спаўняецца 100 гадоў. Гэта наша з удзячнасьцю забытая гісторыя.

Сапраўды, нецікава было б пераказваць тоўстыя кніжкі пра гісторыю КПБ, яе ролю ў перамозе над фашызмам ды аднаўленьні паваеннай гаспадаркі. Але зазіраць у тыя кніжкі бывае карысна. Хоць бы для таго, каб лішні раз пераканацца, што гісторыя тая зусім не забытая і рэхам адбіваецца на нашай з вамі штодзённасьці. А яшчэ для таго, каб пабачыць у той гісторыі вялікае мноства белых плямаў, блытаных эпізодаў і адкрытай хлусьні. Міжволі пачынаеш разумець, што гэта – зусім невядомая гісторыя.

З імем Васіля Казлова – партызанскага камандзіра і паваеннага кіраўніка БССР – сходу асацыююцца тры рэчы. Натуральна – вуліца ў цэнтры сталіцы, што носіць ягонае імя. Гістарычна яна Даўгабродзкая, пасьля была перайменаваная ў Казлова, а ў пасьлясавецкі час яе падзялілі на дзьве – гэта значыць, частка засталася Казлова, а частцы вярнулі яе спрадвечнае імя, ад чаго менскія дасьціпнікі сталі называць яе "казлабродзкай".

Другая рэч – гэта брэнд "рэспублікі-партызанкі", за якім першай асобаю стаіць той самы Васіль Казлоў. Менавіта ён застаўся ў памяці старэйшага пакаленьня беларусаў як галоўны пасьляваенны партызан і апякун вэтэранаў ляснога змаганьня.

Нарэшце, трэцяе, што прыходзіць у галаву, гэта рэабілітацыя менскага камуністычнага падпольля, якой пісьменьнік Іван Новікаў прысьвяціў жыцьцё і творчасьць. Для Новікава гэта была няпростая барацьба, бо на шляху стаяў ні хто іншы, а сам Васіль Казлоў, аўтар афіцыйнай вэрсіі пра тое, што менскае падпольле было створанае фашыстамі – з правакацыйнымі мэтамі.

Урэшце Новікаў перамог Казлова і сярод назваў менскіх вуліц зьявіліся імёны Ісая Казінца і ягоных таварышаў. Але гісторыя як была цёмная, так, бадай, яшчэ цямнейшая стала. Мы маем вэрсіі. Вэрсію Казлова пра тое, што падпольле стварылі немцы. Вэрсію Новікава пра тое, што Казлоў, якога Масква прызначыла кіраваць менскім падпольлем у 1943-м, імкнуўся дыскрэдытаваць ранейшых падпольшчыкаў, бо яны зьявіліся стыхійна, без указаньня з Масквы і таму былі ў ягоных вачах самазванцамі, а значыць, і правакатарамі. Ёсьць яшчэ вэрсія пра тое, што апякун партызанаў Казлоў менавіта іх рабіў галоўнымі героямі вайны і таму імкнуўся не размываць гэты вобраз іншымі героямі – гарадзкімі падпольшчыкамі. Нарэшце, усё канчаткова заблытваецца, калі глядзець на савецкіх падпольшчыкаў не адназначна, а ва ўсёй складанасьці дачыненьняў з нацыянальным падпольлем і акупацыйнай адміністрацыяй. Чым далей ад нас тыя падзеі, тым больш неадназначнымі выглядаюць іх пэрсанажы, бо тым менш ахвотна мы верым на слова і прымаем нейкую адну праўду. Таму яшчэ не адна сэнсацыя тоіцца ў гэтай гісторыі. А гэта значыць, што Васілю Казлову забыцьцё не пагражае.

Сёньняшняя ацэнка таго партызанскага руху, адным з увасабленьняў якога і быў Васіль Казлоў, – зусім ня тая, якую ён сам даваў у сваіх успамінах. Дакладней, сёньня такіх ацэнак шмат і яны розныя. Вось, да прыкладу, што кажа пра партызанаў пісьменьнік Валянцін Тарас, які сам пачынаў сваё сталае жыцьцё ў партызанскім атрадзе:

(Тарас: ) "Ня трэба думаць, што яны нічога не рабілі, не змагаліся. Яны змагаліся. Былі падрывы эшалонаў, былі засады, былі налёты на гарнізоны. Карацей кажучы, была партызанская вайна. Ня трэба гэтага адмаўляць".

(Дубавец: ) Гісторык Уладзімер Ісаенка не адмаўляе. Але, разам з тым, сумняваецца ў эфэктыўнасьці рэйкавай вайны.

(Ісаенка: ) "Так як галоўныя магістралі ахоўваліся добра, то яны ўзрывалі рэйкі там, дзе яны ахоўваліся дрэнна. У тупіковых лініях, на запасных пуцях... Урэшце атрымалася так, што на галоўныя магістралі трэба было рэйкі везьці з Уралу. А гэта ўсё запавольвала хуткае наступленьне савецкіх войскаў. Так што, "рэйкавая вайна" – гэта вайна пад сумненьнем. Гэта такая ж, мабыць, рэч, як указаньне таварыша Сталіна, геніяльнае, у 41-м годзе спальваць лясы. Калі б выканалі гэтае ўказаньне, дык дзе ж потым хаваліся б партызаны? Гэта немцы спальвалі часам лясы абапал чыгуначных ліній. А калі ня спальвалі іншы раз, дык мініравалі. Каб зрабіць немагчымым падыход партызанскіх груп да лініі чыгункі".

(Тарас: ) "Я прытрымліваюся той думкі, што партызанская барацьба ў Беларусі ў многім мела характар грамадзянскай вайны. Было вельмі часта – адзін брат у партызанах, другі – у паліцыі. Іншая справа, нядаўна я ў "Народнай волі" прачытаў нейкага Аляксея Кулака, які распавядае пра становішча на Валожыншчыне ў час вайны, у час партызанкі. Партызаны ў яго атрымліваюцца толькі рабаўнікі, толькі бандзюгі нейкія, якія ўсё забіралі ў людзей. Забіралі, вядома, таму што партызаны – не рэгулярная армія, іх ніхто ў цэнтралізаваным парадку не забясьпечваў. Усё, што трэба было, трэба было ўзяць у дзядзькі, у вёскі. І карміцца за кошт вёскі. Вёска, вядома, гэтага не хацела, і ў вачах звычайнага селяніна ўзброены чалавек, які прыйшоў ноччу і забраў карову, ён бандзюга. Але трэба разумець той час, тыя абставіны, і разумець гэтага чалавека. Ён змагаўся, і яму трэба было есьці".

(Ісаенка: ) "Канечне, трэба было, каб партызаны ўсё ведалі, каб яны атрымоўвалі газэты "Правда", "Известия", загады глядзелі, і пра свае подзьвігі іншы раз чыталі. Але чаму партызаны не атрымалі дзяржаўныя кніжкі квітанцыяў? І калі ў якой жанчыны ўзялі карову, чаму не выдавалі квітанцыю. "Вось вам, Марыя Іванаўна, квітанцыя. Пасьля перамогі дзяржава выплаціць вам за вашу карову". Чаму, калі рэквізавалі ў каго валёнкі ці боты для партызана разутага-распранутага, які, можа, у лапцях ходзіць, чаму гаспадар не атрымліваў адпаведны квіток? Інакш пад гэтую марку можна было рабіць усё, што хочаш. І рабілі ўсё, што хочаш. Карацей кажучы, з аднаго боку мясцовае насельніцва павінна было карміць партызан, сярод якіх былі сыны, бацькі і дзяды. А з другога боку, яно не павінна было карміць якіхсьці там прышлых акружэнцаў, якія трапілі ў лес і блукалі там".

(Тарас: ) "Мы былі беларускімі партызанамі. Савецкімі? Так. Так наканавала гісторыя. Што мы змагаліся з фашызмам пад чырвоным сьцягам. На баку Сталіна. Але на той гістарычны момант у нас не было іншага выбару. Былі сярод нас страшыдлы, былі каты. Падмурак майго савецкага выхаваньня пачаў разбурацца менавіта ў партызанах. Калі я ўбачыў што такое асобыя аддзелы, што за імі стаіць. Калі я ўбачыў бяссудныя расстрэлы. Але ня трэба зьмешваць у адну кучу тое страшнае, што было, і тое, што кіравала людзьмі. Урэшце наша перамога ў той вайне мела прынцыповае значэньне для будучыні нашай Бацькаўшчыны, хоць яна была здабыта пад чырвонымі сьцягамі. Таму, што ў гісторыі далёкі прыцэл. Калі б тады не ўдалося гэтага зьвера, германскі фашызм зьнішчыць, то я ня ведаю, ці маглі б мы сёньня жыць у нейкай Беларусі і марыць пра тую Беларусь, якую мы хочам, якой мы прагнем, за якую мы змагаемся".

(Дубавец: ) Валянцін Тарас з вышыні свайго жыцьцёвага досьведу пазірае ў даліну гісторыі і робіць сваю ўласную пераацэнку таго, што адбылося. Два бясспрэчныя інструмэнты – многія веды і свабодны ад якіх-кольвек шораў погляд – робяць ягоныя высновы абсалютна каштоўнымі.

(Тарас: ) "Ну наконт таго, што Беларусь была "рэспублікай-партызанкай". Тут, канечне, ёсьць пэўнае перавелічэньне. Партызанскі рух быў даволі шырокім, але самым шырокім ён зрабіўся напрыканцы 43-га – напачатку 44-га году. Калі паступіў загад Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў Маскве. Мабілізаваць усю моладзь. Хочуць яны ці не. І вялікімі гуртамі гналі гэтую моладзь у лес. І я глыбока перакананы, на падставе свайго досьведу, што вось адсюль узяліся гэтыя паўмільёны. Напрыканцы 43-га, напачатку 44-га году. Іх, канечне, да гэтага часу не было столькі. Былі атрады невялічкія, дывэрсійныя групы. Таму, калі кажуць, што гэта была "рэспубліка-партызанка", гэта ў пэўным сэнсе перавелічэньне. І на заканчэньне яшчэ раз скажу. Ня трэба хлусіць ні з аднаго боку, ні з другога. Трэба глядзець па меры магчымасьці аб'ектыўна. А савецкую канцэпцыю яшчэ вельмі доўга прыйдзецца зжываць. Яшчэ прыйдзе гісторык, нармальны чалавек без усялякай перадузятасьці, безь ніякай сымпатыі ні да правых, ні да левых. І прачытае таго ж Казлова, і прачытае кніжку Адамовіча, і прачытае "Вогненную вёску" Брыля, Адамовіча і Калесьніка. І прачытае ўсё тое, што напісана было не партызанамі. Нават Цанаву прачытае, які таксама пісаў пра "народных мсьціўцаў". Усё гэта ён пераварыць і паставіць на тыя паліцы, дзе тая ці іншая зьява і павінна стаяць. З гістарычнага пункту гледжаньня".

(Дубавец: ) Брэнд "рэспубліка-партызанка" прыдумалі першы партыйны сакратар Панамарэнка і кіраўнік тагачаснага КГБ Цанава. Абодва выпусьцілі манаграфіі пра партызанскі рух. Абодва былі ў Беларусі людзьмі прыежджымі і адначасова пачуваліся поўнымі гаспадарамі. І вось гэтыя два абароцістыя гаспадары – казак і грузін – склалі легенду пра "рэспубліку-партызанку" з зусім практычнай у сваім гаспадараньні мэтай. Беларусь сапраўды ляжала ў руінах і трэба было пад нешта выбіваць у Маскве аграмадныя фонды на аднаўленьне. Папросту кажучы, калі армянін мог у высокім кабінэце дастаць бутэльку каньяку, а літовец – жоўтыя галовы сыру, дык беларусу выцягнуць не было чаго. Па-першае, сапраўды нічога не было, па-другое, такога матыву, каб нешта выцягваць, не было ў натуры. Таму пасьля літоўца і грузіна ў кабінэт заходзіў герой-партызан з самай гераічнай і самай пацярпелай за акупацыяй рэспублікі.

Што праўда, прыдуманы Панамарэнкам і Цанавам брэнд несьці па жыцьці выпала ўжо ня ім.

Кожны кіраўнік краіны ёсьць яе партрэтам у тую эпоху, калі кіруе. Таму і вывучаюць розныя эпохі па імёнах цароў ды каралёў. У Беларусі пасьля ліквідацыі нацыянал-камуністаў яшчэ ў даваенным курапацкім лесе на самай першай у краіне пасадзе зьмянялі адзін аднога выключна расейцы. Прычым такія, што ні да прызначэньня пасаду, ні пасьля сыходу зь яе абсалютна ніякага дачыненьня да Беларусі і яе народу ня мелі. Самы прыкметны зь іх – краснадарац Панцеляймон Панамарэнка. Ён кіраваў Беларусяй з 38 да 47 году. Гэта значыць, што Курапаты, далучэньне Заходняй Беларусі, калектывізацыя, вайна зь яе акупацыяй і партызанкай, а таксама першае пасьляваеннае аднаўленьне – усе самыя буйныя катаклізмы і тэктанічныя зрухі ХХ ст. на нашай зямлі – праходзілі пад ягоным мудрым кіраўніцтвам. У 47-м на тры гады бээсэсэраўскі пасад займае нехта Мікалай Гусараў – ужо астраханскі казак, які партыйную кар'еру распачаў ва Ўрупінску. У Беларусі быў аднойчы, праездам – на гэтыя самыя тры гады. Наступны – Мікалай Патолічаў. Родам з "залатога кальца" Расеі. Ён кіраваў да 56-га. Гэта значыць, перажыў усе пэрыпэтыі, зьвязаныя са сьмерцю Сталіна, так званай берыеўскай беларусізацыяй і разьвянчаньнем культу асобы. Акурат пасьля гэтага разьвянчаньня, у 56-м, адбываецца пералом. Праходзяць нашы – партызаны.

Як тое было, што гэта было і што з гэтага ўсяго ўрэшце выйшла, дасьледаваў Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) "Тыя, хто стаяў на трыбуне, прымаючы трыццацітысячны партызанскі парад сярод руінаў сталіцы, наўрад ці ўяўлялі сабе, чым стане Менск яшчэ пры іхнай уладзе. Скопішча закурэлых развалінаў, што пужала сваім выглядам мінакоў, літаральна на вачах ператваралася ў адзін з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы.

Па інэрцыі мы й сёньня называем стыль тае эпохі "сталінскім", але гэта старая памылка. Па-першае, Сталін памёр у 1953 годзе, а ансамблі плошчаў Перамогі, Камароўскай і Прывакзальнай узводзілся пазьней. А па-другое, стыль тае паваеннае пары ў дойлідзтве й дызайне вельмі падобны быў ва ўсіх краінах-трыюмфатарах: Амэрыцы, Францыі й Ангельшчыне, дзе яго пазначаюць тэрмінам "ар-дэко".

А вось якім тэрмінам назваць тагачаснае кіраўніцтва Беларусі – ад разьвянчаньня культу асобы да пачатку шасьцідзясятых? Найлепей надаецца азначэньне: эпоха палешукоў або гомельцаў.

Амаль адразу пасьля вайны галоўныя пасады ў кіраўніцтве БССР занялі выхадцы з Гомельшчыны. Вярхоўны Савет ачоліў Васіль Казлоў. Савет міністраў – Аляксей Кляшчоў. Камсамол – Кірыла Мазураў, а за ім і Аляксандар Аксёнаў. Старэйшаму з гэтае пляяды, Казлову, напрыканцы вайны было сорак гадоў, малодшаму, Аксёнаву – 20. Іхныя густы, маладых людзей без фундамэнтальнай адукацыі, якую замяніў досьвед вайны на акупаванай тэрыторыі, на доўгія гады сфармавалі духоўны й ідэалягічны клімат у Беларусі. Ад іх пайшоў традыцыйны вобраз беларускага кіраўніка як маладжавага зуха, што так рэзка кантраставаў на тле маскоўскага чынавенства.

Мне згадваецца такая гісторыя – як ілюстрацыя тагачаснага ладу. Адзін з колішніх партызанскіх атаманаў, Паўлоўскі, пабраўшыся чарговы раз шлюбам, вырашыў зрабіць сабе й новае жытло. Самапасам засяліўся ў камфортную кватэру на праспэкце, побач з Батанічным садам. Калі таварышы прыйшлі яго ўшчуваць за незаконнае ўсяленьне, той гаркнуў: "Страляць буду!" Што рабіць? Зьвязаліся з Васілём Казловым. А той сказаў, каб партызанскага правадыра не чапалі. Гэтак ці прыкладна гэтак вырашалася тады большасьць справаў. У такім стылі. Бязь лішняе бюракратыі.

Ужо ў 1949 годзе Менск аднавіў даваенныя тэмпы вытворчасьці. Калі на 44-ты год, паводле розных падлікаў, у сталіцы жыло максымум 50 тысячаў чалавек, дык празь дзесяць гадоў менчукоў было ўжо ў дзесяць разоў болей.

Мала хто зважае цяпер, але за паваеннае дзесяцігодзьдзе плошча лясоў у Беларусі перавысіла даваенную больш чым на паўмільёны гектараў і склала блізу 35% нацыянальнае тэрыторыі. Гэты фэномэн цяжка вытлумачыць, ня ведаючы паходжаньня й біяграфіяў кіраўніцтва. Гледзячы ў вокны цягніка на сінія лясы на даляглядзе, што ў нас трапляюць на вока паўсюдна, варта згадаць, калі яны паўсталі.

На тым паваенным пакаленьні кіраўнікоў-палешукоў не было правіны за расстрэлы й дэпартацыі. І яны, бадай, адчувалі гэта, параўноўваючы сябе з таварышамі зь іншых рэспублік. Брак адукацыі спрыяў іхным сумневам. Ад канца саракавых да сярэдзіны шасьцідзясятых культура й навука былі дзяржаўнымі прыярытэтамі. А самі дзяржаўцы імкнуліся ня ўмешвацца ў тое, чаго ня ведалі. Вось адкуль іхнае ашчаднае і ўважлівае стаўленьне да дзеячоў культуры, навукі й нават рэлігіі. Варта згадаць і тое, што большасьць найлепшых помнікаў дойлідзтва была зьнішчаная альбо да вайны, альбо значна пазьней, у 60-я й 70-я гады.

Больш за тое, беларусы, сакратар КПБ Мазураў і сакратар ЦК КПСС Зімянін пасьля сьмерці Сталіна агітавалі за беларусізацыю, за тое, каб кіраўніцтва "гаварыла на роднай мове народу". Які з таго быў плён – іншая гаворка. Але тое, што ў 1957 годзе ў "ЛіМе" зьявіўся артыкул Барыса Сачанкі "Шанаваць родную мову", у якім аўтар заклікаў перавесьці ўсё школьніцтва на беларускую мову – факт яскравы.

Дзеячы культуры адказвалі кіраўнікам узаемнасьцю. Партрэты Васіля Казлова пісаліся мастакамі ўжо ад 1943 году. Жывапісцы Мадораў, Волкаў, Зайцаў, а пасьля й скульптары Глебаў і Азгур пакінулі мастацкія выявы гэтага чалавека.

Езьдзячы па іншых тэрыторыях шостае часткі сьвету, я паўсюдна чуў дыфірамбы ў гонар Беларусі. Шафёр узбэк расхвальваў беларускія дарогі, архітэктар азэрбайджанец – горадабудаўніцтва нашых гарадоў, міліцыянт чуваш – узорны праваахоўны парадак у БССР. І гэта было праўдаю. Маладое паваеннае кіраўніцтва на чале з гомельцамі на доўгія гады сфармавала вобраз Беларусі як заўсёды маладое краіны.

У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя гомельскае зямляцтва пакрысе сыйшло з гістарычнае арэны. Разам зь ім сыйшлі "цёмныя" часы паміж сталінізмам і брэжнеўшчынай, сыйшла рэлігійная й нацыянальная лібэралізацыя, сыйшлі ў нябыт вялізарныя праекты пераўтварэньня гарадоў, паўставаньня навукі й мастацтваў. Наступную эпоху гісторык Захар Шыбека ахарактарызаваў як "нэасталінізм". Яна прынесла з сабою разбурэньне традыцыйных каштоўнасьцяў, масавую русіфікацыю, антысэмітызм, а ўрэшце паставіла Беларусь на мяжу экалягічнае катастрофы.
Фатальным чынам прапалі й родныя вёскі тых паваенных правадыроў на гомельскім Палесьсі. Адно толькі белы пясок мяце вецер па колішніх котлішчах".

(Дубавец: ) Сапраўды, родныя вёскі тых гомельцаў, пра якія казаў Сяргей Харэўскі, і ў якіх па ідэі маглі б быць нейкія памятныя знакі, зьніклі. Цалкам можа быць, што такой была воля наступных кіраўнікоў, якія падзялілі вёскі на пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя, або ў выніку Чарнобыльскае катастрофы, або – як у выпадку спаленага немцамі котлішча Васіля Казлова, так і не аднавіліся. Сам Казлоў памёр у 1967-м. Гомельскіх партызанаў у кіраўніцтве рэспублікі зьмянілі віцебскія, пачалася вялікая хімія і доўгі грамадзкі застой пад ужо добра раскручаным брэндам "рэспублікі-партызанкі". "Абаяльны" Машэраў затуліў сабою ўсіх ранейшых кіраўнікоў, і цяпер для большасьці беларускае моладзі гісторыя пачынаецца зь яго – гэтаксама як Менск пачынаецца зь ягонага праспэкту.

Беларусы даўно ўжо зь недаверам ставяцца да свае партызанскае натуры, дый толку ад старога брэнду няшмат. Хіба што ў мастацтве, калі выходзіць у сьвет мадэрновы часопіс з такой назваю – "Партызан" – і міжволі нагадвае адно толькі назвай сваёй – і пра Васіля Казлова, і пра ягоную барацьбу з Іванам Новікавым, і пра тых пасьляваенных гомельцаў-палешукоў.
XS
SM
MD
LG