Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БРУСЭЛІ АДБЫВАЕЦЦА САМІТ ЭЎРАЗЬВЯЗУ, НА ЯКІМ БУДЗЕ ЗРОБЛЕНАЯ СПРОБА ВЫПРАЦАВАЦЬ АГУЛЬНУЮ ПАЗЫЦЫЮ ПА ІРАКУ


Юры Дракахруст, Прага

У мінулыя выходныя па ўсім сьвеце пракацілася хваля масавых выступаў супраць магчымай ваеннай апэрацыі ў Іраку. Паводле розных ацэнак, у іх узялі ўдзел ад 4 да 10 мільёнаў чалавек. Найбольш масавыя маніфэстацыі адбыліся ў заходніх краінах, якія падтрымліваюць амэрыканскія пляны ваеннага вырашэньня ірацкай праблемы: у Італіі дэманстравалі каля трох мільёнаў чалавек, у Велікабрытаніі – каля мільёну.

Такога размаху антываенных маніфэстацыяў сьвет ня бачыў з часоў віетнамскай вайны. Тагачасныя дэманстрацыі і настрой грамадзкай думкі сапраўды падштурхнулі Вашынгтон да сыходу з Паўдзённага Віетнаму. Аднак у 80-х гадох масавыя прэтэсты не пахіснулі пляны заходніх урадаў разьмесьціць у Эўропе ядзерныя ракеты сярэдняй дальнасьці.

Гэтак і зараз памочнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс заявіла, што пратэсты ня зьменшаць рашучасьць Вашынгтону раззброіць Ірак. Спн. Райс выказалася супраць прапановаў працягнуць працу інспэктараў:

(Райс: ) “Кожны раз, калі вы заклікаеце пачакаць замест таго, каб заклікаць Ірак неадкладна раззброіцца, вы гуляеце на руку Садаму Хусэйну”.

Кандаліза Райс сказала, што ЗША будуць дамагацца прыняцьця новай рэзалюцыі па Іраку ў Радзе Бясьпекі ААН.

Учора пасьля амаль тыднёвых дэбатаў НАТО нарэшце здолела прыняць супольнае рашэньне наконт дапамогі Турцыі ў выпадку агрэсіі з боку Іраку. Дакладней, рашэньне прыняў камітэт абарончага плянаваньня, у склад якога яшчэ з часоў дэ Голя не ўваходзіць Францыя, адзін з галоўных апанэнтаў ваеннай апэрацыі ў Іраку.

Пасьля паседжаньня камітэту генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан заявіў:

(Робэртсан: ) “Я магу пацьвердзіць, што 18 сябраў НАТО, сябраў аб’яднанай ваеннай структуры, пагадзіліся даручыць штабам распачаць іх працу. Саюзная салідарнасьць пераважыла. Сябры НАТО пацьвердзілі сваю салідарнасьць адносна Турцыі ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы”.

Сёньня на саміце ў Брусэлі каардынатар Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай і абарончай палітыкі Гаўер Саляна выказаў спадзяваньне, што кіраўнікі краінаў Зьвязу разумеюць неабходнасьць ваеннай апэрацыі супраць Багдаду, які адмаўляецца раззбройвацца. Напярэдадні прэзыдэнт Францыі Жак Шырак у інтэрвію амэрыканскаму часопісу “Time” сказаў, што калі раззброіць Ірак мірна не атрымаецца, то да яго можа быць ужытая сіла. Але Шырак мяркуе, што зараз інспэктарам ААН трэба даць дадатковы час і рэсурсы для працягу дасьледаваньняў.

Іншае меркаваньне выказаў сёньня на саміце ў Брусэлі міністар замежных справаў Велікабрытаніі Джэк Стро. Ён пыгадаў дэбаты ў Радзе Бясьпекі ААН, што адбыліся ў мінулую пятніцу паводле справаздачы кіраўніка групы інспэктараў у Іраку Ганса Блікса. Сп. Стро адзначыў, што інспэктары канстатавалі адсутнасьць супрацоўніцтва з боку Іраку, і ніводзін сябра Рады Бясьпекі не запярэчыў гэтаму. Далей міністар замежных справаў Велікабрытаніі заявіў:

(Стро: ) “Рэзалюцыя 1441 па сутнасьці прадугледжвае, што актыўная дыпляматыя мусіць быць падтрыманая пагрозай сілы, і калі будзе неабходна, гэтую сілу, магчыма, давядзецца ўжыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG